Фінляндыя закрывае пераходы на мяжы з Расіяй
Фінляндыя закрывае чатыры пункты пропуску ў ноч з пятніцы на суботу. Рашэнне прынята пасля прагназаванага фінскімі службамі павелічэння мігрантаў на мяжы.
16.11.2023 / 14:54
Фінляндыя закрые памежныя пераходы «Ваалімаа», «Нуямаа», «Іматра» і «Ніірала» (з расійскага боку — пункты «Тарфянаўка», «Бруснічнае», «Святагорск» і «Вяртсіля»), паведамляе Reuters.
На прэс-канферэнцыі прэм'ер-міністр Фінляндыі Петэры Орпа заявіў, што «ўрад хацеў адрэагаваць рашуча».
Пункты Сала і Вартыус будуць адкрыты для прадастаўлення міжнароднай абароны.
Міністр унутраных спраў Мары Рантанен раней паведаміла, што ведамства прагназуе павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў з Ірака, Сірыі, Емена і Турцыі, якія пры пасярэдніцтве расійскіх памежнікаў пранікаюць у памежную зону і просяць прытулку ў ЕС.
Даследчык Інстытута замежнай палітыкі Анры Ванханен у інтэрв'ю Yle заявіў, што Расія наўмысна накіроўвае мігрантаў на мяжу, каб даставіць нязручнасці Фінляндыі.
Абмежаванні, папярэдне, працягнуцца да 18 лютага 2024 года.
Праз мігранцкі крызіс на межах Беларусі з краінамі Балтыі Польшча закрыла тры з шасці пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы, а Літва — два. Краіны ЕС назвалі крытэры, па якіх могуць цалкам закрыць мяжу з Беларуссю.