Меркаванні55

Жанчыны ў атачэнні Лукашэнкі: чаму і што ён ім давярае. Вялікая гутарка з Альмірай Усманавай

У патрыярхальнай сістэме лукашэнкаўскага аўтарытарызму кіраўнікі-мужчыны пагаджаюцца на публічнае прыніжэнне, а нешматлікім жанчынам пры пасадах адведзена асаблівая роля. Якая? «Наша Ніва» паразмаўляла з прафесаркай Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Альмірай Усманавай.

«Верныя Лукашэнку мужчыны — фіяска традыцыйнай маскуліннасці» 

Рэжым Лукашэнкі, кажа прафесарка Усманава, уяўляе сабой іерархічную гомасацыяльную сістэму, якая вызначаецца асаблівай вагой рэпрэсіўнага апарата, у якім дамінуюць мужчыны. 

«Мужчыны, якія забяспечваюць падтрымку рэжыму Лукашэнкі (сілавікі, прапагандысты, міністры, кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў), з аднаго боку, у сваіх паводзінах і метадах кіравання і падпарадкавання прытрымліваюцца правілаў, характэрных для патрыярхальнага гомасацыяльнага асяроддзя, а з другога, дэманструюць фіяска традыцыйнай мадэлі маскуліннасці, бо ў рамках існуючай сістэмы падпарадкавання іх «агентыўнасць» праяўляецца выключна ў выкананні загадаў зверху. І гэта тычыцца не толькі сілавікоў, але і ўсіх чыноўнікаў. 

Зусім не выпадкова адным са слоў, якія найбольш часта выкарыстоўваюцца ў «афіцыйным» вакабуляры Лукашэнкі і ягоных падначаленых (мужчын), стала слова «нахіліць», — адзначае Альміра Усманава.

«Я думаю, што праблема выкарыстання непрыстойнага, турэмна-сэксісцкага жаргону ў афіцыйнай рыторыцы рэжыму — гэта тэма для асобнага даследавання. Пра гэта, дарэчы, пісаў у адным са сваіх артыкулаў яшчэ ў 2018 годзе Мікалай Дзядок, цяпер ізноў палітвязень», — кажа прафесарка.

Безумоўную згоду мужчын-кіраўнікоў на публічнае прыніжэнне, калі Лукашэнка іх пясочыць і гэта транслююць усе дзяржаўныя медыя, можна разглядаць як частку непублічнага «пагаднення» паміж Лукашэнкам і чыноўніцкім апаратам. 

«Хоць самі яны ніякім чынам не сумняваюцца ва ўласнай «мужнасці», якая атаясамліваецца са «служэннем Радзіме», «патрыятызмам» і, на жаль, ахвотным удзелам у вайне на баку Расіі. Тут можна згадаць у якасці аднаго з прыкладаў расійскае рэкламнае відэа службы па кантракце, у якім зняўся і беларус, — галоўны мэсэдж якога: «Ты ж мужык. Будзь ім», — расказвае прафесарка.

Альміра Усманава. Фота: асабісты архіў

«Беларускі саюз жанчын — сімулякр гендарнага балансу»

На працягу ўсіх 28 гадоў кіравання Лукашэнкі жанчыны былі сістэматычна выключаныя з працэсу прыняцця важных палітычных рашэнняў, мяркуе Усманава. Дастаткова сказаць, што цяпер сярод міністраў толькі адна жанчына.

А раней калі жанчын і прызначалі на пасады ва ўрадзе, то гэта былі пасты міністра інфармацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, але ў цэлым яны ніколі не мелі больш за 10% міністэрскіх партфеляў.

Урад Лукашэнкі рэгулярна даваў справаздачу перад ААН і іншымі міжнароднымі арганізацыямі аб значным прагрэсе ў пашырэнні правоў і магчымасцяў жанчын. Чаму для Лукашэнкі было важна пераконваць міжнародныя арганізацыі ў тым, што ў Беларусі на высокім узроўні існуе гендарная роўнасць?

Характэрна, што ў канцы 2020 года, у разгар палітычнага крызісу, урад прыняў 6-ы Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Беларусі на 2021-2025 гады. Альміра Усманава мяркуе, што для рэжыму палітыка гендарнай роўнасці была выгаднай тэмай на міжнародных пляцоўках. 

У гэтых справаздачах паказчыкі «жаночага лідарства» абазначаюцца як высокія — на ўзроўні 50 працэнтаў. Гэта адлюстроўвае толькі нізавы ўзровень: у мясцовых Саветах дэпутатаў жанчыны складаюць 48%.

