У Польшчы затрыманы былы добраахвотнік Палка «Пагоня» Яўген «Карыч» Каранкевіч
Раней СБУ выдала яму рашэнне аб дэпартацыі, бо падазравала ў супрацы з КДБ. Цяпер хлопец знаходзіцца ў турэмнай лякарні.
06.11.2023 / 08:24
Яўген Каранкевіч. Фота: тэлеграм-канал FRANЦ
21-гадовы Яўген Каранкевіч з 2020-га вучыўся ў Польшчы па праграме Каліноўскага на праграміста.
У лютым 2022-га ён ненадоўга вярнуўся ў Беларусь, дзе быў затрыманы. У яго прайшоў ператрус і агляд тэхнікі, які праводзілі супрацоўнікі КДБ. Каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці, якой яму пагражалі, Яўген вусна пагадзіўся супрацоўнічаць з КДБ, але па прыездзе ў Польшчу расказаў пра гэта спецслужбам краіны.
Каранкевіч вырашыў паехаць ваяваць ва Украіну ў складзе Палка «Пагоня». Пасля таго, як ён прайшоў падрыхтоўку і выехаў ва Украіну, яму давялося пайсці дабравольцам у Полк Каліноўскага, бо ў «Пагоні» не было магчымасці падпісаць кантракт з УСУ.
Пазней кандыдатуру хлопца і ягонага сябра, былога палітвязня Ціхана Клюкача, забракавала СБУ, не тлумачачы прычынаў. Ім абодвум уручылі позвы аб дэпартацыі. Адбыўся скандал. Каранкевічу давялося перасякаць мяжу з Польшчай і шукаць там прытулку. А ўвесну 2023-га Яўген прайграў суд СБУ, якая афіцыйна патлумачыла гэта так:
«Падчас допыту з выкарыстаннем паліграфа СБУ былі атрыманыя звесткі аб магчымым знаходжанні беларуса ў агентурным апараце спецслужбаў або праваахоўных органаў Беларусі і выкананні задач на шкоду нацыянальнай бяспецы Украіны. Таксама былі выяўленыя прыкметы дэвіянтных паводзін і дэзадаптацыйныя схільнасці, якія могуць ускладніць знаходжанне гэтай асобы ў шэрагах Узброеных сіл Украіны і прывесці да цяжкіх наступстваў.
Улічваючы варожае стаўленне Рэспублікі Беларусь да Украіны, было прапанавана органу вайсковага ўпраўлення Узброеных сіл Украіны адмовіць грамадзяніну Беларусі ў праходжанні вайсковай службы ў нацыянальных вайсковых фармаваннях Украіны, так як знаходжанне грамадзян Беларусі, якія скампраметаваныя супрацай з нацыянальнымі спецслужбамі, на тэрыторыі Украіны стварае пагрозу дзяржаўнай бяспецы».
Пасля гэтага Каранкевіч жыў у Польшчы. Клюкач праз час змог вярнуцца на фронт.
Затрымалі Каранкевіча яшчэ 8 верасня.
Добраахвотнік Ціхан Клюкач прывёў у сваім тэлеграм-канале такое тлумачэнне:
«У горадзе, дзе ён жыў, яму давялося тлумачыць некаторым прадстаўнікам краін Блізкага Усходу, якія фактычна адкрыта распаўсюджвалі сярод мясцовай моладзі наркатычнае рэчыва, што такой дзейнасцю ім лепш займацца на сваёй радзіме, а не ў Еўропе.
У выніку размовы з адным з барыг-мігрантаў Яўген атрымаў траўмы чэрапа й таза, бо той спрабаваў збіць яго на аўтамабілі, пазней разам з некалькімі паплечнікамі быў затрыманы польскай паліцыяй, была заведзена крымінальная справа. Цяпер Яўген знаходзіцца ў турэмнай лякарні».
Ціхан удакладніў «Нашай Ніве», што Каранкевіч у лякарні з самага пачатку тэрміну. Пад следствам не толькі Яўген, але і некалькі яго сяброў.
Па якім артыкуле заведзена справа, што за «тлумачэнні» мігрантам праводзіў Каранкевіч, Клюкач гаварыць не стаў. «Больш нічога сказаць не магу», — коратка патлумачыў ён.
Чытайце таксама:
Сталі вядомыя прычыны недаверу да двух байцоў «Пагоні». Адзін з іх сапраўды быў завербаваны КДБ
Беларус, якому не далі ваяваць за Украіну, падаў у суд на СБУ і прайграў