Спорт

«Яны проста абалонка ў выглядзе чалавека». Легендарны футбаліст і трэнер Хацкевіч — эмацыйна пра вайну і саўдзел: «Трэба яшчэ больш жорсткія санкцыі»

Аляксандра Хацкевіча, легенду кіеўскага «Дынама» і былога трэнера беларускай футбольнай зборнай, шмат што звязвае з Украінай. Пачатак цяперашняй вайны ён сустрэў у Кіеве, і толькі некалькі тыдняў таму нарэшце выехаў за мяжу, але ж пабачанае і адчутае дагэтуль яго не адпускае. Пагутарылі з Хацкевічам пра гэтыя змрочныя часы і пра тое, што чакае зараз маўклівы спорт краін-агрэсараў.

Фота: shakhtar.com

«Было страшна, бо ўсё перамянілася на тысячу працэнтаў»

«24 лютага да мяне прыехалі родныя, і я заставаўся з імі ў Кіеве. Правёў там больш за тыдзень з пачатку вайны, і ў псіхалагічным плане усё гэта было дужа цяжкім. Было цяжка знайсці жыллё, бо нас шэсць чалавек, і калі ў знаёмых нарэшце вызвалілася адпаведная кватэра ва Ужгарадзе, мы пераехалі туды ўсёй сям’ёй. Два тыдні таму ўвогуле з’ехалі з Украіны.

Перад вайной Кіеў жыў поўным жыццём — набліжалася вясна, на вуліцах было шмат народу, працавалі рэстараны, прыязджалі турысты. І 24 лютага горад проста вымер, вельмі хутка апусцеў, нібыта здарыўся нейкі апакаліпсіс.

У горадзе з’явілася шмат ваенных, на кожным скрыжаванні паставілі па блок-посце, дзе правяралі дакументы. Было страшна, бо ўсё перамянілася на тысячу працэнтаў.

Выехалі з Кіева 2 сакавіка, абіралі бяспечныя дарогі. Вельмі шмат праверак, блок-постаў. Недзе правяраючыя мяне пазнавалі, недзе — не, але насамрэч гэта тая форма кантролю, якая павінна быць. Зараз блок-постаў стала трошкі менш, але [ўкраінскія] дарогі ўсё роўна небяспечныя».

«Сёння выйшаў адзін чалавек, заўтра — тры, пяць, дзесяць. І тады, магчыма, нешта зменіцца»

«Дзякуй Богу, камунікую толькі з тымі людзьмі, якія перажываюць за Украіну і не ўхваляюць тое, што там зараз адбываецца. Канешне, ёсць і тыя, хто мог хаця б пазваніць і спытаць, як справы, хаця, можа, размова і не пра надта блізкіх знаёмых. Але ж у галаву кожнаму чалавеку не ўлезеш, таму няма сэнсу расчароўвацца.

Больш важна тое, што сям’я блізка, што побач тыя людзі, сябры, якія былі са мной на працягу ўсяго жыцця. А тое, у кім расчараваўся, — гэта сёння другаснае. Пра іх і думаць не трэба, яны зразумеюць цябе толькі тады, калі адчуюць той жа боль, які адчуваюць тыя людзі, якія зараз жывуць ва Украіне.

Фота: pressball.by

Лічу, што зараз любы, хто маўчыць, адказны за вайну і саўдзельнік усяго таго, што адбываецца. Але ж маўчаць не толькі ў Беларусі, маўчаць і ў іншых гарадах Еўропы. Тым не менш, калі войскі заходзяць ва Украіну з беларускай тэрыторыі, калі рускія войскі базуюцца на тэрыторыі Беларусі — то гэта ўжо саўдзел.

