Тонкі намёк? Топ-чыноўнікі не прыйшлі на адкрыццё помніка Аляксандру Неўскаму, а сам помнік тлумачаць «даніной павагі расейцам»
Абстаноўка і выказванні на адкрыцці помніка Аляксандру Неўскаму ў Мінску звярнулі ўвагу.
15.11.2023 / 19:36
Гісторык Ігар Марзалюк адбівае паклоны помніку Аляксандру Неўскаму. Фота: тэлеграм-канал Міністэрства абароны
На ўчорашнюю ўрачыстасць адправілі інспектара па Мінску Аляксандра Барсукова, намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама Арцёма Цурана, праўладнага гісторыка і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка (які кланяўся расійскаму князю), старшыню камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Сяргея Рачкова, а таксама памочніка Міністра абароны па ідэалагічнай рабоце генерал-маёра Леаніда Касінскага.
Пры гэтым, мяркуючы па фота і навінах, не было топ-чыноўнікаў, таго ж віцэ-прэм'ера ці самога старшыні Мінгарвыканкама.
Мітрапаліт Веніямін, інспектар па Мінску Аляксандр Барсукоў, пасл Расіі Барыс Грызлоў і намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Арцём Цуран. Фота: БелТА
«Даніна павагі братам расіянам»
Арцём Цуран увекавечванне ў Мінску гістарычнага персанажа, які не мае дачынення да беларускай даўніны, апраўдваў тым, што
«гэта не проста помнік чалавеку ў гісторыі — гэта даніна павагі нашым саюзнікам, братам расейцам».
Гэтую аргументацыю чыноўніка падтрымаў лукашысцкі ананімны тэлеграм-канал «Графач». «Лепш помнікі будаваць, чым іх зносіць. І нічога кепскага няма ў павазе да гісторыі — сваёй і чужой. У Беларусі жыве амаль 800 тысяч расейцаў па нацыянальнасці», — напісаў канал, нібы падкрэсліваючы, што Неўскага да беларускай гісторыі не прыпісваюць.
«Усход патрабаваў даніны, а Захад — душу»
Зрэшты, такога тлумачэнні не ўсе трымаліся. Прапагандыст Рыгор Азаронак не прыводзіць аргументаў, як подзвігі Неўскага звязаныя з Беларуссю, але для яго важна, што дзеяча з ранняга сярэднявечча шанавалі Іван Жахлівы, Пётр І ды Сталін.
Сам жа князь, настойвае прапагандыст, быў за народ і выступаў супраць «баярскай эліткі», якая прагнула «саюза з Папам, шведамі, тэўтонамі, Захадам».
«Князь Аляксандр біўся з Захадам, прымірыўся з Усходам. Бо Усход патрабаваў даніны, а Захад — душу. Абяцаў і золата, і дапамогу <…>, але прасіў самую драбніцу — здрадзьце веры. Усход забіраў даніну, але веру не чапаў», — адзначае Азаронак.
Паводле праўладнага палітолага, пісьменніка-камуніста Андрэя Лазуткіна, помнік Неўскаму — невыпадковая ініцыятыва расійскага пасольства. Неўскі — «збіральны вобраз паспехаў Расіі на паўночна-заходнім напрамку», які «аб’ядноўвае Прыбалтыку і Беларусь у адну зону адказнасці».
«Неўскі вядомы тым, што спыніў ваенную агрэсію Тэўтонскага ордэна, якая ішла з тэрыторыі Лівоніі — сучасных балтыйскіх дзяржаў, — адзначае Лазуткін.
— Беларускі балкон, па сутнасці, сёння выконвае тую ж функцыю — у ваенным плане ён забяспечвае хуткі доступ да Калінінграда ў выпадку сухапутнай блакады НАТА, а ў плане дыпламатыі — стварае ў Прыбалтыцы вектар узаемавыгадных інтарэсаў, тыпу партоў і транзіту, уплываючы тым самым на ўнутраную палітыку. Літвы і Латвіі».
Помнік Неўскаму паставілі непадалёк ад пасольства Расіі, на перакрыжаванні вуліц Старавіленскай і Нававіленскай. У праекце ўдзельнічала расійскае вайскова-гістарычнае таварыства. На афармленне дакументацыі і ўстаноўку помніка хапіла года. На адкрыццё сабралі масоўку з дзясяткаў людзей.
Помнік Аляксандру Неўскаму, які княжыў у Ноўгарадзе ў сярэдзіне XIII стагоддзя і лічыцца палкаводцам Маскоўскай Русі, не ўнікальны для Беларусі. Ён ёсць у Віцебску. У Мінску манумент конны.
Аляксандр Неўскі браў дазвол на княжанне ў валадара Залатой Арды Батыя і плаціў яму за гэта даніну. Неўскі быў зацікаўлены ва ўмацаванні асабістай улады, таму ішоў на паклон да Батыя.
Глядзіце таксама:
У Азаронка і Лазуткіна спыталі, ці стане Беларусь часткай Расіі. Адказ і логіка нечаканыя
Бягун раскрытыкаваў Азаронка: Ашалелы папулізм, памножаны на стэрэатыпную прапаганду
Азаронак у майцы з Z спаліў беларускі сцяг у лесе, дзе разводзіць вогнішча забаронена