IT-сектар пакінуў топ самых рэнтабельных галін у Беларусі

Інфармацыя і сувязь апошнія гады знаходзіліся ў топ-3 самых рэнтабельных галін айчыннай эканомікі. Аднак сёлета яе эфектыўнасць стала змяншацца, піша сайт thinktanks.by. 

23.10.2023 / 10:13

За восем месяцаў сярэдняя рэнтабельнасць продажу ў IT-сектары знізілася на 0,9 п.п., склаўшы 17,9%.

Выцесніў айцішнікаў з топу сектар кіравання нерухомай маёмасцю, чыя рэнтабельнасць за той жа перыяд вырасла на 1,6 п.п., як сведчаць звесткі Белстата.

Нечакана новым лідарам у 2023 годзе таксама стаў навуковы сектар, дадаўшы ў рэнтабельнасці за восем месяцаў 4,2 п.п.

Топ-3 самых рэнтабельных галін цяпер выглядае так:

фінансавая і страхавая дзейнасць (33,3 працэнта),

аперацыі з нерухомай маёмасцю (22,1 працэнта),

прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць (18,3 працэнта).

Палепшылі сваю рэнтабельнасць на працягу гэтага года такія галіны, як «фінансавая і страхавая дзейнасць» (на 3 п.п.) і «аказанне іншых відаў паслуг» — на 2,5 п.п.

А вось няўдалым сёлетні год стаў для ляснога сектара, чыя рэнтабельнасць за восем месяцаў абвалілася на 9,4 п.п., а таксама для гандлю (мінус 4,5 п.п.), горназдабыўной прамысловасці (мінус 4,5 п.п.) і сельскай гаспадаркі (мінус 3,0 п.п.).

Антырэйтынг самых нізкарэнтабельных галін узначальвае гандаль, дзе ўрад адміністрацыйна трымае цэны:

рознічны гандаль (1,0%),

аптовы гандаль (1,4%),

горназдабыўная прамысловасць (2,7%).

У цэлым па эканоміцы за восем месяцаў сярэдняя рэнтабельнасць продажу ў кампаній склала 7,4%. У 2022 годзе паказчык быў вышэйшы — 8,9%.

Чытайце таксама:

«Дзе беларускі дзяржаўны штучны інтэлект?» Азаронак з Пятроўскім даказвалі, чым сілавікі карыснейшыя за праграмістаў, не абышлося без істэрыкі

У Гродне затрымалі айцішніка. Зноўку за каментары ў тэлеграм-чатах

«Даведалася, што выклікаюць у КДБ». Як айцішнікі вывозілі грошы ў 2023 годзе

Nashaniva.com