Залужны: Вайна зайшла ў тупік. Яна можа зацягнуцца на гады і выматаць украінскую дзяржаву
«Глыбокага і прыгожага прарыву, хутчэй за ўсё, не будзе», — мяркуе галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны.
02.11.2023 / 15:47
Валерый Залужны. Фота: Efrem Lukatsky / AP
Галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Украіны Валерый Залужны ў інтэрв'ю выданню The Economist заявіў, што сітуацыя на фронце зайшла ў тупік, а ўкраінскі наступ рызыкуе змяніцца пазіцыйнай вайной, якая можа зацягнуцца на гады. «Глыбокага і прыгожага прарыву, хутчэй за ўсё, не будзе», — сказаў Залужны. «Медуза» прыводзіць асноўнае з інтэрв'ю.
За пяць месяцаў наступу Украіне ўдалося прасунуцца на 17 кіламетраў. У сваю чаргу Расія 10 месяцаў вяла баі за Бахмут, «каб узяць горад [плошчай] шэсць на шэсць кіламетраў».
«Як і ў Першую Сусветную вайну, мы дасягнулі ўзроўню развіцця тэхналогій, які ставіць нас у тупік», — лічыць Залужны.
Галоўнакамандуючы УСУ прызнаў, што было памылкай думаць, што Расію можна спыніць, абяскровіць яе войскі. «Расія страціла забітымі не менш за 150 тысяч чалавек. У любой іншай краіне такія страты спынілі б вайну», — адзначыў Залужны. На яго думку, у Расіі жыццё каштуе танна, а Уладзімір Пуцін пераймае метады баявых дзеянняў часоў Першай і Другой сусветных войнаў.
Залужны распавёў, што планы наступу УСУ мелі на ўвазе, што ўкраінскія войскі будуць прасоўвацца на 30 кіламетраў у дзень, пераадольваючы расійскія абарончыя лініі. Як піша The Economist, галоўнакамандуючы «саркастычна» дадаў: «Калі вы паглядзіце на падручнікі NATO і на разлікі, якія мы рабілі [пры планаванні], чатырох месяцаў нам павінна было хапіць, каб дабрацца да Крыма, паваяваць у Крыме, вярнуцца з Крыма і зноў увайсці і выйсці».
Замест гэтага, піша The Economist, украінская армія, узброеная заходняй тэхнікай, затрымалася на мінных палях пад ударамі расійскай артылерыі і беспілотнікаў.
«Спачатку я падумаў, што з нашымі камандзірамі нешта не так, таму памяняў некаторых з іх. Потым я падумаў, што, можа быць, нашы салдаты не пасуюць, таму я перавёў салдат у іншыя брыгады», — распавёў Залужны. Але, паводле яго, перастаноўкі не далі выніку. Тады ён загадаў сваім падначаленым знайсці кнігу савецкага генерал-маёра Паўла Смірнова «Прарыў умацаваных ліній абароны» 1941 года, у якой аналізаваліся бітвы Першай сусветнай вайны.
«І, не прачытаўшы нават паловы, я зразумеў, што мы знаходзімся менавіта там, бо, як і тады, узровень нашага тэхналагічнага развіцця сёння прывёў у тупік і нас, і нашых ворагаў», — адзначыў Залужны.
Галоўнакамандуючы УСУ распавёў пра паездку ў Аўдзееўку, дзе расійскія войскі некалькі тыдняў спрабуюць весці наступ.
«На экранах нашых манітораў у той дзень, калі я быў там, мы бачылі 140 падпаленых расійскіх машын, знішчаных цягам чатырох гадзін пасля таго, як яны апынуліся ў зоне дасяжнасці нашай артылерыі», — сказаў Залужны. Ён дадаў, што і ўкраінскія вайскоўцы сутыкаюцца з такімі ж цяжкасцямі, калі спрабуюць наступаць.
«Мы бачым усё, што робіць вораг, а яны бачаць усё, што робім мы. Каб выйсці з гэтага тупіка, нам трэба нешта новае, напрыклад, порах, які вынайшлі кітайцы і які мы дагэтуль выкарыстоўваем, каб забіваць адно аднаго», — лічыць Залужны.
Паводле яго слоў, каб выйсці з сітуацыі, якая склалася, украінскай арміі патрэбныя інавацыі ў галіне беспілотнікаў, радыёэлектроннай барацьбы і абсталявання для размініравання, уключаючы новыя рабатызаваныя рашэнні. Аднак, на думку Залужнага, няма ніякіх прыкмет, што ў найбліжэйшы час такі тэхналагічны прарыў адбудзецца.
Таму, заявіў ён, украінскай арміі застаецца толькі працягваць наступ, захоўваючы ініцыятыву, каб не дазволіць вайне стаць пазіцыйнай.
«Самая вялікая рызыка пазіцыйнай вайны заключаецца ў тым, што яна можа зацягнуцца на гады і выматаць украінскую дзяржаву», — сказаў Залужны. Ён таксама адзначыў, што Расіі працяглая вайна выгадная. У тым ліку таму, што Захад можа стаміцца ад вайны, а Расія за гэты час зможа папоўніць свае вайсковыя рэсурсы.
«Нам трэба шукаць рашэнне, нам трэба знайсці гэты порах, хутка асвоіць яго і выкарыстоўваць для хутчэйшай перамогі. Бо рана ці позна мы выявім, што ў нас проста не хапае людзей для барацьбы», — сказаў на заканчэнне Залужны.
***
Раней The Economist апублікаваў артыкул Залужнага, у якім ён заявіў, што канфлікт паміж Расіяй і Украінай пераходзіць на новы этап пазіцыйнай вайны са знясільваючымі баямі.
Такая сітуацыя, папярэдзіў Залужны, выгадная ў першую чаргу Расіі. «Нельга недаацэньваць Расію. Яна панесла вялікія страты і выдаткавала шмат боепрыпасаў. Але яна яшчэ доўга будзе мець перавагу ва ўзбраенні, тэхніцы, ракетах і боепрыпасах», — лічыць галоўнакамандуючы УСУ.
Украіне, каб перамагчы, пісаў Залужны, патрэбныя новыя, інавацыйныя падыходы, якія»могуць зноў ператварыць гэтую вайну пазіцый у вайну манеўраў».
Чытайце таксама:
Чаму Украіна не здолела прарвацца да Азоўскага мора? І што гэта значыць для рэгіёна?
Зяленскі: Мне здаецца, што мы знаходзімся ў апошняй стадыі вайны, але самай складанай
Падаляк пра контрнаступ: Мы адстаем ад графіка на шэсць-дзевяць месяцаў