«Найбольшы ўклад у нагнятанне робяць людзі, якіх падазраюць у супрацоўніцтве са спецслужбамі. Напрыклад, Карач ці Цапкала»
За беларусаў у кантэксце літоўскай дыскусіі аб пагрозе ліцвінізму заступіўся літоўскі палітык Вайдас Аўгунас.
31.10.2023 / 18:19
«Беларусы — самы блізкі і лаяльны этнас», — лічыць Вайдас Аўгунас. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
На сайце Lrt.lt з'явіўся артыкул члена Літоўскай цэнтральнай выбарчай камісіі, а ў мінулым супрацоўніка Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы Вайдаса Аўгунаса (Vaidas Augūnas), у якім аўтар спрабуе высветліць, «ці існуе ўвогуле такая зʼява, як ліцвінізм, і калі так, то ці ўяўляе ён хоць невялікую небяспеку для Літвы і яе дзяржаўнасці».
Аўгунас, якому 45 гадоў, валодае (так пазначана ў яго анкеце на сайце ЦВК Літвы) рускай мовай і сцвярджае, што больш за два дзесяцігоддзі сочыць за падзеямі ў Беларусі і ведае шмат яе грамадзян, у тым ліку большасць палітычных і грамадскіх лідараў дэмакратычнай накіраванасці, якія знайшлі прытулак як у Літве, так і ў іншых краінах ЕС і НАТА.
Чаму беларусы не прэтэндуюць на Вільню
Аўгунас адзначае, што сярод яго знаёмых-беларусаў ёсць тыя, хто шчыра лічыць, што гісторыя Літвы і Беларусі бярэ свой пачатак з «дрэва, якое вырасла з адных каранёў». Аднак, адзначае аўтар, ён ні ад кога з беларусаў не чуў, што Вільня павінна належаць Беларусі. Аўгунас задаецца пытаннем чаму і сам жа называе некалькі прычын.
Першая заключаецца ў тым, што ў сучаснай Беларусі гэтае пытанне не абмяркоўваецца ні публічна, ні ўнутры розных груп.
«Беларусы-нацыяналісты ў сваёй большасці рэпрэсаваныя ці ўжо пакінулі радзіму. А большая частка грамадства робіць усё, абы іх не заўважылі спецслужбы. Цікавасць да гісторыі зʼяўляецца адной з сутнасных характарыстык, якая абавязкова прывядзе да такой увагі», — лічыць Аўгунас.
Другой прычынай, якую называе аўтар, зʼяўляецца той факт, што «сучаснае беларускае грамадства вельмі мала ведае аб перыядзе супольнай гісторыі з Літвою». Аўтар сцвярджае, што ў школьнай праграме беларускіх школ гэтаму перыяду надаецца ўвага толькі ў пятым класе, а асноўная ўвага скіравана на падзеі ХХ стагоддзя, асабліва Другой сусветнай вайны.
Зразумела, працягвае Аўгунас, што і падчас вучобы ў ВНУ гэтаму аспекту надаецца мала ўвагі, і «паглыбляцца ў гэтую тэму ў вольны ад вучобы час не толькі не пажадана, але і небяспечна». Такім чынам, робіць вывад Аўгунас, «гістарычны аналіз гэтага перыяду неактуальны, у грамадзян Беларусі няма ні дастатковых ведаў, ні матывацыі яго даследаваць ці абмяркоўваць».
Нарэшце, трэцяя прычына палягае ў тым, што ніхто з найбольш вядомых палітычных ці грамадскіх дзеячаў Беларусі (нават радыкальных поглядаў) за апошнія два дзесяцігоддзі афіцыйна не выказваў прэтэнзій ні на Вільню, ні на якую іншую частку Літвы.
«Нават тыя асобы, якіх мінскі рэжым лічыць апалагетамі беларускага нацыяналізму (напрыклад, былы лідар Народнага фронту Зянон Пазняк), заўсёды падкрэслівалі супольнасць з суседнімі краінамі і ні разу не вылучалі тэрытарыяльных прэтэнзій», —
заўважае Аўгунас і звяртае ўвагу, што ў той жа час Расія ўвесь час паўтарае свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Вільню, Клайпеду і некаторыя іншыя літоўскія землі.
