«Калега прасіла піць з майго кубка. Яна дагэтуль злуе, што не нарадзіла». Якія прыкметы раздражняюць цяжарных
Спыталі ў беларусак, якія прыкметы перашкаджалі спакойна жыць падчас цяжарнасці.
15.10.2023 / 15:51
«Не можа быць, каб хлопчык. Ты вельмі змянілася, а прыгажосць «крадуць» дзяўчынкі!»
Ірына:
— На мой погляд, самая жудасная прыкмета — гэта пра тое, быццам бы дзяўчынка «крадзе» прыгажосць у мамы. Я не ведаю, як увогуле можна было прыдумаць казаць цяжарнай, што яна дрэнна выглядае. Гэта ж максімальна жудасна гучыць!
Канешне, розныя бываюць сітуацыі. Падчас цяжарнасці ў мяне былі вялікія праблемы са сном, я вельмі часта пакутавала ад бяссонніцы. А яшчэ былі мігрэні, асабліва ў першым трыместры і пачатку другога. А ў трэцім трыместры спіна балела і хадзіць было цяжка, бо дзіця ўжо вялікае. Канешне, на фоне ўсяго гэтага ты сапраўды звычайна выглядаеш не як актрыса з фільма пра шчаслівае мацярынства.
Я з першага УГД ведала, што чакаю хлопчыка. Але ж колькі раз я паспела пачуць: «Не можа быць, каб хлопчык. Ты вельмі змянілася, а прыгажосць «крадуць» дзяўчынкі!» І вось уявіце, наколькі непрыемна гэта чуць.
«Толькі я на пяць хвілін адыходзіла, калега садзілася на маё крэсла»
Юлія:
— Калі на працы стала вядома, што я праз некалькі месяцаў пайду ў дэкрэтны адпачынак, адна мая калега літаральна звар'яцела. Яна верыла ў прыкмету, што трэба пасядзець на месцы цяжарнай ці выкарыстаць нейкую яе рэч, каб таксама зацяжарыць.
І вось толькі я на пяць хвілін куды-небудзь адыходзіла, яна садзілася на маё крэсла. Спачатку гэта выглядала міла, але калі ж гэта адбываецца па некалькі разоў штодзень, то пачынае раздражняць. Потым яна папрасіла дазволу піць з майго кубка. Тут я ўжо моцна раззлавалася.
Ужо прайшло некалькі гадоў пасля таго, як я нарадзіла дзіця. І калега ўсё яшчэ злуецца на тое, што яна не цяжарная. Быццам бы гэта з-за мяне прыкмета не спрацавала. А я ўжо не ведаю, як растлумачыць чалавеку, які нават на спатканні адмаўляецца хадзіць, што ў такім выпадку ніякае крэсла ці кубак не дапаможа.
Фота: Getty Images
А ў маёй сяброўкі падчас цяжарнасці была іншая сітуацыя. Яна прыйшла ў краму без акуляраў і папрасіла нейкую дзяўчыну паглядзець тэрмін прыдатнасці на бутэльцы малака. Дзяўчына спужалася і адмовілася браць бутэльку ў яе з рук: «Ой, а можна я пагляджу на якой-небудзь бутэльцы з паліцы? А то вы цяжарная, а я пакуль не планую».
«Муж паверыў, што быццам бы, калі цяжарная жанчына шые, у яе будуць цяжкія роды, а калі вяжа — дзіця заблытаецца ў пупавіне»
Карына:
— Я планавала ў дэкрэтным адпачынку зноў пачаць вышываць крыжыкам — мне вельмі падабалася гэтым займацца ў школе, але ў дарослыя гады часу на хобі не заставалася. Плюс я яшчэ планавала навучыцца вязаць і пачаць вязаць што-небудзь для дачкі.
Але муж быў катэгарычна супраць: маці сказала яму, што рукадзеллем падчас цяжарнасці займацца нельга. Быццам бы калі цяжарная жанчына шые — у яе будуць цяжкія роды, а калі вяжа − дзіця заблытаецца ў пупавіне.
Гэта глупства, але мой разумны ва ўсім астатнім муж чамусьці ў гэта паверыў. І для яго гэта было настолькі важна, што я сапраўды адмовілася ад гэтай ідэі. Але было вельмі крыўдна.
«Мужу нехта паведаміў больш сучасны варыянт прыкметы пра пазногці: быццам нельга іх фарбаваць, калі чакаеш хлопчыка, а то сын геем вырасце»
Аліна:
— Падчас маёй першай цяжарнасці нехта сказаў майму мужу, што цяжарнай нельга стрыгчы валасы і пазногці — як быццам жанчына нажніцамі кароціць жыццё будучаму дзіцяці. Тады я таксама баялася за ўсё і пагадзілася.
І калі без стрыжкі валасоў у прынцыпе можна пражыць, то з пазногцямі ўсё складаней. Смешна ўспамінаць, але я тады месяцамі грызла пазногці.
Ужо ў другую цяжарнасць сяброўкі падказалі, як можна «падмануць сістэму» — схадзіць на манікюр да спецыялісткі. І здаецца, можна было б жыць спакойна, але не атрымалася. Мужу нехта паведаміў больш сучасны варыянт прыкметы пра пазногці: быццам нельга іх фарбаваць, калі чакаеш хлопчыка, а то сын геем вырасце. Жудаснае трызненне. Але муж так у гэта паверыў, што ўчыніў скандал пасля першага манікюру з пакрыццём. Таму потым я рабіла манікюр без лаку.
Чытайце таксама:
«Ад нечаканасці я ўдарыла яе па руках». Маладыя маці пра заўвагі, якія іх раздражняюць
«А божачка, калі ў школу пойдзе, колькі нам будзе? 50!» Як не разгубіцца, стаўшы познімі бацькамі