«Уладзімір Уладзіміравіч, велізарная просьба: прашу прызваць мяне на СВА». Тыкток-ваяр з Добруша просіцца на фронт
Жыхар Добруша Уладзімір Семянцоў — адзін з тых, хто ў сацсетках актыўна падтрымлівае расійскую ваенную агрэсію супраць Украіны і прапагандуе ПВК «Вагнер». Мужчына піша пра сябе, што хоць ён «из Белоруссии, но душой — русский» і сцвярджае, што «заўсёды будзе з рускімі бок пры боку». Сайт «Флагшток» вывучыў старонкі рэгіянальнага прыхільніка «рускага свету» і склаў ягоны партрэт.
22.11.2023 / 22:44
Уладзімір Семянцоў (справа). Фота: яго старонка ў сацсетцы
У сваім профілі ў сацсетцы «ВКонтакте» мужчына пазначыў, што ён супрацоўнік Добрушскага фарфоравага завода, але, мяркуючы па размешчанай на старонцы інфармацыі, працуе зваршчыкам і займаецца каваннем металічных вырабаў. Яму 30 гадоў, мае жонку і дзіця.
У «ВК» жыхар Добруша выкладвае, у асноўным, свае фота з аголеным торсам і справаздачы з пікнікоў ды застолляў, а таксама паездак у Расію.
Зусім у іншым вобразе Семянцоў паўстае на сваіх старонках у тыктоку: тут ён раз-пораз публікуе відэа са сцягам ПВК «Вагнер», які, мяркуючы па ўсім, вісіць у майстэрні, дзе мужчына займаецца каваннем.
Семянцоў лічыць сябе спеваком, пазіруе на відэа ў камуфляжы, балаклаве і з дубінай пад песню са словамі «Мы одна страна, мы едины, мы непобедимы, мы — Россия, мы — сила».
Уладзімір Семянцоў. Фота: ягоныя старонкі ў сацсетцы
У подпісах да відэа Семянцоў называе баевікоў ПВК «Вагнер» сваімі «кумірамі», выказвае жаданне адправіцца на вайну супраць Украіны, звяртаецца да Пуціна:
«Уладзімір Уладзіміравіч, велізарная просьба: прашу прызваць мяне на СВА (…) Ёсць жаданне смажыць парасят».
У каментарах жыхара Добруша нярэдка троляць:
«Тыкток-ваяр, пі*й у ваенкамат, без Пуціна бяруць з радасцю»;
«Слава двухсотым!»;
«Калі на фронт, Ваван?»
Уладзімір Семянцоў. Скрыншот яго старонкі ў тыктоку
Хоць некаторыя відэа Семянцова набіраюць дзясяткі тысяч праглядаў, у асноўным ягоныя ролікі не маюць папулярнасці.
Чытайце таксама: