Пасля спынення працы «Атласа» жыхары Слаўгарада не ведаюць, як даехаць у Магілёў
Пасля ўмяшання сілавікоў у працу буйнога аўтаперавозчыка «Атлас», які забяспечваў значную долю пасажырапатоку паміж раённымі цэнтрамі Магілёўшчыны і абласным цэнтрам, у мясцовых сталі ўзнікаць праблемы з тым, каб дабрацца ў абласны цэнтр. Праблему асцярожна падняла слаўгарадская раёнка «Прысожскі край».
04.12.2023 / 13:36
Скрын відэа пра крымінальную справу супраць уладальнікаў агрэгатара перавозак «Атлас»
«Як цяпер дабірацца з Слаўгарада да Магілёва? Калі наладзіцца камфортнае спалучэнне з абласным цэнтрам?» — гэта пытанне, піша выданне, сёння хвалюе большасць слаўгарадчан.
Намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі Слаўгарадскага раёна Аляксандр Краснабаеў патлумачыў чытачам, што цяпер «удасканальваецца праца» аўтаперавозчыка і робіцца гэта для бяспекі пасажыраў і абароны іх правоў. Аляксандр Краснабаеў спаслаўся на нараду, праведзенай Аляксандрам Лукашэнка па гэтым пытанні.
«Відавочна, што ў гэты перыяд, калі ценявая частка пераходзіць на бок свету, рынак пасажыраперавозак крыху штарміць. Але ўсё гэта часова», — прыходзіць да высновы выданне.
Сёння стала вядома, што ў Маладзечне сілавікі спынілі працу дзвюх служб таксі.
У лістападзе стала вядома, што КДБ распачаў вялікую справу кіроўцаў таксі і маршрутчыкаў за нявыплату падаткаў. Затрымалі 20 чалавек, якія, паводле КДБ, ужо кампенсуюць нанесеныя страты. На нарадзе 14 лістапада Лукашэнка анансаваў змены на рынку паслуг таксі.