У парламенце ў іх 34% месцаў, што вышэй за сярэднесусветны паказчык у 22-24%.

Падаецца, што лічбы неблагія. У чым тады праблема?

«Праблема ў тым, што беларускі парламент не самастойны орган, — тлумачыць Альміра. — Яго асноўная «функцыя» — легітымаваць рашэнні Лукашэнкі і падтрымліваць імідж прадстаўнічай дэмакратыі.

Так званы Беларускі саюз жанчын — прадукт савецкай мадэлі палітычнага ўдзелу жанчын у грамадскім жыцці, які павінен прадстаўляць калектыўнае «мы» ўсіх беларускіх жанчын на афіцыйным узроўні, — эфектыўна выконвае тую ж дэкаратыўную функцыю і дзейнічае як сімулякр гендарнага балансу ў палітычнай сістэме краіны.

Адначасова ён забяспечвае бачнасць масавай падтрымкі рэжыму менавіта жанчынамі». 

Жанчыны ў атачэнні дыктатара

На думку Альміры Усманавай, галоўныя жанчыны ў атачэнні Лукашэнкі — Наталля Качанава, Наталля Эйсмант і Ірына Абельская. А таксама, да 2021-га, Лідзія Ярмошына. 

Яны граюць падтрымліваючую ролю для рэжыму, але не як асобы, а як жанчыны, якія выконваюць гендарна-абумоўленыя палітычныя функцыі, галоўнай з якіх з'яўляецца — камунікатыўная.

Нягледзячы на ў пэўным сэнсе высокія пасады, іх прысутнасць у палітычным істэблішменце імітуе ўдзел жанчын у дзяржаўным кіраванні, лічыць Альміра Усманава. 

На такіх пасадах (старшыня Савета Рэспублікі, прэс-сакратарка Лукашэнкі) пры адзінаўладным рэжыме кіравання жанчыны ўвогуле не прымаюць ніякіх аўтаномных палітычных рашэнняў. 

«Іх асноўная функцыя — выступаць у якасці пасярэдніц у адносінах як з насельніцтвам, так і з навакольным светам. Яны паведамляюць аб пажаданнях свайго патрона і, адпаведна, выступаюць не ад свайго імя. 

Лукашэнка абапіраецца на згаданых вышэй жанчын у сваім дзяржаўным апараце як на пасярэдніц ва ўсіх выпадках, калі яму трэба нешта скарэктаваць у сваім публічным іміджы, устанавіць кантакт з тымі сацыяльнымі групамі, якія становяцца занадта ўплывовымі крытыкамі рэжыму, ці, наадварот, пазбегнуць прамой камунікацыі з тымі, з кім ён па розных прычынах не хоча сустракацца.

Напрыклад, з палітыкамі другога эшалона, з жанчынамі, якія прадстаўляюць палітычны істэблішмент у сваёй краіне і з гасцямі яго палаца ў рамках арганізаваных экскурсій, якія нібыта прадстаўляюць беларускі «народ».

Узгадаем тут нядаўні візіт Аксіліі Мнангагва, клопат аб якой Лукашэнка перадаручыў маці свайго сына Мікалая — Ірыне Абельскай.

Ирина Абельская и auxillia mnangagwa
Ірына Абельская (злева) і Аксілія Мнангагва (другая злева)

У афіцыйнай рыторыцы візіт «першай лэдзі Зімбабвэ» ўвязваўся з развіццём супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Зімбабвэ ў сферы аховы здароўя, і не выключана, што нейкія новыя здзелкі або дадатковыя дамоўленасці паміж двума рэжымамі маглі быць заключаныя ў рамках гэтага візіту (у тым ліку і ў іншых, публічна не заяўленых, сферах супрацоўніцтва). 

Але, мяркуючы па ўсім, гэта быў у першую чаргу арганізаваны на вышэйшым узроўні турыстычны ваяж у рамках «зваротнага дарунка» (калі выкарыстоўваць канцэпцыю дарунка французскага антраполага Марселя Моса) — гэта быў візіт, ад якога нельга было ўхіліцца пасля паездкі ўсёй сям'і Лукашэнкі ў Зімбабвэ. 

У Аксіліі Мнангагва даволі характэрная палітычная біяграфія, якая не зводзіцца да статусу «трэцяй жонкі» цяперашняга прэзідэнта Зімбабвэ, але для Лукашэнкі яна усяго толькі нечая жанчына, якая не валодае, паводле яго паняццяў, правам на палітычную суб'ектнасць. 

