Двухвуголка Напалеона пайшла з малатка ў Парыжы за 1,9 мільёна еўра
Гісторыкі кажуць, што галаўны ўбор быў часткай «брэнда» Напалеона. Ён насіў яго бокам, дзякуючы чаму быў заўважны на полі бою.
20.11.2023 / 14:45
Фота: Christophe Ena / AP
Галаўны ўбор, які належаў Напалеону Банапарту ў часы яго кіравання Французскай імперыяй у XIX стагоддзі, быў прададзены на аўкцыёне ў Парыжы за 1,9 мільёна еўра (прыкладна 2,1 мільёна даляраў), піша Бі-бі-сі.
Двухрогі капялюш французскага імператара (яго называюць «двухвуголка» або «бікорн») з чорнага бабровага фетру першапачаткова быў ацэнены ў 600—800 тысяч еўра.
Пакупнік, заплаціўшы ў выніку нашмат больш, не раскрыў свайго імя.
Гісторыкі кажуць, што галаўны ўбор быў часткай «брэнда» Напалеона. Ён насіў яго бокам, дзякуючы чаму быў заўважны на полі бою. Усяго ў яго было каля 120 двухвугольных капелюшоў, якія ён насіў доўгія гады.
Лічыцца, што цяпер засталося толькі 20 асобнікаў, прычым многія з гэтых капелюшоў знаходзяцца ў прыватных калекцыях.
Капялюш быў выстаўлены на аўкцыён разам з іншымі рэліквіямі напалеонаўскай эпохі, сабранымі прамыслоўцам, памерлым у мінулым годзе.
Аўкцыяністы заявілі, што для спецыялістаў гэты галаўны ўбор — сапраўдная «святыня».
Імператар насіў капялюш з вугламі паралельна плячам («en bataille»), тады як большасць яго афіцэраў насіла капелюшы перпендыкулярна плячам.
Аўкцыяніст Жан-П'ер Асена адзначыў: «Людзі пазнавалі гэты капялюш заўсёды і ўсюды. Калі яны бачылі яе на палях бітваў, яны ведалі, што гэта Напалеон».
«А ў прыватным жыцці ён альбо насіў яго на галаве, альбо трымаў у руцэ, а часам кідаў на зямлю. Гэта быў такі вобраз — сімвал імператара», распавядае Жан-П'ер Асена.
Аўкцыяністы заявілі, што гэты канкрэтны капялюш мае бездакорнае паходжанне: на працягу ўсяго XIX стагоддзя ён захоўваўся ў сям'і прыдворнага інтэнданта Напалеона.
На капелюшы, выстаўленым на аўкцыёне аўкцыённага дома Osenat у раёне Фантэнбло, ёсць кукарда, якую Напалеон прымацаваў да яго ў 1815 годзе, падчас перасячэння Міжземнага мора па шляху з ссылкі на Эльбе ў Антыб. У гэты перыяд ён ненадоўга вярнуўся да ўлады.
Сярод іншых прададзеных прадметаў — срэбная талерка, скрадзеная з карэты Напалеона пасля яго паразы пры Ватэрлоа ў 1815 годзе, а таксама драўляная скрыня, якая належала яму — несесер з брытвамі, срэбнай зубной шчоткай, нажніцамі і іншымі рэчамі.
Чытайце таксама:
У Расіі прадалі на аўкцыёне старажытную грамату аб наданні герба беларускай Дзісне
Аўтарскі варыянт самай знакамітай карціны Шагала прадалі за 15,6 мільёна даляраў