«Галоўнае — інтэлект» і «лепш быць трэцім, чым другім». Хацкевічу — 50: гутарым пра футбол, жыццё і бульбу
Легенда кіеўскага «Дынама» і адзін з найлепшых беларускіх трэнераў Аляксандр Хацкевіч святкуе 50-годдзе. Перад важнай датай «Наша Ніва» сазванілася са знакамітым беларусам — многія яго адказы вас здзівяць. «Пра месца жыхарства і Мілеўскага не пытаемся», — папярэдзіў ён у пачатку.
19.10.2023 / 09:04
Фота: AP Photo / Efrem Lukatsky
Мы гутарым з Хацкевічам на яго шляху з Прагі, дзе Аляксандр удзельнічаў у дабрачынным матчы. Кампанію яму склаў былы гендырэктар ФК БАТЭ Міхаіл Залеўскі, а таксама зорныя ўкраінскія футбалісты Андрэй Варонін і Сяргей Раброў, чэшскія гульцы Ян Колер, Уладзімір Шміцэр, Карэл Побарскі і Томаш Ржэпка. Усё гэта — каб дапамагчы збору для ўкраінскіх вайскоўцаў.
— Усе стаміліся ад вайны, — расказвае Аляксандр. — Я сам цяпер у паездцы па Еўропе, сустракаюся з дзецьмі-перасяленцамі, з іх бацькамі і людзьмі, якія ім дапамагаюць. Вельмі шмат стомы, не толькі фізічнай. Вам не перадаць адчування, калі ты бачыш гэтыя вочы, калі ты бачыш гэтых дзяцей, бацькоў. Нехта пацярпеў фізічна ад гэтага ўсяго. Але ў народа Украіны ёсць мэта — абараніць і вызваліць сваю зямлю.
Пакуль у мяне ёсць такая місія і я магу недзе чымсьці дапамагчы, я гэта з задавальненнем раблю. Матэрыяльнае — гэта самае простае: узяў і пералічыў грошы на рахунак пэўнага фонду ці арганізацыі. Калі ёсць галава, дзве рукі і дзве нагі, грошы зарабіць можна, і нічога з табой не здарыцца, калі ты дапаможаш. А часам добрае слова дапамагае больш, чым грошы.
Таму калі ў мяне з’яўляецца магчымасць і мяне запрашаюць на такія мерапрыемствы, заўсёды кідаю ўсё і еду ў іншую краіну ці іншы горад, калі трэба — лячу.
Аляксандр Хацкевіч і Міхаіл Залеўскі на аўкцыёне пасля матча ў Празе. У руках — майка Андрэя Шаўчэнкі з аўтографамі Пеле, Ігара Бяланава, Алега Блахіна. Фота: freesportunity / Instagram
«Наша Ніва»: Як адчуваеце сябе перад 50-годдзем?
АХ: Гэта ўсяго толькі лічба. Адзін чалавек скажа: блін, ужо пяцьдзясят! А для кагосьці гэта «ўсяго толькі пяцьдзясят». Час не спыніць, і трэба жыць сёння: любіць бацькоў, якія падарылі табе жыццё, кахаць жонку, любіць дзяцей і ўнукаў, шанаваць і паважаць сяброў, навучыцца казаць людзям «дзякуй». Працягваць вучыцца і развівацца, марыць і верыць — чаму не? А таксама радавацца поспехам родных і блізкіх табе людзей, радаваць іх, пераадольваць цяжкасці.
Калі маеш магчымасць, варта дапамагаць людзям. Цяпер такі час, што шмат хто пераадольвае цяжкасці, але я ім недзе і ўдзячны: цяжкасці паказваюць, чаго варты ты сам і чаго вартыя людзі, хто неяк быў каля цябе, з кім ты працягваеш ісці далей, а каго выкрэсліваеш са свайго жыцця і памяці.
