«Расфарміраваны канчаткова». У Дзярждуме абвясцілі, што «Вагнера» больш не існуе
Расійскія чыноўнікі назвалі фэйкам інфармацыю аб аднаўленні набора ў ПВК «Вагнер» у расійскіх гарадах і заявілі, што цяпер у вагнераўцаў не будзе аніякіх самастойных структур, асабліва пад камандаваннем сваякоў Прыгожына.
02.11.2023 / 21:59
Эмблема ПВК «Вагнер» на смеццевым вядры. Фота: NurPhoto / Contributor Getty Images
«ПВК «Вагнер» канчаткова расфарміравана. Большасць яе байцоў цяпер знаходзяцца ў працэсе пераходу ў іншыя месцы службы: хтосьці ідзе ва Узброеныя сілы, хтосьці ў Мінабароны, а хтосьці ў Расгвардыю», — заявіў старшыня камітэта Дзярждумы Расіі па абароне Андрэй Картаполаў расійскаму выданню «Парламенцкая газета».
Ён адзначыў, што ніякага паглынання «Вагнера» іншымі сілавымі ведамствамі быць не можа, бо яго ўжо не існуе ў якасці асобнай структуры. Таму былыя вагнераўцы могуць ісці на вайсковую службу толькі як «самастойныя добраахвотнікі на агульных умовах», сказаў Картаполаў.
Тое ж меркаванне выказаў і старшыня IT-камітэта Дзярждумы Аляксандр Хінштэйн, каментуючы нядаўні артыкул «Медузы» аб аднаўленні набора ў ПВК «Вагнер» у расійскіх гарадах і яго ўваход у склад Расгвардыі пад камандаваннем Паўла Прыгожына, сына памерлага кіраўніка вагнераўцаў Яўгена Прыгожына.
Чыноўнік назваў гэтую інфармацыю фэйкам.
«У сацсетках і тэлеграм-каналах у апошні час з'явілася навіна аб уваходжанні «Вагнера» у склад Расгвардыі ў якасці новага падраздзялення. Паўтаруся зноў, паглынанне прыватнай ваеннай кампаніі Расгвардыяй па законе немагчыма. Былыя вагнераўцы могуць заключаць кантракты толькі ў якасці добраахвотнікаў у індывідуальным парадку», — паведаміў Хінштэйн.
Чыноўнікі ў каментарах да «Парламенцкай газеты» таксама падкрэслілі, што ў бліжэйшай перспектыве не ідзе гаворкі аб стварэнні аналагу «ПВК» Вагнер, бо гэта не адпавядае расійскім законам аб прыватных ваенных кампаніях.
Чытайце таксама: