Leica выпусціла «ўстойлівую да дэзынфармацыі камеру» для заможных фотажурналістаў
Камера аўтаматычна робіць вадзяныя знакі на фота з метаданымі Content Credentials.
29.10.2023 / 20:29
Выява: Leica
У наш час дыпфэйкаў, дэзынфармацыі і імклівага развіцця генератыўных мадэляў ШІ даходзіць да таго, што мы нават не можам давяраць сваім уласным вачам і мусім заўсёды пераправяраць атрыманую інфармацыю. Сусветна вядомая кампанія Leica, якая шмат гадоў спецыялізуецца на камерах, афіцыйна анансавала новую камеру M11-P. Гэта першая камера ад Leica, якая ўключае сістэму бяспечных метаданых Content Credentials.
Content Credentials (ці ўліковыя даныя кантэнту) — гэта від метаданых, абароненых ад падробкі. Яны дазваляюць стваральнікам дадаваць дадатковую інфармацыю пра сябе і свой творчы працэс непасрэдна ў свой кантэнт, напрыклад, пры экспарце або спампоўванні. Метаданыя — гэта такі від даных, якія даюць інфармацыю аб іншых даных, але не змест саміх гэтых даных (то-бок не раскрываюць самой выявы, калі размова ідзе пра фота). Метаданыя забяспечваюць кантэкст з дапамогай такіх дэталяў, як, напрыклад, крыніца, тып, уладальнік і адносіны да іншых набораў даных.
Выява: Leica
Content Credentials з'яўляюцца вынікам намаганняў Content Authenticity Initiative (CAI) і Coalition for Content Provenance and Authenticity (C2PA). CAI — група стваральнікаў, тэхнолагаў, журналістаў і актывістаў, аб’яднаных барацьбой за аўтэнтычнасць кантэнту і супраць лічбавай дэзынфармацыі. C2PA — фармальная кааліцыя, прысвечаная выключна распрацоўцы тэхнічных стандартаў і спецыфікацый у якасці асновы для ўніверсальнага паходжання кантэнту. Гэтыя дзве ўзаемазвязаныя актывісцкія групы стварылі сістэму Content Credentials у адказ на рост злоўжыванняў і няправільнага выкарыстання генератыўных сістэм штучнага інтэлекту пры стварэнні і распаўсюджванні дэзынфармацыі ў інтэрнэце.
Прадстаўнік CAI заявіў, што запуск Leica M11-P паспрыяе дасягненню мэты CAI па пашырэнні магчымасцяў фатографаў ва ўсім свеце далучаць уліковыя даныя змесціва да сваіх фатаграфій падчас здымкі, «ствараючы ланцуг аўтэнтычнасці ад камеры да воблака і дазваляючы фатографам захоўваць пэўны кантроль над сваім мастацтвам, гісторыяй і кантэкстам».
Content Credentials працуе, фіксуючы пэўныя метаданыя пра фатаграфію: камеру, выкарыстаную для здымкі, а таксама месцазнаходжанне, час і іншыя дэталі. Усе гэтыя важныя дэталі фіксуюцца ў бяспечным «маніфесце», які злучаны з самой выявай з дапамогай крыптаграфічнага ключа. Гэтыя ўліковыя даныя можна лёгка праверыць у інтэрнэце або ў мабільнай праграме Leica FOTOS. Кожны раз, калі хтосьці пасля рэдагуе гэтую фатаграфію, змены запісваюцца ў абноўлены «маніфест», паўторна злучаюцца з выявай і абнаўляюцца ў базе даных Content Credentials кожны раз, калі фота публікуецца ў сацыяльных сетках.
Карыстальнікі, якія знаходзяць гэтыя выявы ў інтэрнэце, могуць націснуць на значок CR у куце, каб убачыць усю гісторыю зменаў «маніфесту», і прасачыць увесь ланцужок назад да першапачатковага фатографа. CAI апісвае Content Credentials як «харчовую этыкетку» для фатаграфій.
Сама камера M11-P — гэта менавіта тое, чаго можна было чакаць ад кампаніі, якая займае перадавыя пазіцыі на рынку фотакамер ажно з сярэдзіны мінулага стагоддзя. Engaget паведамляе, што навінка ідзе з датчыкам BSI CMOS на 60 МП на працэсары Maestro-III з 256 ГБ унутранай памяці. M11-P ужо з’явілася ў продажы; але купіць камеру коштам у 9480 даляраў змогуць дазволіць сабе, напэўна, не ўсе фотажурналісты.
Чытайце таксама:
Google-пошук уводзіць у падман і шкодзіць дэмакратыі. Тлумачым, як не даць сябе падмануць
YouTube неўзабаве можа дазволіць музыкам пазычаць свае створаныя штучным інтэлектам галасы