Зразумела, што ў 50 гадоў ёсць пэўны багаж ведаў і досведу, перш за ўсё жыццёвага. Але для мяне гэта «ўсяго толькі пяцьдзясят». Калі я іду ў караоке-бар, магу сябе адчуваць дваццацігадовым, а заўтра сяджу ў добрым рэстаране ў касцюме з гальштукам і адчуваю сябе ўжо больш дарослым.
«НН»: Думаеце пра вяртанне ва Украіну?
АХ: Сёння маю пэўныя абмежаванні ў перасоўванні не ў краіны Еўрасаюза. Таму не магу вярнуцца ні ва Украіну, ні ў Беларусь. Абавязкова вярнуся ва Украіну, спадзяюся, што гэта здарыцца як мага хутчэй. Я жыву там, там мой дом.
«НН»: Вы назвалі памылкай два вашы апошнія месцы працы — валгаградскі «Ротар» і кіпрскую «Карміётысу». Чаму?
АХ: Датычна першай камандачкі: так, я прызнаю сваю памылку. Калі казаць футбольнай мовай, гэта пенальці, чырвоная картка і выдаленне, і казаць пра іх больш не хачу. Гэта мяне вельмі моцна выбіла. Не хачу нічога казаць пра тую краіну і нават згадваць, што я там працаваў.
Фота: ФК «Ротар»
Наконт «Карміётысы» — тут сітуацыя іншая. Датычна футбола, падбору футбалістаў, умоў працы і росту — усё ў клубе было на вельмі добрым узроўні. Я прыйшоў у каманду пасля пяці гульняў. Так, у клуба быў няўдалы старт, вырашылі памяняць трэнера — такое бывае ў футболе.
Але пасля майго адыходу «Карміётыса» памяняла яшчэ чацвярых ці пяцярых трэнераў (Аляксандр пакінуў каманду год таму. — «НН»). Там праблема не ў трэнерах, а ў тым, што прэзідэнт аказаўся зусім нефутбольным чалавекам.
«Сёння так нельга, што ты гуляеш за адну каманду, а назаўтра цябе прыціснулі — і ты падняў ручкі і просіш прабачэння»
«НН»: Згадваю гульню беларускай зборнай з Францыяй пад вашым кіраўніцтвам. Поўныя трыбуны, адзінства каманды і гледачоў, нічыя з топавай зборнай. Мы можам яшчэ калі-небудзь пабачыць такое ў Беларусі?
АХ: Гэты час, калі і заўзятары, і каманда будуць адзіныя, абавязкова прыйдзе. Канешне, я памятаю той матч — гульня адборачнага цыкла на чэмпіянат свету, увесь стадыён у белых майках [зборнай], усе падтрымліваюць. На жаль, мы не выйгралі, але мы і не прайгралі. Праз пару дзён быў аналагічны матч з Люксембургам, калі ўвесь стадыён таксама быў са зборнай.
Цяпер такога ты не ўбачыш, усё гэта [ў Беларусі] штучнае, тым больш што зборная цяпер не гуляе ў Беларусі. Зараз такой шчырасці і падтрымкі мы б усё роўна не ўбачылі, гэта немагчыма.
«НН»: Калі б вы апынуліся на месцы футбаліста беларускай зборнай, якога прымусілі зладзіць пакаяльную прэс-канферэнцыю, што б вы зрабілі?
АХ: Сёння ў цябе павінна быць дакладнае разуменне, на якім ты баку. Сёння так нельга, што ты гуляеш за адну каманду, а назаўтра цябе прыціснулі — і ты падняў ручкі і просіш прабачэння. Гэта як вінаваты першакласнік, у якога яшчэ няма досведу, і ён кажа: «Мяне выкарыстоўвалі, я не разумеў, што рабіў». Сёння ёсць белае і ёсць чорнае. Як казала Ранеўская, людзі як свечкі: або гараць, або ў дупу іх. Мне проста шкада людзей, якія сёння перафарбоўваюцца, гэта крывадушнасць.