Што беларусы могуць зрабіць, каб не быць саўдзельнікамі? Выходзіць і гаварыць пра сваё нежаданне імі быць, толькі так. Здаецца — што зменіць мой голас? Але ж сёння выйшаў адзін чалавек, заўтра — два, тры, пяць, дзесяць. І тады, магчыма, нешта зменіцца. Шмат беларусаў ваюе на баку ўкраінскай арміі, і гэта здорава. Але ж большая частка беларусаў праяўляе памяркоўнасць, маўляў, мы, беларусы — мірныя людзі.

Хаця ў сітуацыі гэтай вайны ад беларусаў мала што залежыць: ну не могуць яны спыніць танкі, бронетэхніку, самалёты з віламі і граблямі.

Самой Украіне зараз не да ўдзелу Беларусі ў вайне, Украіна ваюе за сваю незалежнасць — а можа, больш і за незалежнасць Еўропы. Думаю, саўдзел Беларусі ў вайне, канешне, уплывае на тое, як яе ўспрымаюць ва Украіне, але ж я сам не адчуваў на сабе ніякай непрыязнасці з боку ўкраінскіх памежнікаў або простых людзей».

«Тое, што здарылася ў гарадках пад Кіевам, усё змяніла»

«У пяць раніцы ў Кіеве сталі чутны выбухі, пачалі бамбіць аэрапорт у Гастомелі — гэта недзе ў шасцідзесяці кіламетрах ад ад месца, дзе мы жылі. Падчас разрываў снарадаў у доме дрыжэлі вокны.

24 лютага, канешне, было самым доўгім днём для ўсёй Украіны. Зразумела, што размовы пра верагоднасць вайны хадзілі, шмат дыпламатаў і консулаў з’язджалі за мяжу. Але ўсё-такі ва Украіне не маглі паверыць, што Расія нападзе і нападзе так подла, ноччу. Таму першы шок ад пачатку баёў доўжыўся недзе да 26-27 лютага, калі ўвесь час ты сядзіш у бомбасховішчы і не разумееш, што будзе далей.

Немагчыма да гэтага прывыкнуць. Ты не разумееш, што трэба рабіць і як, ты не ваенны. Па тэлебачанні распавядаюць, як трэба сябе паводзіць падчас сірэн. І ўжо на другі дзень ты ведаеш, што калі ты будзеш спускацца ў бомбасховішча — а такім сховішчам мог быць любы крыты паркінг — у тваёй машыне павінны быць вада, ежа, падушкі і цёплыя коўдры, бо ты прабудзеш там недзе з васьмі вечара да пяці-сямі гадзін раніцы.

Калі абстрэл заканчваецца, перабежкамі накіроўваешся дахаты, каб паспець прыняць той жа душ. І потым зноў сірэны. Ты бяжыш у падвал, сядзіш там і толькі слухаеш, як недзе нешта ўзрываецца, у горадзе пах гару.

Буча. Фота: АР

Пасля 4 красавіка, калі вызвалілі Бучу, усё зноў памянялася. Так, раней разумелі, што Расія — гэта вораг, які спрабуе захапіць Украіну. Але тое, што здарылася ў гарадках пад Кіевам…

Расійскія салдаты, якія траплялі ў палон, казалі ў пачатку вайны: маўляў, мы не ведалі, што мы ва Украіне і што нас вязуць на вайну. Але ж цяпер бачна, што яны прыехалі ва Украіну дзеля сафары, дзеля таго, каб знішчыць нацыю. Калі яны прыязджалі, ім не трэба было захопліваць гарады ці заваёўваць тэрыторыю, яны прыйшлі, каб знішчыць украінскі народ, простых людзей — дзяцей, старых, мужчын, жанчын, тых, хто ім трапляўся. Яны ваююць менавіта з цывільнымі, яны не ваююць з УСУ.

Гэта не людзі — яны проста абалонка ў выглядзе чалавека. І так зараз рускіх успрымаюць усе ўкраінцы, ды і не толькі яны, а і ўвесь свет.

Увесь свет ужо ведае, што такое Расія, а што такое — Украіна. Мне здаецца, тое, што Расія зараз, у ХХІ стагоддзі, робіць, яшчэ горш за фашызм.