З пункту гледжання фемінісцкай тэорыі, тут мае месца трайная дыскрымінацыя — african — woman — wife.

Такое пасярэдніцтва, да падзей 2020-га, было важным, калі ён не можа наўпрост выкарыстоўваць свой рэпрэсіўны дзяржаўны апарат і патрабаваць нейкі іншы спосаб прыняцця рашэнняў у рэжыме «мяккай сілы», — расказвае Альміра Усманава. 

Варта адзначыць, што тут важныя не імёны канкрэтных жанчын у атачэнні Лукашэнкі, а функцыі, якія яны выконваюць, галоўная з якіх — падтрыманне камунікацыі (камунікацыя ў цэлым — гэта сфера жаночага клопату і працы) з рознымі галінамі ўлады і бізнэсам. 

«А з нядаўняга часу і ў адносінах з расійскім істэблішментам. Я маю на ўвазе тое, як прыкметна ўзмацнілася медыйная прысутнасць Наталлі Качанавай у праўладных СМІ з малазмястоўнымі мантрамі ў абарону ўладнага рэжыму і яго палітыкі», — кажа Альміра. 

Наталья Кочанова Валентина Матвиенко
Наталля Качанава (злева) і старшыня Савета Федэрацыі Расіі Валянціна Матвіенка

Ролі ўмоўнай «Качанавай» і «Эйсмант» адрозніваюцца ў сваёй функцыянальнасці: першая забяспечвае непублічную сувязь паміж прылукашэнкаўскім бізнэсам і структурамі дзяржкіравання, а таксама паміж выканаўчай уладай і заканадаўчай (хоць яны і так не падзелены). 

Другая адказвае за public face рэжыму, а таксама за каардынацыю камунікацыі паміж СМІ і Адміністрацыяй Лукашэнкі.

Наталля Эйсмант торгае за нітачкі апарата прапаганды. Фота з сацыяльных сетак

«Аб чым сведчыць гэты набор функцый і менавіта такія формы прысутнасці жанчын у кулуарах і будуарах аўтарытарнай улады?» — задаецца пытаннем прафесарка. 

«Тут я хацела б грунтавацца на даследаванні Барыса Кейлі аб падтрымліваючай ролі жанчын у субкультуры мафіі. Я лічу гэтую паралель дарэчнай, як мінімум, па трох прычынах.

Па-першае, цягам апошніх трох гадоў, калі стала «не да законаў», а дзеянні сілавікоў сталі падобнымі хутчэй на дзеянні бандфармаванняў, чым на дзейнасць праваахоўных органаў, характар рэжыму стаў відавочным для ўсіх.

Па-другое, пра маштабы дзейнасці ягонага «сіндыката» мы можам меркаваць на падставе ўжо апублікаваных расследаванняў, уключаючы палітычныя забойствы і мноства шэрых і чорных схем па атрыманні прыбытку ў свае кішэні, але шмат чаго мы яшчэ не ведаем. 

У любым выпадку ролю жанчын у гэтых карупцыйных і крымінальных афёрах не варта ігнараваць. А менавіта: патрэба пераводу актываў на іншых людзей, лепш за ўсё жонак і сваячак, якім можна даверыць свае капіталы і разлічваць на тое, што іх не закрануць санкцыі (напрыклад, бізнэсмен Аляксей Алексін частку актываў афармляў на сваю жонку. — НН).

Сітуацыя жанчын у асяроддзі Лукашэнкі — не ўнікальная, а тыповая. Іх смела можна пералічваць праз коску разам з Людмілай Пуцінай, яе фонды, і з дочкамі Назарбаева», — аналізуе Альміра Усманава. 

У трэціх, у мафіёзнай дзейнасці жанчыны звычайна таксама забяспечваюць стабільнасць і гнуткасць, дадае яна.

Даследчыца мяркуе, што Лукашэнка давярае жанчынам больш, чым мужчынам, прынамсі ў тым, што тычыцца пасярэдніцтва ў непублічнай камунікацыі.

Ён разлічвае на іх прыхільнасць: негатоўнасць здрадзіць яму дзеля сваіх асабістых інтарэсаў, а таксама боязь канфлікту з ім, немагчымасць паўплываць на нейкія падзеі і ў палітычным жыцці, і ў фінансава-эканамічнай дзейнасці.

«Лукашэнка ў сваім светапоглядзе з'яўляецца спадкаемцам познесавецкага патрыярхату, — заўважае прафесарка. — У Савецкім Саюзе ў першыя гады пасля рэвалюцыі ўплыў жанчын на прыняцце рашэнняў быў значны, але ў сярэдзіне 1930-х гадоў пачалася мілітарызацыя эканомікі і палітыкі, узмацненне таталітарных метадаў кіравання, і ў СССР не пакінулі месца жанчынам у кіруючых органах.

