«Усё ідзе па плане Далеса». Расійская спявачка Віка Цыганова з мужам прыйшлі да Дудзя і выклалі свае тэорыі

Спявачка Віка Цыганова ды яе муж і прадзюсар Вадзім Цыганоў далі вялікае інтэрв'ю Юрыю Дудзю. Гэта быў чад. І «хутчэй за ўсё, Уладзімір Уладзіміравіча падставілі».

27.10.2023 / 19:06

Цыгановы падчас размовы. Скрыншот відэа vdud / YouTube

Віка Цыганова і яе муж Вадзім у 2014 годзе падтрымалі анексію Крыма Расіяй, а ў 2022-м — уварванне Расіі ва Украіну. У сакавіку 2022 года Вадзім Цыганоў заяўляў, што гатовы паехаць добраахвотнікам на фронт. Ён напісаў песню, прысвечаную ПВК «Вагнер», якую выконвае яго жонка. Вадзім Цыганоў вядомы сваім сяброўствам з Ігарам Гіркіным (Стралковым).

Цыгановы за апошнія гады не раз выступалі на Данбасе. 

Ці патрэбна была «спецаперацыя»

Вайну Цыгановы называюць «спецаперацыяй».

«Ці трэба было пачынаць гэтую спецаперацыю? Я адкажу — хутчэй за ўсё не. У гэтай сітуацыі. Хутчэй за ўсё, памылка. Хутчэй за ўсё, Уладзімір Уладзіміравіча падставілі. Таму што я асабіста размаўляў з разведкай. І яны гаварылі, што як толькі ўвойдуць са шчытамі міліцэйскімі, усе пяройдуць на бок Расіі. Усе воінскія часткі», — расказвае Вадзім Цыганоў.

Чаму не перайшлі? «Не перайшлі таму, што вельмі добра папрацавалі каманда Зяленскага, «пракачала» мазгі. Манкурты, якія «пракачваюць». За сем гадоў «пракачалі» мазгі».

Цыганоў згадвае, што яны былі ў Адэсе і Крыме. «Мне кажуць: «Адэса. Дык гэта ж цалкам рускі горад. Зусім не парцеся. Сто працэнтаў. Вось зараз пачнецца, і ўсё так будзе». І пачалося. Але проста пачалі забіваць усіх рускіх. І гэта рэальна», — кажа ён. (Насамрэч, гэта хлуслівае сцвярджэнне, у Адэсе ніхто не забіваў рускіх, там дагэтуль большасць людзей размаўляе па-руску і да 2014-га, і перад 2022-м годам не было ніякіх міжнацыянальных канфліктаў. — НН)

Цыганоў мяркуе, што, па яго меркаванні, «усё трэба было пачынаць у 2014 годзе. І заканчваць. Калі спальвалі людзей у Адэсе (маецца на ўвазе пажар у адэскім Доме прафсаюзаў, захопленым расійскімі баевікамі 2 мая 2014 года — НН), калі расстрэльвалі ў Харкаве (маецца на ўвазе падзеі сакавіка 2014 года, калі спецпадраздзяленні Украіны сарвалі спробу стварэння так званай «Харкаўскай народнай рэспублікі». — НН). Вось тады. А калі ўжо прамылі мазгі, то тут мы ўжо трапілі ў пастку».

Хто адказны за вайну

Вадзім Цыганкоў кажа, што быў у Марыупалі як валанцёр. «Я прыехаў разабрацца ў сітуацыі. Табе, Юра, гавораць няпраўду. Вайна — гэта, зразумела, брудная справа. Але там усё па-іншаму. Павер мне».

Цыганоў падкрэслівае, што Пуцін нічога цяпер не вырашае:

«На сённяшні момант ужо роля асобы ў сусветным працэсе не мае нічога. Яна не вырашальная. Ужо працуе Гасподзь і Сатана. Мы ўжо ўступілі ў гэтую фазу. Таму пацверджанне Ізраіль, і ўсё. Гэта пастка. Ужо няма дакладнага рашэння.

