Армія абароны Ізраіля вызваліла 19-гадовую закладніцу, узятую ў палон баевікамі ХАМАС

Оры Мегідзіш падчас апытання Службай бяспекі прадэманстравала цудоўную памяць, расказаўшы каштоўную інфармацыю.

31.10.2023 / 08:34

Фота: прэс-служба ЦАХАЛ

Прэс-служба Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) і Служба бяспекі (ШАБАК) распаўсюдзілі сумесную заяву, у якой гаворыцца, што падчас наземнай аперацыі ў сектары Газа была вызваленая ваеннаслужачая, узятая ў закладнікі баевікамі ХАМАСа 7 кастрычніка.

З палону вызвалена радавая Оры Мегідзіш, яна была назіральніцай на мяжы з Газай.

Дзяўчыну агледзелі дактары, яе стан добры. Яна сустрэлася са сваімі роднымі.

«ЦАХАЛ і ШАБАК працягваць прыкладаць намаганні для таго, каб вызваліць усіх закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ХАМАС», — гаворыцца ў паведамленні.

ЦАХАЛ не раскрывае падрабязнасці аперацыі, падчас якой была вызвалена з палону Оры Мегідзіш, каб «захаваць аператыўныя магчымасці». Аднак прадстаўнік ЦАХАЛ Даніэль Хагары паведаміў, што ў ходзе расследавання Оры дала важную інфармацыю, прадэманстраваўшы добрую памяць. І гэтая інфармацыя будзе выкарыстоўвацца арміяй і службамі бяспекі ў далейшым.

Паводле паведамленняў у СМІ, пасля вызвалення дзяўчына была таемна дастаўлена ў бальніцу ў Беэр-Шэве. Толькі пасля таго, як яна магла расказаць пра перажытае, было абвешчана пра яе вызваленне.

Чытайце таксама:

Нетаньяху абвясціў пра пачатак трэцяга этапу вайны з ХАМАС

Прэзідэнт Ізраіля пацвердзіў гібель 22-гадовай Шані Лук і расказаў некаторыя падрабязнасці

Целы ахвяр атакі ХАМАС былі знойдзеныя ў абдымках 

Nashaniva.com