Грамадства77

«А божачка, калі ў школу пойдзе, колькі нам будзе? 50!» Як не разгубіцца, стаўшы познімі бацькамі

Суразмоўніцы «Нашай Нівы» нарадзілі пасля 35. Што яны перажываюць, гадуючы «позніх дзяцей»? «Калі б не нарадзілі, то развяліся б», — кажа адна з жанчын.

Ілюстрацыйнае фота

«У радзільні паказвалі студэнтам»

40-гадовую Святлану з невялікага беларускага райцэнтра лічылі бясплоднай. Яна з мужам звярталася да медыкаў, але тыя не знаходзілі ў здароўі абаіх адхіленняў.

«Ужо збіраліся браць сірату, а тут зацяжарала. У 37 гадоў нарадзіла. Радасць была бязмежнай. Мне было ўсё роўна, ці позняя я маці або не», — расказвае Святлана.

Алена нарадзіла ў 43 гады. Ад першага шлюбу ў яе былі дзеці. У мужа, з якім пазнаёмілася ў сорак, таксама.

«Мы абгаварылі, што ў абаіх ужо ёсць дзеці, дык і хопіць. Так, дамовіліся, але жыццё вырашыла інакш. То і дзякуй богу», — кажа Алена.

Позняя цяжарнасць у суразмоўніцы была цяжэйшай, чым першыя. Кажа, што ўжо не дазваляла сабе бегаць, як у маладзейшыя гады.

Па словах Алены, у радзільні, калі дыктары ўбачылі, колькі ёй гадоў, то выгукнулі, што ў іх «маці-гераіня».

«Вадзілі да мяне студэнтаў. Казалі ім, што можна і ў 43 нармальна нараджаць», — апавядае Алена.

Юлія выйшла замуж у 26 гадоў. З мужам рашылі, што ў іх будзе трое дзяцей. Апошняе, «позняе», нарадзіла ў 35. Страху ў тым не бачыла.

Юлія прызнаецца, што не ўспрымае сябе сталым чалавекам.

«Цяпер такі час, што людзі позна сталеюць, прымяраюць да сябе еўрапейскія стандарты жыцця. Позна аддзяляюцца ад бацькоў», — разважае Юлія.

«Які ў вас унучак»

Святлана таксама лічыць стэрэатыпам устаноўку, што чым раней народзіш, тым лепей. Аднак прызнаецца, што не ўсе ўспрымаюць «позняе бацькоўства» за нармальнасць.

«Многае даводзілася чуць за спінаю, — тлумачыць яна. —

Нехта кпіў, што дзіця з прабіркі, а нехта зласловіў, што ўсынавілі і гэта хаваюць. Але ж усе бачылі, што хадзіла цяжарная. Муж супакойваў. Бывала, што плакала».

Святлана лічыць, што «позняе» дзіця ўмацавала сям’ю.

«Калі б не нарадзілі, то развяліся б», — прызнаецца яна.

Алена з такімі сітуацыямі не сутыкалася. Аднак кажа: з мужам перажылі перыяд разгубленасці.

«Калі даведаліся, што будзе дзіця, то першая думка была: а божачка, калі ў школу пойдзе, колькі нам будзе гадоў. Ой, 50! А там будуць бацькі маладыя, а мы ў гадах. А калі скончыць школу, то нам ужо 60! Але пасядзелі, паразважалі, што ўсё ў нашых руках, што нам за сабою трэба глядзець. Вырашылі: справімся. Ну, будуць у сына сталыя бацькі. Лепш жыццё даць, чым не даць», — расказвае Алена.

Алена не выглядае на свой узрост. У яе хударлявая, зграбная постаць. 

«Аднойчы на гульнявой пляцоўцы нам сказалі, які ў вас унучак добры. А я на тое: не ўнучак, а сын», — згадвае з усмешкай суразмоўніца.

«Бацькам было цяжка прыняць, што позняе дзіця — гэта нармальна»

Юлія разумее, чаму цяперашняе пакаленне нараджае пазней. Жыццёвая мітусня сям’ю і дзяцей адсоўвае на другі план.

«Доўга вучымся. Пасля школы атрымліваем вышэйшую адукацыю. А калі за гэтымі справамі задумваюцца пра сям’ю і дзяцей, то ўжо пад сорак», — адзначае яна.

На імпрэзе, прысвечанай шматдзетным сем'ям, у Гродне. Фота: grodnonews.by

Юлія кажа: калі нарадзілася «позняе» дзіця, то з мужам былі шчаслівыя.

«Адзіныя, хто перажываў за позняе дзіця, дык гэта былі мае бацькі. Ім было цяжка прыняць, што гэта нармальна. З іх боку адчувалася неразуменне», — прызнаецца яна.

Юлія не лічыць сябе позняй мамай.

«Пенсійны ўзрост цяпер ссунуўся. Працягласць жыцця павялічылася. Цяпер людзі працуюць, адпачываюць і адчуваюць сябе маладымі і да 70-ці. І жывуць нармальна. Мы ж жывём і думаем, што ўсё паспеем», — разважае суразмоўніца.