Я разумею толькі адно: усяго гэтага не можа быць, але гэта адбылося. Зразумела, каму гэта трэба — нелюдзю з Крамля ці з бункера ды яго памагатым у прыгожых касцюмах, нібыта ў прыгожых вокладках, унутры якіх адно гніллё. А ўсе астатнія, хто выконваюць гэтыя загады, проста не могуць разважна ацэньваць сітуацыю. Яны не разумеюць, што ваююць супраць такіх жа людзей, як і яны самі, толькі яны — захопнікі, а гэтыя людзі абараняюць сваю краіну, і яны за яе памруць. Рускія прыйшлі, толькі каб рабаваць і забіваць. Раней казалі — «умом Россию не понять». Цяпер жа яе не толькі не разумеюць, але і ненавідзяць ва усім свеце».

«Трэба яшчэ больш жорсткія санкцыі — няхай спартоўцы не могуць выехаць за межы вобласці»

«Зараз увесь беларускі спорт робіцца аматарскім. Праблема ў тым, што дзяржава цалкам кантралюе ўсе віды спорту, таму цяжка дамагчыся як нейкіх індывідуальных вынікаў, так і камандных, тым больш зараз, са з’яўленнем спартовых санкцый.

Можна сказаць, футбол з імі першы сутыкнуўся, калі зборная згубіла магчымасць гуляць міжнародныя матчы на тэрыторыі краіны, ім дазволілі гэта рабіць толькі на выездзе. Сёння і беларускія, і расійскія спартоўцы будуць спаборнічаць толькі паміж сабой.

Расійскі гімнаст Іван Куляк у форме з сумнавядомай літарай Z. Фота: topspb.tv

Любы від спорту павінен быць прафесійным і прыватным, каб людзі маглі ўкладаць у яго грошы. Возьмем футбол — ва ўсім свеце ён прадстаўлены прыватнымі клубамі, якія належаць нейкаму чалавеку ці карпарацыі. У нас жа футбольныя каманды ці каманды ў іншых гульнявых відах спорту належаць дзяржаве. А там, дзе ўдзельнічае дзяржава, ніколі не будзе вынікаў, бо тыя, хто спрабуе кіраваць, — непрафесіяналы з зусім іншай спецыялізацыяй.

Паглядзіце, хто стаіць на чале шмат якіх федэрацый. Якая можа быць перспектыва ў беларускага спорту, калі ім кіруюць былыя сілавікі? Тым больш з адсутнасцю канкурэнцыі [праз санкцыі], калі ніякі спартсмен не здолее расці.

Зараз не можа быць спорт па-за палітыкай, бо спартсмены — вельмі публічныя людзі. І іх маўчанне перад цяперашнімі падзеямі — такі ж саўдзел у іх.

Расія кажа, што спартсмены не павінны цярпець, але ж былі выпадкі, калі, напрыклад, спартсмен на спаборніцтвах дэманструе літару Z ці робіць фашысцкі жэст рукой. На хакейных матчах у Расіі дэманструюць літару Z, а Расія потым кажа, што спорт па-за палітыкай? Зараз так не адседзешся.

Правільна, што супраць расійскіх і беларускіх спартсменаў увялі такія санкцыі, трэба яшчэ больш строгія меры. Калі гэта маскоўская каманда, яна павінна гуляць толькі ў Маскве, разанская — толькі ў Разані, тады ў спорце будзе яшчэ весялей. Няхай яны ўвогуле не могуць выехаць за межы вобласці.

Але ж не думаю, каб гэтыя санкцыі маглі прымусіць кагосьці не маўчаць. Прайшло ўжо два месяцы вайны, і калі за гэты час чалавек не выказаўся, наўрад ці ў яго нешта зменіцца. Калі прывык маўчаць, цяжка пачаць гаварыць, і самае галоўнае — у людзей няма смеласці і характару.