Я назіраю, як усе назіраюць, чым усё гэта можа скончыцца. І Зяленскі назірае, і там. Там, зразумела, з таго боку ідзе пралік вельмі сурʼёзны. Мы бачым, ідзе мясарубка. Што адбывалася ў Бахмуце і тут. Рускія ваююць з рускімі. І з гэтага боку трохі падбаўляюць. І з гэтага. Заўсёды парытэт, каб гэта пракачаць.

Зачыстка тэрыторыі. Цяпер, як толькі ў Ізраілі адбудзецца які пераломны момант, туды будуць накіраваны людзі для пражывання. Такі новы Іерусалім будуецца», — сцвярджае Цыганкоў і ўдакладняе, што ў Бахмут паедуць людзі з Ізраіля

(гэта канспіралагічная версія транслявалася і некаторымі беларускімі прапагандыстамі — НН).

«Каб будаваць, трэба знесці. Самы танны спосаб — гэта вайна. Да таго ж, каб вызваліць тэрыторыі, павінна быць мясарубка. Як мага больш людзей перамалоць. І ўсё, што адбывалася на Украіне. Самае большае гора для яўрэяў прынеслі западлянскія ўкраінцы. Гэта была страшная разня. На сённяшні момант ідзе спецыяльная ваенная аперацыя…

Мы робім буферную зону, каб да нас ракеты не прыляталі. Нам трэба расчысціць тэрыторыю. Новы Іерусалім, дзе самая вялікая стаіць сінагога ў Днепрапятроўску. Ад мора да мора. Гэта ўсюды ўжо заяўлена. Гэта ідзе «дагаварняк». Але ўмяшаецца Бог і ўсё будзе па-іншаму».

Зачысціць тэрыторыю, на погляд Цыганова, вырашыў «сусветны ўрад», таму што «Ізраіль цяпер не змяшчаецца ў тых межах, і ёсць праблема».

«Каб было яўрэям дзе жыць? Такім чынам, Пуцін гэта пешка сусветнага ўрада?» — удакладняе Дудзь.

«Усе мы пешкі. І ўсім нам трэба пакаянне», — адказвае Вадзім Цыганоў.

Што такое «сусветны ўрад» Цыгановы не змаглі патлумачыць

Хто вінаваты ў праблемах Расіі і што рабіць

Па меркаванні суразмоўцаў, Расія рухаецца ў няправільным кірунку. Але ў краіны ёсць шанц змяніць сітуацыю, калі ўсе пакаяцца і стануць «на шлях з Богам».

Цыганоў сцвярджае: «Мы, увесь народ. Мы павяліся спачатку. За тую рэвалюцыю, за забойства цара мы ўсе вінаватыя, што пусцілі сюды сатаністаў з сярпом і молатам». Цяпер жа ўсім «неабходна маліцца і каяцца».

А праблемы Расіі будуць да чацвёртага пакалення, калі лічыць ад забойства цара.

«Чакаць не трэба, трэба маліцца. Больш у нас няма варыянтаў. Без малітвы нічога не вырашыць. І дзе бы ты ні выказваў факты, Юра, гэта ні на што не паўплывае. Ужо не паўплывае. Хацелася б, але не будзе», — лічыць Віка Цыганова.

«Я кажу — выратуемся добрымі справамі. Трэба рабіць добрыя справы. Усё. Сам не выратуешся, то побач шмат хто выратуецца. Што трэба нам усім пакаяцца. Ад грахоў ачысціцца, калі мы хочам быць з богам. І Пуціну трэба і ўраду ўсяму. І тады ў нас будзе новая ідэалогія. І тады зʼявіцца новая краіна. Прыбяром усё непатрэбнае. Застанецца ўсё толькі добрае….

Цяпер гэты глабальны механізм пачынае павольна перабудоўвацца. Забараняюць нейкія рэчы няправільныя. Армія лепшай становіцца», — распавядае Цыганоў і дадае, што

кожны дзень моліцца, каб бог даваў «цялеснага здароўя і мудрасці Уладзіміру Уладзіміравічу, каб ён абярнуўся да Бога і каб яму анёлы дапамагалі, каб любіў больш просты народ».

Цыганкоў дадаў, што верыць у тое, што «Уладзімір Уладзіміравіч зменіцца (калі не, то гэта будзе здрада). І што зменіцца наша краіна».

Што Цыгановы раяць пачытаць

Вадзім Цыганоў раіць усім чытаць план Далеса і творы філосафа Івана Ільіна.