Юлія кажа, што бацькі, у якіх дзеці раннія, ставяцца да яе з павагаю і нават з добрай зайздрасцю.

«Кажуць, якая ты шчаслівая, што ў цябе такое маленькае дзіця. А я нарадзіла ў 18 і як бы хацела, каб і ў мяне было такое ж дзіця ў 30. На тое адказваю: давайце, працуйце над гэтым», — гаворыць Юлія.

«Прыгледзіць на старасці»

У Алены розніца між першым і «познім» сынамі 20 гадоў. Старэйшы ставіцца да малодшага як дзядзька, з аўтарытэтам.

«Малодшы сын ведае, што ён маленькі, што ў яго ёсць брат, які дапаможа. Таксама мама і тата. Можа, таму ён больш рашучы, а дзе і больш сціплы», — заўважае яна.

Алена лічыць, у сталым узросце выхаванне дзіцяці больш прадуманае, бо ёсць досвед.

«Муж лічыць, што малодшаму сыну надаём больш увагі. Сваім першынцам столькі яе не надаваў, бо быў заняты, — адзначае Алена. — У мяне ж засталіся амаль нязменныя падыходы да выхавання».

Святлана не мае мудрагелістых метадаў выхавання.

«Мы стараемся даць яму ўсё, што можам. У яго ёсць тэлефон, камп'ютар, ходзіць на футбол. Паслухмяны. Можа, пестуем яго, але, як іначай, калі ў іншых усё ёсць. Нас ён любіць, шануе. На старасці прыгледзіць», — папросту расказвае пра адносіны з «познім» сынам Святлана.

А што кажа статыстыка

Як сцвярджае Белстат, за 11 гадоў сярэдні ўзрост жанчын, якія нарадзілі першы раз, вырас на два гады. У 2010-м ён быў 24,9 года, а ў 2021-м — 26,9.

За тыя ж 11 гадоў сярэдні ўзрост парадзіх наблізіўся да 30-гадовай адзнакі.

Сярэдні ўзрост парадзіх. Інфаграфіка: belstat.gov.by

Даўнішняе паняцце «старародная» знікае з медычнага лексікону.

Цяпер такі дыягназ ужо не выстаўляецца, бо кожная жанчына мае права рэалізоўваць свой рэпрадукцыйны патэнцыял. Сістэма ж аховы здароўя павінна гэтаму спрыяць.

Лічыцца, што ідэальны рэпрадуктыўны ўзрост — да 35 гадоў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

«Я павінна рабіць гэта бясплатна? Не, адназначна». Сурагатная маці пра жыццё, хэйт і стэрэатыпы

У колькі нараджаць першынца і навошта замарожваць пупавінную кроў — раіць гінеколаг

«Калі б ведала, якім будзе 2020 год, не цяжарала б». Як беларускі нараджалі падчас пандэміі?

Каментары7

  • Казік
    09.07.2023
    Крыху дзіўна, думаў ужо даўна нікога не здзіўляюць дзеці пад 50
  • Ян Севярын Бакей
    09.07.2023
    дваццаць гадоў таму і я чуў на базары- "а што дзед купіць унучачцы?" і аглядаўся вакол разгублена - хто тут дзед і хто унучачка ( хай сабе у калясачцы, але ж мы ў сінім, а не ружовым?...))
    а сёньня мы з сынам, які ужо на паўгалавы вышэй мяне ,як партнёры лятаем на роварах па 100-120-150 км за дзень (ён-та можа і паболей, і 300 км за дзень яму не мяжа, але я ўжо не магу так, гэта праўда)  а што нас страшылі -"ой, будзе даўн", то ў нас на траіх -тры залатыя школьныя медалі, безьліч дыплёмаў раённых і абласных алімпіяд, тры дыплёмы аб вышэйшай адукацыі, два зь іх чырвоныя, і па дробязі яшчэ што-нішто , пералічваць -толькі час адымаць ды зайздросьнікаў цьвяліць...
  • хх
    09.07.2023
    што вы тут зноў хваліцеся) "дзед" і ў 100 гадоў можа татай стаць. а вось жанчына маці - не (натуральным чынам)

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы12

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску пад чырвонымі сцягамі ўсклалі кветкі да помніка Леніну15

У Беларусі за «здраду дзяржаве» асудзілі 88 чалавек6

Уладальніка гродзенскага сайта s13.ru не выпусцілі — судзілі другі раз2

Дзіўнае ДТЗ у Брэсцкай вобласці: загінулі два чалавекі2

Аляксей Протас працягвае ззяць у НХЛ. Закінуў пятую шайбу ў сезоне

Што робіцца на межах Беларусі ў пачатку вялікіх выходных

«Не адчайвайцеся»: Камала Харыс выступіла перад прыхільнікамі5

«Нам по**й. Калі па руках не дадуць за незаконнае затрыманне, можам і бабулю разам з імі закрыць»13

Нечакана распалася кіроўная кааліцыя Германіі. Краіну могуць чакаць датэрміновыя выбары9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы12

Колькі насамрэч цягнуцца працоўныя паездкі Лукашэнкі? Цікавыя лічбы

Галоўнае
Усе навіны →