«Я не справіўся. Мы ўсе схільныя рабіць памылкі». Максім Мірны пакаяўся, што ў 2020-м падтрымаў народ, а не рэжым

Раней паведамлялася, што пасля больш чым трох гадоў маўчання вядомы тэнісіст Максім Мірны апублікаваў кароткі пост у інстаграме, дзе прыхільна выказаўся пра тое, што рэжым Лукашэнкі сёння робіць для развіцця спорту. Цяпер жа ў інстаграме Беларускай федэрацыі тэнісу з'явіліся больш разгорнутыя ягоныя развагі, сказаныя на адкрытай трэніроўцы, якую Мірны правёў для юных тэнісістаў у сваім комплексе ў Мінску. 

30.10.2023 / 23:10

Максім Мірны. Фота: Getty Image

Найперш Мірны пакаяўся за тое, што ў 2020-м публічна падтрымаў беларускі народ, а не рэжым Лукашэнкі. У жніўні 2020 года, калі ў Беларусі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў разгарэліся пратэсты, ён, як вядома, выступіў супраць гвалту і заклікаў міжнародную супольнасць дапамагчы яго спыніць. Той пратэсны пост быў выдалены з інстаграма Мірнага толькі ў канцы лютага 2021 года.

Цяпер Мірны пра гэта шкадуе:

«Я не справіўся. Я жывы чалавек. Мы ўсе схільныя рабіць памылкі. Я шкадаваў пра свой эмацыйны выступ. Сёння, вярнуўшыся ў маю звыклую Беларусь, я адчуваю сябе спакайней і больш упэўнена».

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Белорусская теннисная федерация (@belarustennis)

І далей працягваў сыпаць кампліменты рэжыму і асуджаць уведзеныя супраць яго абмежаванні:

«Я люблю свой горад. Я люблю сваю краіну. Я з вялікім гонарам называю сябе беларусам. Падчас маёй прафесійнай кар'еры я заўсёды ўсё рабіў, што было ў маіх сілах, для прадстаўлення нашай краіны на самых буйных турнірах, на самых буйных арэнах. І мае намер дзейнічаць гэтак жа і ў будучыні. Цяпер у мяне для гэтага ёсць больш часу, сілы і запалу, бо шмат часу не траціцца на прафесійную дзейнасць.

Я з аптымізмам гляджу ў будучыню. Упэўнены, што Беларусь будзе развівацца. Праз дурныя абмежаванні, якія закранулі беларускі спорт, мы не можам у поўнай меры прадстаўляць нашу краіну. Аднак мы метадычна працуем у тым кірунку, каб здаровы сэнс перамог. І я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць…

У Беларусі ёсць усе ўмовы для развіцця кожнага віду спорту. Я ўпэўнены, што гэта будзе даваць свой плён у будучыні».

Чытайце таксама:

Серэна Уільямс выразала з сумеснай фатаграфіі Арыну Сабаленка

Удава хакеіста Руслана Салея паказала фота сваіх дарослых дзяцей

Стала вядома, як Домрачава і Б'ёрндален назвалі сваю другую дачку

Nashaniva.com