Мінабароны папярэдзіла беларусаў пра «адміністратыўку» за няправільна пададзены нумар тэлефона

Першы намеснік міністра абароны, начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Віктар Гулевіч прыгразіў беларускім прызыўнікам адміністрацыйным пакараннем за няправільна пазначаны ва ўліковых звестках нумар тэлефона.

02.11.2023 / 10:47

Віктар Гулевіч падчас прадстаўлення законапраекта. Скрыншот з відэа

У законапраекце «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі», які ўжо прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў, прадугледжаная норма, што абавязвае беларусаў, якія стаяць на вайсковым уліку, інфармаваць ваенкамат пра змену свайго абаненцкага нумара ў сетцы аператараў электрасувязі ў тыднёвы тэрмін. Пра гэта расказаў намеснік міністра абароны і начальнік Генеральнага штаба Віктар Гулевіч, прадстаўляючы 1 лістапада законапраект у Палаце прадстаўнікоў.

Гулевіч заявіў, што тых, хто сам не паведаміць пра змену кантактнага нумара, плануюць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці.

«У выпадку ўзнікнення пытанняў, звязаных з адказнасцю вайсковаабавязаных, вайсковым камісарам мабільнаму аператару будзе накіроўвацца адпаведны запыт. Абавязак аператара даваць звесткі аб абаненцкіх нумарах ўстаноўлены ў разгляданым законапраекце», — растлумачыў Гулевіч.

Таксама раней стала вядома, што Савет Міністраў Беларусі прапанаваў заканадаўча замацаваць магчымасць выкліку беларускіх прызыўнікоў у ваенкамат з дапамогай СМС-паведамленняў.

Аднак, па словах Віктара Гулевіча, прыраўноўвацца да традыцыйных позваў яны будуць толькі ў ваенны час.

Акрамя таго, у гэтым жа законапраекце прапануецца павысіць штрафы за парушэнні супраць парадку прыпіскі беларусаў да прызыўных участкаў, прызыву на вайсковую службу і вайсковага ўліку.

Чытайце таксама:

Позва па SMS — юрысты тлумачаць, што хочуць змяніць у законе. Ёсць важныя моманты

Ваеннаабавязаных чакаюць змены. Яны тычацца службы па кантракце і адтэрміноўкі ад мабілізацыі

Ухіліцца ад позвы больш не атрымаецца, а прызываць у войска будуць па СМС — рыхтуюцца змены ў заканадаўстве

«Верхняя пятля правай часткі варот адарвалася, і вароты ўпалі на старшага лейтэнанта». Belpol даведаўся пра будні «12-й арміі свету»

Nashaniva.com