Расследавальнікі выявілі схемы дзейнасці Анатоля Тарнаўскага — мультымільянера, які працаўладкаваў Ганну Лукашэнка (Сялук)
Беларускі расследавальніцкі цэнтр апублікаваў расследаванне, прысвечанае стваральніку «Юнівест-М» і многіх іншых кампаній.
16.11.2023 / 16:17
Анатоль Тарнаўскі. Скрын відэа Belarus_Files / YouTube
Анатоль Тарнаўскі — беларускі бізнэсовец украінскага паходжання з расійскім пашпартам, уласнік некалькіх найбуйнейшых кампаній Беларусі. Пра яго амаль адсутнічае інфармацыя ў адкрытых крыніцах. Ягонае імя нават не ўсплывала сярод кандыдатаў на санкцыі ў апошнія тры гады. Толькі адна Канада ўвяла супраць яго абмежаванні.
Беларускі расследавальніцкі цэнтр пры падтрымцы Цэнтра па расследаванні карупцыі і арганізованай злачыннасці (OCCRP) і «Кіберпартызанаў» у рамках праекта Cyprus Confidential адшукаў дакументы, якія раскрываюць схемы працы кампаній Тарнаўскага.
За гісторыю свайго бізнэсу ў Беларусі, які пачаўся ў 1998 годзе з пасады віцэ-прэзідэнта «Слаўнафты», пад санкцыі Тарнаўскі трапіў толькі аднойчы. Гэта адбылося ў 2012 годзе. У той час імя бізнэсоўца было вядомым у Беларусі. Яго кампаніі ўваходзілі ў дзясятку найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Беларусі. А ў 2006 годзе фірма «Юнівест-М» была трэцім падаткаплацельшчыкам пасля двух нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў краіны.
Асабліва блізкія адносіны Анатоль Тарнаўскі меў з сям'ёй сярэдняга сына Лукашэнкі Дзмітрыя. Жонка Дзмітрыя, Ганна Лукашэнка, працавала намесніцай генеральнага дырэктара «Юнівест-М».
Ганна Лукашэнка — амбітная дзяячка ў розных сферах бізнэсу. Так, яна піша песні, якія прыносяць даходы ў выніку іх выканання ў дзяржаўных СМІ і на карпаратывах дзяржпрадпрыемстваў. У гэтай сферы яна дзейнічае пад псеўданімам Ганна Сялук. А ў час яе працы на «Юнівест-М» гэтая кампанія атрымала найвыгаднейшы сталічны ўчастак для забудовы: менавіта яна рэалізавала мініполіс «Каскад». Яна ж збудавала комплекс «Нотынгем» у Мінскім раёне, ГРЦ «Экватар» у Брэсце і многія іншыя.
У матэрыяле расследавання БРЦ адзначаецца, што праз чатыры месяцы пасля таго, як Тарнаўскі трапіў пад санкцыі, на Кіпры зʼявілася новая кампанія — Medesoil Trading Limited. Яна займалася закупам і продажам нафтапрадуктаў. Заснавальнікам кампаніі выступіў афшорны правайдар MeritServus з дапамогай сваёй даччынай кампаніі FinServus Trusees.
Апошняя спецыялізуецца на валоданні акцыямі сотняў іншых кампаній на даручэнне сваіх кліентаў. Яна ставіць там сваіх намінальных уласнікаў, якія не даюць зразумець, хто сапраўдны ўласнік. Гэтым летам FinServus Trusees згадвалася як намінальны акцыянер кампаніі расійскіх алігархаў, такіх, як Канстанцін Малафееў і Раман Абрамовіч.
Намінальным уласнікам Medesoil Trading Limited стаў швейцарац Штэфан Брунер. Ён трымаў пакет да той пары, пакуль з Анатоля Тарнаўскага не былі знятыя санкцыі ў канцы 2014 года. За свае паслугі выканаўчага дырэктара, як сцвярджаецца ў матэрыяле, Брунер атрымаў за два гады звыш 1,2 мільёна долараў.
У красавіку 2015 года вялікая частка акцый перайшла да дачкі Тарнаўскага Наталлі, а ў лютым 2016-га яна стала аднаасобнай уласніцай. [*]
Як сцвярджаецца ў матэрыяле, ад самага пачатку свайго заснавання фірма пачала працаваць на вялізных абаротах. У 2013 годзе, у разгар санкцый, яна паказвала выручку 50 мільёнаў долараў. У 2020 годзе Medesoil Trading зарабляла больш за чвэрць мільярда долараў. У 2021 годзе яна мела выручку ў памеры 333 мільёнаў долараў.
Паводле дакументаў праекта Cyprus Confidential, кампанія Medesoil Trading закупляла нафтапрадукты ў Беларускай нафтавай кампаніі (БНК). Пры гэтым закупкі часткова адбываліся па-за конкурсам на асаблівых умовах. З дакументаў відаць, што Medesoil Trading прадавала тавары трэйдарам, з якімі БНК магла б гандляваць наўпрост і зарабляць на прэміях ад угод. Акрамя гэтага кампанія набывала для перапродажу нафтапрадукты ў Расіі.
Сумарны абарот Medisont Treiding за 10 гадоў перавысіў 2 мільярды долараў. Пры гэтым агульны прыбытак склаў толькі 10 мільёнаў долараў. Але насамрэч, як тлумачаць спецыялісты, у афшорных сетках прыбыткі нярэдка асядаюць не ў еўрапейскіх юрысдыкцыях, а ў тых фірмах, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыях з нулявымі ці вельмі нізкімі падаткамі. Грошы таксама могуць выводзіцца не ў выглядзе прыбыткаў, а як пазыкі іншым кампаніям таго ж уласніка ў афшорных зонах.
Так, кампанія Medesoil Trading брала крэдыты ў іншых фірмаў, звязаных з Тарнаўскім, калі той быў пад санкцыямі. У тым ліку кампаніі Unex Trading Ltd, якая ў сваю чаргу атрымала амаль 70 мільёнаў долараў пад выглядам крэдыту ад панамскай кампаніі Santarina Management SA, рэальным уласнікам якой, як сцвярджаецца, была Наталля Тарнаўская.
На думку расследавальнікаў, такая схема дазваляе перамяшчаць грошы паміж звязанымі кампаніямі і фінансаваць іх дзейнасць. Такім чынам можна абыходзіць санкцыі, таму што імя чалавека з санкцыйнага спісу няма ў дакументах.
БРЦ звяртае ўвагу, што Анатоль Тарнаўскі не трапіў ні пад адзін з васьмі санкцыйных пакетаў Еўрапейскага саюза за апошнія тры гады. Па дакументах, адзінай кампаніяй у Беларусі, якой цяпер Тарнаўскі валодае напрамую, зʼяўляецца «Рэсурс і Ко».
Чытайце яшчэ:
Мультымільянер Анатоль Тарнаўскі расказаў, як разбагацеў
З «чорнага спісу» ЕС выключаныя Пефціеў, Тарнаўскі, Орда
Лукашэнка ўзнагародзіў бізнэсмена Тарнаўскага
Чыж і Тарнаўскі цяпер зарабляюць на нерухомасці
Усе свае на чале з нявесткай Лукашэнкі. У Беларусі назвалі найлепшую песню 2022 года
Гэта песня насмяшыла беларускі інтэрнэт. Але яшчэ цікавей тое, хто яе напісаў