Выключэннем, якое толькі пацвярджае правіла, стала сфера дыпламатыі як адзін з інструментаў лабіравання на міжнароднай арэне. Гэта выпадак вядомай сацыялістычнай феміністкі Аляксандры Калантай, якая некалькі дзесяцігоддзяў займала дыпламатычныя пасады, і жанчын, якія прадстаўлялі СССР на міжнародных форумах у 1960-я—1980-я. 

Гэты прыклад з гісторыі — яшчэ адно пацверджанне таму, што беларускі рэжым прымяняе тую ж тактыку, падтрымліваючы на міжнародных пляцоўках тэму гендарнай роўнасці».

«Фемінізм тычыццца не толькі жанчын»

«Я хацела б верыць, што пасля падзей 2020 года многія з тых, хто да нядаўніх часоў цураўся фемінісцкага руху, усвядомілі, што фемінізм тычыцца не толькі жанчын, але важны і неабходны для ўсіх, хто імкнецца пакласці канец сістэмнаму фізічнаму і сімвалічнаму гвалту, як у публічнай прасторы, так і ў прыватным жыцці — ад турмаў і войска да выбарчых камісій і дзяржаўнай прапаганды, — кажа прафесарка Усманава.

— Сістэма Лукашэнкі, пабудаваная на парушэнні правоў чалавека, у нашы дні здзяйсняе як фізічны, так і сімвалічны гвалт у адносінах да ўсіх грамадзян, няхай гэта мужчыны ці жанчыны. Уся Беларусь сёння ператварылася ў адну вялікую «папраўчую калонію», дзе наглядчыкі ставяць бесчалавечныя эксперыменты над «зняволенымі». Гвалт стаў своеасаблівай «нормай».

Без дэканструкцыі патрыярхальных «нормаў» (як у публічнай сферы, так і ў прыватнай) немагчыма пераадолець аўтарытарызм і скончыць з ім назаўжды. Таму лічу, што фемінісцкія ідэі патрэбны ўсім, хто хацеў бы пабудаваць сваё жыццё без аўтарытарызму і патрыярхату», — мяркуе Альміра Усманава. 

Фота: асабісты архіў

Чытайце таксама: 

Фота з разбомбленай марыупальскай радзільні прызналі фатаграфіяй года па версіі World Press Photo

Чаму сярод беларусак шмат моцных жанчын і па якіх прычынах ім бывае складана знайсці партнёра?

«Для каго ты тут малюешся?» — «Для сябе». Былая палітзняволеная Вольга Класкоўская расказала, як гэта —жанчыне сачыць за сабой у катоўнях

Каментары5

  • хмс
    25.04.2023
    НН, фотачкі 🔥
    🤘 вам ад маїго мужа ;)
  • Ёсік
    25.04.2023
    Усё так, спадарыня. Калі слухаеш баскава, гігіна, гайдукевіча з марзалюком, як яны ўдзячны Лукашэнку, як яны яму сьпяваюць оды, гледзячы на ўсіх гэтых аба.раных кароў, на гэтых зданяў у касьцюмах, не здзіўлюся, што ходзяць да яго і глэмаюць, што ніжэй пупа.
  • Гома сапiенс
    25.04.2023
    Якая-якая гомасicтэма?

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію2

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію

Усе навіны →
Усе навіны

Прызналі «экстрэмісцкім» сайт Grodno.in, які раней змусіў прабачацца Бондараву2

На Гомельшчыне нехта выкінуў ката-сфінкса на двор з ляжанкай і кормам. Жывёліна загінула2

Дзед Мароз прыехаў да дзяцей на «Лінію Сталіна» на танку5

Халезін: Машэнскі — таленавіты бізнэсмен, за кошт гэтага жыве цэлы рэгіён16

Топ-вядучая АНТ Рудакоўская: Я выдатна памятаю 90-я. Таму буду рабіць усё магчымае, каб пераварот не атрымаўся17

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін21

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» ўсе іконы ў стылі анімэ3

У Гомелі трое пенсіянераў пабіліся з-за купюры ў 5 рублёў1

Радзіна рэзка адказала Халезіну: Неўзлін — мой сябар, які шмат зрабіў для развіцця дэмакратыі ў многіх краінах45

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію2

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію

Галоўнае
Усе навіны →