У Дагестане праз суткі пасля пагрому ў аэрапорце за ўдзел у антысеміцкіх беспарадках затрымалі 83 чалавекі

«Вышуковыя дзеянні працягваюцца».

31.10.2023 / 09:52

Беспарадкі ў аэрапорце 29 кастрычніка. Фота: AP

За суткі, якія прайшлі пасля антысеміцкіх беспарадкаў у Махачкале, затрыманыя 83 удзельнікі пагрому, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу ГУ МУС Расіі па Паўночна-Каўказскай федэральнай акрузе.

Раніцай 30 кастрычніка прадстаўнікі МУС казалі, што ўстаноўленыя, у тым ліку на падставе фота– і відэаздымкі, асобы прыкладна 150 удзельнікаў беспарадкаў, каля 60 чалавек на той момант былі затрыманыя і дастаўленыя ў аддзяленні паліцыі.

«МУС, УФСБ і СК Расіі па Рэспубліцы Дагестан працягваюць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні, накіраваныя на ўстанаўленне і затрыманне арганізатараў і актыўных удзельнікаў масавых беспарадкаў у аэрапорце горада Махачкала. На гэты момант затрыманыя 83 асобы, якія бралі ўдзел у супрацьпраўнай дзейнасці», — сказалі ў прэс-службе.

У ГУ МУС дадалі, што паліцэйскія правялі больш за 50 ператрусаў, падчас якіх канфіскаваныя аргтэхніка і тэлефоны, якія з'яўляюцца доказнай базай датычнасці гэтых асоб да арганізацыі і ўдзелу ў масавых беспарадках.

Масавыя беспарадкі адбыліся 29 кастрычніка ў аэрапорце Махачкалы з-за прыбыцця рэгулярнага рэйса з Тэль-Авіва на фоне абвастрэння сітуацыі на Блізкім Усходзе.

Чытайце таксама:

На «пагромным» рэйсе з Ізраіля ў Махачкалу быў прынамсі адзін грамадзянін Беларусі

Памёр адзін з паліцэйскіх, які пацярпеў падчас беспарадкаў у аэрапорце Махачкалы

«Людзі нават пра бунт вагнераўцаў забыліся. Забудуць і гэта». Што пра антысеміцкі пагром у Махачкале думаюць у Крамлі?

У Дагестане праходзяць пратэсты пад антысеміцкімі лозунгамі, пагромшчыкі ўварваліся ў аэрапорт

Nashaniva.com