Такія развагі прыводзяць аўтара да вываду аб тым, што ў Беларусі ліцвінізму няма як па прычыне таго, што ў афіцыйнай дзяржаўнай палітыцы няма жадання да папулярызацыі гісторыі, бо гэта супярэчыць прамым інтарэсам рэжыму (як вядома, нацыяй, якая не ведае сваёй гісторыі і каранёў, лягчэй кіраваць). З другога боку, дэмакратычная апазіцыя не высоўвае тэрытарыяльных прэтэнзій Літве, а дэкларуе лаяльнасць прызнаным дзяржаўным межам.
Навошта прыдумана праблема
Вайдас Аўгунас спрабуе разабрацца, чаму, калі дэ-факта праблемы не існуе, яе спрабуюць прыдумаць? «Чаму ўвогуле ўзнікла гэтая дыскусія і хто тыя людзі, якія працягваюць паднімаць яе ў публічным дыскурсе?» — задаецца пытаннямі аўтар.
На погляд Аўгунаса, на гэта пытанне ёсць «дастаткова адназначны адказ — за абвастрэннем гэтай тэмы крыецца імкненне Расіі пасварыць Літву і тых патрыятычна настроеных беларусаў, якія выступаюць супраць канчатковага ўключэння Беларусі ў склад Расіі». У гэтым кірунку спецслужбы Расіі і Беларусі працуюць разам.
Выказаную гіпотэзу, па словах Аўгунаса, можа пацвердзіць той факт, што «найбольшы ўклад у нагнятанне напружанасці робяць людзі, якіх падазраюць у супрацоўніцтве з беларускімі і расійскімі спецслужбамі (напрыклад, Вольга Карач ці Валеры Цапкала)». А некаторыя «доказы» быццам бы антаганізму паміж літоўцамі і беларусамі «нават для неспрактыкаванага вока выглядаюць не больш як інфармацыйнымі спецаперацыямі спецслужбаў з усходу».
Аўгунас адзначае, што вельмі сумна ад таго, што «некаторыя палітыкі з абодвух бакоў літоўскага палітычнага спектра адразу ж паспяшаліся скарыстаць нібыта абвастрэнне сітуацыі ў гэтай сферы, каб мабілізаваць свой электарат». І яму цяжка зразумець, чаму гэтыя палітыкі выбралі ў якасці мішэні беларусаў — «гістарычна самую лаяльную этнічную меншасць Літоўскай Рэспублікі».
Аўгунас лічыць, што такія палітыкі не хочуць звяртаць увагу на сапраўды небяспечныя для літоўскай дзяржавы ініцыятывы, як, напрыклад, польская трактоўка падзей 1920 года ці антыізраільскія маршы ў цэнтры літоўскай сталіцы і магчыма звязаныя з імі гісторыі з меркаваным мініраваннем вучэбных устаноў.
«Узнікае думка, што дрэнна арганізаваная беларуская апазіцыя зʼяўляецца проста больш зручнай мішэнню, чым іншыя ініцыятывы, якія сапраўды ўяўляюць небяспеку для літоўскай дзяржаўнасці», —
піша аўтар і заўважае, што праблему яшчэ больш падагрэла інфармацыя аб ініцыятыве Офіса Святланы Ціханоўскай выдаваць пашпарты новай Беларусі.
«Некаторым падалося, што «Пагоня», якая павінна ўпрыгожваць гэты дакумент, зʼяўляецца доказам таго, што асобныя беларускія групы не адмовіліся ад жадання прысвоіць сабе гісторыю Літвы ці нават выказаць на яе тэрытарыяльныя прэтэнзіі <…>
Варта разумець, што «Пагоня» для беларусаў — такі ж важны гістарычны сімвал, як і для нас, і менавіта за ім гуртуюцца празаходнія сілы Беларусі. Тым больш што сама Святлана Ціханоўская адназначна падкрэслівае, што тэрытарыяльная цэласнасць Літвы абсалютна бясспрэчная», — адзначае Аўгунас.