Дудзь заўважае, што план Далеса — фэйк.

«Можна гаварыць — існаваў, не існаваў. Але ўсё ідзе па плане Далеса», — пярэчыць Цыганоў.

«План ніколі не быў апублікаваны. Ніякіх крыніц, акрамя рускамоўных, пра яго няма», — заўважае Дудзь.

«Ты мяне не пачуў. Усё ідзе па гэтым плане. Можна гаварыць, што няма. Але я гавару — чытайце ў інтэрнэце. Усё ідзе па гэтым плане. Вы прачыталі «фэйк», але ад гэтага нічога не памянялася», — стаіць на сваём Вадзім Цыганоў.

«Я чытала, што гэта фэйк. Але ж план ёсць. Ну не Далес (яго напісаў. — НН). Яго ж нехта напісаў», — заўважае Віка.

Перавёўшы размову на творы рускага філосафа і публіцыста Івана Ільіна, Юрый Дудзь працытаваў урывак з артыкулаў вучонага «Аб фашызме» (1948 года) і «Нацыянал-сацыялізм. Новы дух» (1933 года), у якіх Ільін усхваляе Гітлера («Што зрабіў Гітлер? Ён спыніў працэс бальшавізацыі Германіі і аказаў гэтым самую вялікую паслугу Еўропе»), Мусаліні і фашызм («фашызм меў рацыю, бо сыходзіў са здаровага нацыянальна-патрыятычнага пачуцця, без якога ні адзін народ не можа зацвердзіць свайго існаванне, стварыць сваёй культуры»).

«Якая з гэтых цытат прымусіла вас, Вадзім, парэкамендаваць мне пачытаць Ільіна?», — спытаў Дудзь.

«Гэтыя цытаты не. Яны мяне не кранаюць, але я тым не менш адкажу. У «Mein kampf» ёсць цікавыя штукі, якія выразалі. Там Гітлер гаворыць:

«Мы будзем знішчаць яўрэяў, таму што яны камуністы. Такім чынам, ён ставіць роўнасць. Хіба што Ільін пра гэта казаў. Роўнасць паміж яўрэямі і камуністамі. Таму што ўсю інтэлігенцыю ў Расіі выразалі камуністы. Гэта кажа Гітлер. Мы не хочам, каб гэта зараза прыйшла да нас. І мы гэта зробім», — тлумачыць Вадзім Цыганоў і дадае, што ён абсалютна не фашыст і ніколі не падтрымліваў такія ідэі.

«Я канкрэтна да гэтай фразы (Ільіна, якую цытаваў Дудзь. — НН) не адсылаў. Ёсць рэчы, якія цікавыя… Гэта хутчэй на яго сумленні і гэта дакладна памылка ў Ільіна. Мне гэта частка яго не падабаецца», — апраўдваецца Цыганоў.

«Кожны шукае тое, што яму трэба. Ён піша пра ментальнасць рускага народу. Пра тое, як на нас дзейнічае прырода, яе маштабы, якія ў нас характары», — дадае Віка Цыганова.

У канцы перадачы Віка Цыганова заўважыла, звяртаючыся да Юрыя Дудзя:

«Я думала, што сённяшняя размова будзе цікавейшай. Але ты стаяў толькі на гэтай пазіцыі. І ў мяне нарадзілася меркаванне, што за табою відавочна нехта стаіць. Той, хто табою маніпулюе і кіруе».

«А вы не дапускаеце, што гэта тое, што я шчыра адчуваю? Што я шчыра не разумею людзей, якія падтрымліваюць тых людзей, якія адпраўляюць грамадзян маёй краіны забіваць грамадзян суседняй краіны? Што ў мяне шчырае неразуменне злосці», — спытаў Юрый Дудзь.

Чытайце яшчэ:

«Непобедима, духом сильна»: у Маскве прадставілі гімн Наваросіі ВІДЭА, АЎДЫЁ

«Ты рэальна лічыш, што Пуцін зварʼяцеў?» Інтэрвʼю Дудзя з Кучэрам парвала інтэрнэт

Дудзь: Расійская ўлада ўсе апошнія гады старанна размывала годнасць

Антось Жупран