«Я пазбавіўся ад душэўнай адзіноты, якая цягнулася гадамі». Нурсултан Назарбаеў расказаў у мемуарах, што ў яго ёсць другая сям'я, а першая жонка толькі радая

Былы прэзідэнт Казахстана, а пасля «Елбасы» («бацька нацыі») Нурсултан Назарбаеў, цалкам адхілены ад улады ў студзені 2022 годза, а ў студзені гэтага афіцыйна пазбаўлены і пышнага тытулу, выдаў кнігу мемуараў «Маё жыццё». Яна яшчэ недаступная шырокаму чытачу, але ўжо зрабіла сенсацыю, бо ў ёй адстаўны палітык нечакана шчыра расказаў пра сваё прыватнае жыццё, піша Orda.kz. 

30.11.2023 / 00:22

Калаж: orda.kz

Мемуары выйшлі ў казахстанскім выдавецтве «Фаліянт» і закранаюць як палітычны бок жыцця першага казахстанскага прэзідэнта, так і асабісты.

Асобныя раздзелы кнігі прысвечаныя падзеям 2011 года ў Жанаазене, транзіту ўлады ў 2019 годзе, студзеньскім падзеям 2022 года. Згадваецца і дзейны прэзідэнт Такаеў, прычым ёсць пара цікавых, якія не гучалі раней, дэталяў іх узаемаадносін, але ў астатнім, як сцвярджаецца ў казахскай прэсе, ніякіх новых выказванняў, прызнанняў і проста інфармацыі ў кнізе няма.

Затое ўпершыню Назарбаеў у мемуарах прызнаўся, што ўжо ў вельмі сталым узросце завёў другую сям'ю, у якой падрастаюць два сыны. Піша ён пра гэта па-ўсходняму квяціста, звяртаючыся сярод іншага і да гістарычных паралеляў:

«Аднойчы мне выпала дарога ў Талдыкарган. Падчас працоўных паездак кіраўніка дзяржавы ў рэгіёны яго сустракалі з кветкамі каля трапа самалёта.

Вядома, што для ўдзелу ў такой цырымоніі падбіраюць самых прыгожых з мясцовых дзяўчат. Прыгожы рытуал, да якога мы прывыклі даўно. З самага прыбыцця на гэтую зямлю становіцца прыемна воку, цяпло на душы.

Але той выпадак зрабіў асаблівае ўражанне. Дзяўчына, якая паднесла мне кветкі ў аэрапорце, была ўзрушаюча прыгожая. Мне надоўга запомнілася і потым часта ўспаміналася светлатварая прыгажуня з палаючым поглядам і вытанчанай точанай фігурай.

Як тут не ўспомніць Габіта Мусрэпава, які, кажучы словамі паэта Кадыра Мырзаліева, «і ў семдзесят гадоў не састарэў сэрцам, і ў восемдзесят гадоў не зменшыў пачуццё», а таксама іншых знакамітых людзей, якія перажылі падобныя гісторыі? Як не ўспомніць вялікага Гётэ, які ў сямідзесяцігадовым узросце закахаўся ў васемнаццацігадовую Ульрыку? А хіба гэтая Ульрыка не адказала паэту ўзаемнасцю, а затым на працягу ўсяго жыцця (аказваецца, яна пражыла 96 гадоў) не берагла гэта пачуццё ў глыбіні свайго сэрца і, захаваўшы яму вернасць, любіла і ўспамінала толькі яго?.. Ад апошняга кахання Гётэ чалавецтву засталіся дзівосныя газэлі. І такіх прыкладаў дастаткова. І ў жыцці, і ў мастацтве. І ў іншых, і ў нас.

Прайшоў некаторы час. Вобраз той прыгожай дзяўчыны, якая сустракала мяне ў аэрапорце Талдыкаргана, зноў і зноў узнікаў у мой памяці.

