«Гэта дзіўныя ідэі». Нобелеўскі лаўрэат Муратаў адмовіўся ісці на прэзідэнцкія выбары ў Расіі
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і былы галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў не плануе ўдзельнічаць у будучых прэзідэнцкіх выбарах у якасці адзінага кандыдата ад апазіцыі. «Гэта дзіўныя ідэі, якія не маюць пад сабой ані найменшай асновы. Не зацікаўлены», — сказаў ён The Moscow Times.
20.10.2023 / 17:05
Дзмітрый Муратаў. Фота: Contributor/Getty Images
Выказвацца на гэту тэму Муратаў быў вымушаны таму, што аказаўся адным з лідараў персанальнага апытання адносна выбараў, які днямі запусціў Аляксей Навальны. Мэта апытання, па словах Навальнага, — выпрацоўка стратэгіі на прэзідэнцкіх выбарах, якую палітык паабяцаў паказаць у студзені 2024 года.
Прайсці апытанне Навальны прапанаваў усім ахвотным, асобна запрасіўшы 58 расійскіх палітыкаў, блогераў і лідараў меркаванняў.
Паводле інфармацыі каманды Навальнага, за тры дні ў апытанні ўзялі ўдзел 45 000 чалавек. Ключавое пытанне ў анкеце Навальнага: «Ці можа быць адзіным кандыдатам апазіцыі Зюганаў, Слуцкі, Нячаеў, Сабчак, Венедыктаў, Яўлінскі, Муратаў, Ройзман?»
Сам Навальны ў сваіх адказах пагадзіўся падтрымаць у якасці кандыдатаў у прэзідэнты Муратава і былога мэра Екацярынбурга Яўгена Ройзмана.
Чытайце таксама:
Аднаго з адвакатаў Навальнага арыштавалі. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкай супольнасці