Фота: «Дынама» Кіеў
«НН»: У цяперашняй Беларусі можа з’явіцца новы Валянцін Бялькевіч?
АХ: У Беларусі заўсёды былі класныя футбалісты, такія, як Мустыгін, Малафееў, Пудышаў, Пракапенка, Зыгмантовіч, Гоцманаў, Алейнікаў, Бялькевіч. Гэта былі людзі са сваім стрыжнем, са сваёй харызмай і сваім лёсам, але іх усіх аб’ядноўвала тое, што іх любілі заўзятары. Упэўнены, што абавязкова з’явіцца новы Бялькевіч, Алейнікаў, Пракапенка, Пудышаў.
Не ведаю, як цяперашняе пакаленне гуляе без заўзятараў. Так, быў кавід, але тады пустыя стадыёны былі вымушанай мерай. Гэтая гульня створаная для таго, каб на яе прыходзілі людзі, перадавалі з пакалення ў пакаленне сваю любоў да каманды і зборнай. Без заўзятараў футбалістаў не будзе.
«НН»: У чым была топавасць Валерыя Лабаноўскага як трэнера? Ці ёсць падобныя трэнеры цяпер?
АХ: Ён працаваў як у шахматах, дзе кожнае дзеянне пралічваецца, меў сваю ацэнку эфектыўнасці дзеянняў, бачыў сітуацыю на некалькі крокаў наперад. Кажуць, што ён апераджаў свой час, бачыў, як футбол будзе развівацца далей.
Усё вырашаюць кадры, падбор футбалістаў, але самае галоўнае ва ўсім гэтым — інтэлект. Ён падбіраў інтэлектуальных футбалістаў, якія дапаўнялі адзін аднаго, і сам быў вельмі інтэлектуальным трэнерам. Для яго быў вельмі важны не толькі футбольны інтэлект, але і жыццёвы: каб футбаліст быў цікавым суразмоўцам не толькі ў сваёй прафесіі, але і разумеў жыццё.
Хацкевіч у кіеўскім «Дынама». Фота: sport.24tv.ua
«НН»: Маеце на ўвазе адукацыю?
АХ: Так. Аднак адукацыя можа быць і сярэдняй, а выхаванне мусіць быць вышэйшым.
«НН»: Ці ёсць цяпер ва Усходняй Еўропе хоць нечым падобныя да яго трэнеры?
АХ: Для мяне ў тым пакаленні было два футболы. Сілавы футбол Валерыя Лабаноўскага і татальны футбол, які ў «Барселоне» пачаў выкарыстоўваць Ёхан Кройф, потым яго сталі развіваць галандскія трэнеры, Гвардыёла. Футбол эвалюцыянуе, але я ўпэўнены, што Лабаноўскі быў бы запатрабаваны і ў цяперашнім футболе.
«Калі бацька ўзяў рэмень, гэта і быў пераломны момант у маёй футбольнай кар’еры»
«НН»: Каго б вы назвалі галоўным трэнерам у вашай кар’еры?
АХ: Тут мне проста адказаць, бо я нячаста мяняў каманды. У першую чаргу гэта Мікалай Мікалаевіч Някозыраў і Міхаіл Сцяпанавіч Братчэня, мае першыя трэнеры. Шмат каму гэтыя імёны нічога не скажуць, але гэта тыя два трэнеры, якія першымі навучылі мяне любіць і разумець футбол. Астатнія трэнеры, з якімі я працаваў далей — і ў дублі мінскага «Дынама», і ў самім «Дынама», і ў кіеўскім «Дынама», і ў зборнай, — толькі дапамагалі мне ўдасканальвацца ў прафесійным плане і вучыцца разумець жыццё.
«НН»: Вы ў шлюбе больш за 20 гадоў. У чым сакрэт такіх доўгіх адносінаў?
