У 2024 годзе беларускія вайскоўцы правядуць баявыя пускі комплексу «Іскандэр» — Мінабароны

У 2024 годзе «вянцом падрыхтоўкі» ракетнай брыгады, у якой на ўзбраенні знаходзіцца аператыўна-тактычны ракетны комплекс (АТРК) «Іскандэр», стане «кантрольны занятак на адным з расійскіх палігонаў з баявымі пускамі», заявіў у інтэрв’ю тэлекампаніі «ВаенТВ» 19 лістапада начальнік ракетных войскаў і артылерыі Узброеных сіл Беларусі Руслан Чэхаў.

19.11.2023 / 21:15

Фота: t.me/modmilby

Паводле слоў Чэхава, падрыхтоўка гэтай брыгады «планавая, вельмі насычаная», да яе прыцягваюцца «інструктары з Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі, якія даюць высокую ацэнку нашым ракетчыкам».

Ён падкрэсліў важнасць выкарыстання ў падрыхтоўцы «досведу спецыяльнай ваеннай аперацыі», які «пастаянна адсочваецца».

«Мы вельмі цесна ўзаемадзейнічаем з нашымі расійскімі калегамі. І ўсё новае і тое, што добра зарэкамендавала сябе ў зоне СВА, мы ўжываем у сваёй падрыхтоўцы. Найперш гэта беспілотныя авіяцыйныя комплексы. Мы актыўна выкарыстоўваем спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе паменшыць час падрыхтоўкі дадзеных для стральбы», — адзначыў Чэхаў.

1 лютага 2023 года Мінабароны паведаміла, што беларускія вайскоўцы прыступілі да поўнай самастойнай эксплуатацыі АТРК «Іскандэр».

Разлікі прайшлі навучанне ў РФ, «укамплектаваныя выключна афіцэрамі, прапаршчыкамі і вайскоўцамі, якія праходзяць службу па кантракце», гаварылася ў рэлізе ведамства.

Чытайце таксама:

Пасля паўзы ў 52 дні Расія атакавала Кіеў «Іскандэрам»

«Патрэбныя новыя тэхналогіі, каб прарвацца ў такой вайне». Залужны апублікаваў новы праграмны артыкул

На ўзбраенне беларускай арміі паступіў чарговы камплект «Іскандэр-М» — Мінабароны

Nashaniva.com