«Д'ябал абвінавачвае». Ксёндз Лашук працягвае служыць і выказаўся пра скандал вакол сябе

Працягваецца скандал вакол ксёндза Ігара Лашука. Каталіцкая царква правярае пробашча парафіі ў Стоўбцах на парушэнне кананічнага права, а «Рабочы рух» сцвярджае, што Лашук дапамагаў праўладнаму бізнэсмену Зайцаву абыходзіць санкцыі. Сцвярджалася, што ксёндз адхілены ад служэння, але сёння ён служыў у парафіі і адказаў на абвінавачванні.

26.11.2023 / 13:22

Фота: скрыншот з youtube.com

Днямі выйшла расследаванне «Рабочага руху», паводле якога пробашч парафіі ў Стоўбцах Ігар Лашук лабіраваў для лукашэнкаўскага бізнэсмена Аляксандра Зайцава тытул папскага рыцара. Гэта рабілася нібыта дзеля абыходу санкцый. 

Паводле таго ж расследавання, у Ігара Лашука, верагодна, ёсць двое сыноў 2010 і 2013 гадоў нараджэння, і ксёндз быццам мае пастаянную сувязь з іх маці Таццянай Савіцкай. Між тым, каталіцкія святары прымаюць цэлібат, і ім забаронена мець сям’ю, то-бок гаворка ідзе пра магчымае парушэнне царкоўнага кананічнага права.

25 лістапада «Хрысціянская візія» паведаміла са спасылкай на ўласныя крыніцы, што Лашук адхілены ад служэння на час царкоўнага расследавання. Паводле курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кейс Лашука «даследуецца ў святле нормаў Кодэкса Кананічнага права».

Але сёння ксёндз Лашук усё ж такі служыў у сваей парафіі. Пасля яе святар прапаведваў і ў нечым адказаў на абвінавачванні ў свой адрас:

«Д'ябал праз вусны чалавека гаворыць пра грахі другога чалавека. Ён абвінавачвае, ён айцец ілжы, і гэта вядома ўсім. Мы, як хрысціяне, заўсёды павінны ўсвядомліваць, што д’ябал — айцец ілжы, ён заўсёды будзе фальшыва абвінавачваць другога чалавека. Для чаго? Каб знішчыць, у першую чаргу святара», — сказаў ён. 

Далей Лашук зусім нечакана «знаходзіць» прычыны скандалу вакол сябе.

«Я таксама думаў — што здарылася ў гэтым свеце? Здаецца, працую ў найлепшай парафіі, якая існуе толькі ў Беларусі. Бо тое, што д’ябал чыніў часамі тут — гэта д’ябал чыніў, але парафія найлепшая, і людзі найлепшыя. У мяне не было дрэнных парафій, дзе б я ні працаваў, усюды былі добрыя людзі, вельмі добрыя, але д’ябал часамі працаваў. Дык думаю — што тут робіцца такое? А потым здагадаўся — мы Фабіяна дасталі! Мы зрабілі вялікі цуд, мы амаль распачалі працэс беатыфікацыйны, і ён зробіць усё, каб знішчыць, каб гэтага не распачалося!»

Верагодна, пад Фабіянам Лашук мае на ўвазе ксёндза Фабіяна Малішоўскага, які быў настаяцелем дамініканскага манастыра ў Стоўбцах у 17 стагоддзі. Парэшткі Фабіяна ўдалося адшукаць толькі ў 2021 годзе. У снежні 2022-га іх перапахавалі ў стаўбцоўскім касцёле святога Казіміра.

Падзеі вакол сябе Лашук называе іспытам сваёй веры і здольнасці дараваць: маўляў, ён вучыць гэтаму вернікаў, дык цяпер прыйшоў час такога выпрабавання і для яго самога.

Праект рэканструкцыі Чырвонага касцёла «запусцілі ў працу»

«Уклалі 30 000 даляраў». Беларусы больш за 10 гадоў аднаўлялі пад Мінскам старажытную капліцу

«Роспіс высокатэмпературнымі пігментамі для керамікі». Мастак паказаў, як ствараў незвычайную ікону для касцёла ў Стоўбцах

Вера Белацаркоўская