АХ: Магу назваць толькі два словы — давер і павага. Здаецца, гучыць проста, але паспрабуйце самі [так жыць].
«НН»: Ідэальны адпачынак для вас — гэта што?
АХ: Калі з сям’ёй, то ў гарах, калі з сябрамі, то рыбалка. Месца не важнае, галоўнае — кампанія, каб сям’я і сябры былі блізка. Можна назваць Альпы, можна ва Украіне паехаць пакатацца на лыжах. Ад колькасці зорак гэта не залежыць.
«НН»: Які момант лічыце галоўным у сваёй кар’еры?
АХ: Дакладна не памятаю, колькі мне тады было, хутчэй за ўсё, дзесяць гадоў. Цяпер дзеці могуць не зразумець, як гэта, калі бацькі не маюць магчымасці набыць канькі, ролікі ці клюшку, а тады жыццё было зусім іншае. Мае бацькі не маглі сабе дазволіць набыць мне канькі, якія я хацеў. З сябрам, які жыў у суседнім пад’ездзе, я пайшоў займацца хакеем і падманваў бацькоў, што хаджу на футбол.
Аляксандр Хацкевіч і Валянцін Бялькевіч. Фота: zbirna.com
Калі я прыйшоў у хакейную школу, мне там выдалі канькі і клюшку. Я іх захоўваў у сябра, каб у двары катацца на каньках і гуляць у хакей, але гэта ўжо былі мае асабістыя канькі. Прыйшоў трэнер па футболе і сказаў майму бацьку, што я ўжо каля месяца не хаджу на футбол, а бацькам я казаў, што хаджу туды. Калі бацька ўзяў рэмень, гэта і быў пераломны момант у маёй футбольнай кар’еры.
«НН»: Які момант у кар’еры вы лічыце самым складаным?
АХ: Калі пра трэнерства, то згадваю час, калі я працаваў галоўным трэнерам у сезоне 2016/2017 у кіеўскім «Дынама». Па выніках сезона мы адсталі ад данецкага «Шахцёра» на два ачкі, бо не згулялі з «Марыупалем», дзе нам залічылі паражэнне (дынамаўцы адмовіліся гуляць у Марыупалі, бо горад знаходзіўся за 20 кіламетраў ад фронту расійска-ўкраінскай вайны. — «НН»). То-бок нам для чэмпіёнства не хапіла перамогі ў адной гульні.
Калі казаць пра кар’еру гульца, гэта пройгрыш «Баварыі» ў паўфінале Лігі чэмпіёнаў у 1999-м, калі ты быў за крок ад галоўнага клубнага еўрапейскага трафея. Разумеў, што больш не буду так блізка да выйгрышу гэтага кубка.
«НН»: Як гэта было?
АХ: Спытайце ў любога спартсмена, што гэта, калі ты бачыш фінішную рысу, а потым знікае святло — і ўсё гасне, і ты гэта не выйграў. Кажу не пра футбол — пра любы від спорту.
Лепш быць трэцім або пятым, чым другім.
«НН»: Як пасля такога ісці далей?
АХ: Зацягнуць рэмень, цярпець і працягваць працаваць, зноў ставіць мэты. У любым узросце і ў любой дзейнасці мусіць быць мара.
«НН»: Пра што вы марыце цяпер?
АХ: Зараз мару ўбачыць бацькоў.
«НН»: Вы казалі ў адным з інтэрв’ю: «Як сапраўдны беларус, умею рабіць калдуны». Што яшчэ сярод фірмовых страў?
АХ: Тады я казаў, што ўмею гатаваць дранікі, якія без мукі. Паверце мне, калі яны з мукой, гэта не дранікі. Увогуле магу прыгатаваць вам усё, што хочаце, з бульбы: бульбу вараную, параную, пюрэ, у мундзірах, смажаную, дранікі.
Беларус-пастар выйграў вялікі забег у Польшчы. Пасля гэтай гутаркі вы яго дакладна палюбіце