Што да розніцы паміж украінцамі і беларусамі… Украінскія спартоўцы ідуць абараняць сваю краіну, таму што яны яе любяць, яны незалежныя людзі і змагаюцца за сваю незалежнасць. За апошнія 30 гадоў яны адышлі ад савецкай спадчыны, яны разумеюць, як трэба жыць і куды рухацца. Таму яны бяруць у рукі зброю і ідуць у тую ж тэрабарону.

Беларускім спартоўцам абараняць сваю Радзіму не трэба, і не дай Бог, каб яны сутыкнуліся з тым, з чым сутыкнуліся ўкраінцы. Таму няхай беларускія атлеты займаюцца сваёй любімай справай, пакуль яны яшчэ гэта могуць, і жывуць у мірнай Беларусі.

Што чакае потым тых, хто зараз маўчыць? У мяне няма адказу на гэтае пытанне. Думаю, што калі гэтыя людзі здолелі прыстасавацца зараз, яны прыстасуюцца і да жыцця ў новай Беларусі і Расіі. Веру, што новая Беларусь будзе, але не ведаю, ці будзе новая Расія».

Разбомблены стадыён чарнігаўскага футбольнага клуба «Дзясна». Фота: СУСПІЛЬНЕ

«Тое, што робяць з Украінай, ніколі не забудзецца»

«Вядома, што некалі ўсё зменіцца, войны рана ці позна заканчваюцца. Але ж у адносінах паміж Украінай і Расіяй цяпер нічога не зменіцца, і ні наша пакаленне, ні пакаленне нашых дзяцей ніколі рускім не даруе, бо яны ўсё гэта бачылі і адчулі на сябе.

Павінна прайсці вельмі шмат часу, каб хаця б нешта змянілася ў адносінах паміж рускімі і ўкраінцамі, але ў бліжэйшыя 50-60 гадоў гэтага не здарыцца. І, лічу, гэта будзе правільна, бо тое, што робяць з Украінай і ўкраінцамі, ніколі не забудзецца.

Час, канешне, лечыць. Немцам некалі даравалі, але тады і час быў, напэўна, іншы, зараз жа мы ведаем нашмат больш. Ёсць столькі сродкаў масавай інфармацыі, столькі сведчанняў ваенных злачынстваў.

Ёсць, можа, некалькі дзесяткаў краін у свеце, якія хаця і не падтрымліваюць гэтыя зверствы, але выбудоўваюць сваю палітыку з разлікам на Расію. Увесь жа астатні свет бачыць, што адбываецца насамрэч. Напэўна, толькі ў Расіі і Беларусі яшчэ не ўсё разумеюць».

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Распавядаем пра беларускіх футбалістаў, якія ў вайну гуляюць у расійскіх клубах 

Арганізатары Уімблдона не дапусцяць расійскіх і беларускіх тэнісістаў да ўдзелу ў турніры — The New York Times

Каментары

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні14

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусы адказалі, які падарунак ад працадаўцаў іх найбольш бы парадаваў3

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?6

Упаў з крэсла і не паспеў адключыць камп‘ютар. На якіх дробязях праколваліся расійскія разведчыкі?5

Прызначылі суд над святаром Анджэем Юхневічам, замест палітыкі абвінавачваюць у педафіліі

Саудаўская Аравія папярэджвала Германію пра небяспеку чалавека, які заехаў у натоўп у Магдэбургу3

Над Беларуссю сёння цягнулі на буксіры верталёт ВІДЭА

Медсястру з «Сінэва» асудзілі на немалы тэрмін па палітычным артыкуле і абвесцілі тэрарысткай9

Пракуратура Лейпцыга не выявіла складу злачынства ў дзеяннях дэпутата Дорнау ў Беларусі4

Манашкі Свята-Елісавецінскага манастыра дабраліся да Швейцарыі12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні14

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Галоўнае
Усе навіны →