Бацьку, які забіў трохгадовага сына ў Слуцку, хутчэй за ўсё, расстраляюць

У зале суда Аляксандр Таратута «поўнасцю паказаў сваю ілжывасць, дэфіцыт шчырых эмоцый і іншыя негатыўныя характарыстыкі», — сказала пракурорка. Яна запрасіла яму найвышэйшую меру пакарання — смяротнае пакаранне шляхам расстрэлу.

16.10.2023 / 14:47

Анастасія і Аляксандр Таратуты. Скрыншот відэа «Мінская праўда»

Ягоная жонка Анастасія Таратута прызнаная небяспечнай для грамадства. Ёй дзяржабвінаваўца запрасіла максімальны тэрмін пазбаўлення волі на 25 гадоў у папраўчай калоніі строгага рэжыму, а таксама прызначыць лячэнне ад хранічнага алкагалізму, паведамляе «Мінская праўда».

Разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Аляксандра Анастасіі Таратутаў пачаўся 3 кастрычніка, іх абвінавачвалі ў катаванні і забойстве з асаблівай жорсткасцю трохгадовага сына. Крымінальную справу разглядае Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку.

Сёння судовае пасяджэнне пачалося з хадайніцтва пракурора аб далучэнні да матэрыялаў справы пастановы аб адмове аб завядзенні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, на якіх напісалі скаргі абвінавачаныя. У сваіх заявах яны пісалі, што падчас дасудовага следства на іх нібыта аказваўся ціск і ўжываўся фізічны гвалт, піша «Спутнік».

Медыкі і педагогі распавялі пра траўмы закатаванага бацькамі дзіцяці.

Акрамя гэтага, у судзе адглядалі аператыўныя матэрыялы следства, калі абвінавачаны даваў паказанні на месцы злачынства — у кватэры, дзе адбылося забойства хлопчыка. Абвінавачаны, якога для дачы паказанняў на месцы прывезлі ў кайданках і пад канвоем, паказаў следчым на манекене і распавёў, як біў дзіця тапкам, рукамі, але часцей — нагой.

Як вынікае з відэа, якое адгледзелі ў судзе, абвінавачаны кажа, што маленькі Сямён раздражняў і яго, і ягоную жонку, бо «краў са стала і разбіваў талеркі». Аляксандр паведаміў следчым, што «пачаў біць Сямёна з двух гадоў».

Некаторым сведкам, якія былі ў зале суда, станавілася блага ад убачанага.

Чытайце таксама:

«1000 дзён пекла». Маці забітага трохгадовага хлопчыка дала паказанні ў судзе

У Слуцку пачаўся суд над бацькамі, якіх вінавацяць у забойстве трохгадовага сына

Nashaniva.com