У адзін з дзён нечакана з'явілася нагода яе знайсці. Я перачытваў прэсу, калі адно газетнае фота нібы абпаліла мяне: у Астане прайшоў конкурс прыгажосці «Міс Казахстана», на якім Гран-пры заваявала тая самая дзяўчына (аказваецца, завуць яе Асель)…

Цяпер адшукаць яе было няцяжка. Наша знаёмства перарасло ва ўзаемную сімпатыю, а сімпатыя — у збліжэнне. Паступова мы сталі сустракацца. І ў абліччы, і ў думках Асель я ўбачыў шмат якасцяў, якія шукаў. А галоўнае — я пазбавіўся ад душэўнай адзіноты, якая цягнулася гадамі.

Не стану зацягваць аповяд. Мы пабраліся шлюбам паводле мусульманскага звычаю. Асель падарыла мне дваіх дзяцей — двух слаўных сыноў. У 2005 годзе нарадзіўся Таўман, а ў 2008 годзе з'явіўся на свет Байкен. Радасць бацькоўства, шчасце цалаваць сваё немаўля зноў вярнулася да мяне ва ўзросце, калі мне было за шэсцьдзесят пяць.

Першыя крокі маіх малых, першыя словы і лепятная гаворка, нашэнне іх на руках, чароўны свет іх цацак, паход першы раз у першы клас, захапленні ад першых прачытаных і напісаных імі літар, іх шумны бег насустрач мне, калі я ўваходзіў у дом пасля працы… — усё гэта як быццам палегчыла і нягоды перыяду будаўніцтва сталіцы.

Успамінаючы тыя дні і гады, я думаю пра іх з замілаваннем. Па вялікім рахунку самае галоўнае ў жыцці, самае сапраўднае і самае вечнае шчасце можа падарыць чалавеку толькі дзіця і толькі шчасце быць бацькам».

Пасля гэтак жа сама квяціста Назарбаеў расказаў, як паставілася да ягоных рамантычных прыгод ягоная жонка Сара, маці трох ягоных дачок, «якая з маладых гадоў была мне апорай і была побач у гадзіны самых цяжкіх выпрабаванняў, я ўсё жыццё стаўлюся з удзячнасцю і клопатам». 

Паводле слоў Назарбаева, жонка «праявіла высакароднасць» і ўсё прыняла ды даравала, тое ж самае зрабілі і дочкі. Тлумачыць «велікадушнасць» сваёй Сары Назарбаеў тым, што яна паходзіла з «паважанай дынастыі», і ў ейным родзе ўжо быў такі выпадак, калі яе паважаны дзед да старасці не меў сыноў, а пасля яму ні хто іншы, як старэйшая жонка, сама падабраала маладую дзяўчыну, якая такі нарадзіла старому дзіця.

«Хто ведае: быць можа, Сары ўспомніўся той даўні звычай продкаў, і таму яна з шырокай душой ўспрыняла факт, які адбыўся?..» — выказвае Назарбаеў версію, чаму каханая жонка «не кінулася раздзіраць маю і без таго выматаную душу».

І хоць былы Елбасы сцвярджае, што аднолькава ставіцца да сваіх дзяцей, якога б полу яны ні былі, але ўсё ж лічыць, што сын — «спадчыннік і прадаўжальнік прозвішча», і калі сыны ў яго ёсць, то «гэта надае ўпэўненасці і натхнення. Калі не перарываецца твой род, не губляецца твая надзея».

«Вось так, сябры. Я выклаў перад вамі ўсю праўду. Што вы на гэта скажаце — справа ваша. Гэта — жыццё. Ёсць адна неабвержная ісціна. Што сэрцу не загадаеш», — так завяршае гэты фрагмент сваіх успамінаў былы казахстанскі аўтарытарны лідар.

Чытайце таксама:

Дарагія жанчыны! Што носяць нявесткі Лукашэнкі і колькі каштуе іх гардэроб 

Дар'я Шманай у вясельнай сукенцы знялася ў кліпе праўладнага выканаўцы. Аўтарка песні — нявестка Лукашэнкі

Жанчыны ў атачэнні Лукашэнкі: чаму і што ён ім давярае. Вялікая гутарка з Альмірай Усманавай

Nashaniva.com