Пытанне нацыянальных меншасцей у Літве
У апошняй частцы свайго артыкула аўтар засяроджвае ўвагу на праблеме этнічных меншасцей і іх інтэграцыі ў літоўскае грамадства.
Аўгунас прыводзіць звесткі аб тым, што за апошнія два-тры гады ў Літву прыбыло прыкладна 80 тысяч украінцаў, 60 тысяч беларусаў і 20 тысяч рускіх. Па словах аўтара, значная колькасць гэтых людзей мае дазволы на жыхарства і можа карыстацца грамадзянскімі і нават палітычнымі правамі.
Але пытанне ў тым, ці інтэграваліся гэтыя людзі ў літоўскае грамадства, ці вывучылі яны літоўскую мову або ці спрабуюць гэта зрабіць.
Па погляд Аўгунаса, адказ на гэтае пытанне неадназначны. Тыя, хто хоча інтэгравацца, паспелі гэта зрабіць ці робяць імклівыя крокі ў гэтым напрамку. Аўтар заўважае, што разумее тых, хто вымушаны быў эміграваць і цяпер пачынае ўсё з нуля. Але гэта не нагода не матываваць гэтых людзей вывучаць літоўскую мову і глыбей інтэгравацца ў грамадства.
«Нам яшчэ ёсць куды ўдасканальвацца ў гэтай галіне», — лічыць Аўгунас.
Але іншае пытанне заключаецца ў тым, «ці здолела Літва за тры дзесяцігоддзі незалежнасці вырашыць пытанне інтэграцыі аўтахтонных меншасцей у літоўскае грамадства?»
Аўтар піша, што ў Літве жыве звыш 160 тысяч палякаў і каля 130 тысяч рускіх, не кажучы пра іншыя этнічныя меншасці.
«Няўжо гэтых трох дзесяцігоддзяў не хапіла, каб яны хаця б добра вывучылі дзяржаўную мову, а нелаяльныя палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі былі б забароненыя?» — пытаецца Аўгунас.
І вось тут адказ адназначны — не. «Ніводны з урадаў Літвы не знайшоў неабходнасці і цікавасці займацца гэтым пытаннем, што, несумненна, выклікала б пэўную ўнутраную і геапалітычную напружанасць, а можа быць, нават антаганізм. І, у адсутнасць палітычнай волі, у нас да гэтага часу няма палітыкі ці стратэгіі інтэграцыі не толькі імігрантаў, але і аўтахтонных груп.
Дзяржаўныя інстытуты, якія павінны дзейнічаць у гэтай сферы, займаюцца толькі адміністрацыйнымі пытаннямі», — сцвярджае аўтар і дадае, што ў краіне няма ні адукацыйных, ні акадэмічных інстытутаў, якія б маглі распрацоўваць стратэгію і здзяйсняць інтэграцыю.
«Усё пакінута на самацёк, кожны спрабуе «адкінуць» праблему як мага далей, за межы свайго тэрміну паўнамоцтваў. Мы не звяртаем увагі на тое, што яна становіцца ўсё большай і большай, ствараючы ўсё больш выклікаў для дзяржавы», — лічыць аўтар.
Аўгунас адзначае, што замест таго, каб думаць стратэгічна і рабіць канкрэтныя дзеянні, быў выбраны самы просты шлях — канфрантацыя з самым блізкім і лаяльным этнасам.
«Ці ёсць будучыня ў такога рашэння і наколькі яно нам карысна? Гэта пытанне, на якое мы павінны сапраўды адказаць сабе і, зрабіўшы гэта, неадкладна прыняць меры для паляпшэння сітуацыі», — завяршае свой артыкул Вайдас Аўгунас.
Чытайце яшчэ:
Дыскусія аб «ліцвінізме». Што рабіць з беларускай перспектывы?
Чаму літоўцы баяцца ліцвінізму
Дзяржбяспека Літвы апублікавала сваю ацэнку ліцвінізму і рызыкі, з ім звязанай
«Гэты працэс мусіць вітацца ў Літве». Ліцвінізм: погляд з Вільні