Нятанная сукенка беларускага брэнду сапсавалася пасля першага мыцця
Дызайнерка вясельных упрыгожанняў трапіла ў непрыемную гісторыю. Для вяселля сяброў яна набыла бліскучую сукенку беларускага брэнду. Пасля першага ж мыцця стала зразумела: надзець абноўку зноў наўрад ці калі атрымаецца.
04.12.2023 / 19:49
Фота з акаўнта ў інстаграме брэнду Cream, скрыншоты відэа ў тыктоку
Дзяўчына сцвярджае: яна толькі паклала сукенку ў тазік з вадой, каб мякка ачысціць невялікае забрудненне пасля свята. Але ж атрымалася так, што большасць маленькіх бліскавак вымылася з тканіны і выглядаць сукенка стала не вельмі прэзентабельна. Дызайнерка адзначыла, што цяпер у бліскаўках уся кватэра і нават кот.
Відэа набрала больш за 715 тысяч праглядаў. Некаторыя каментатаркі адзначылі, што таксама былі ў аналагічнай сітуацыі: нехта быў вымушаны выкінуць адзенне пасля першага мыцця, хтосьці нават не рызыкнуў мыць, таму што разумеў, чым усё скончыцца. Адна з жанчын адзначыла, што добра ведае такую тканіну: «Яна цяпер усюды дрэннай якасці. Гэта напыленне будзе абсыпацца пры любым доглядзе. Там, напэўна, і крэсла пад вамі было ўсё ў бліскаўках».
Скрыншот відэа ў тыктоку
Яшчэ адна дзяўчына падзялілася лайфхакам: «Купіце спрэй для ёлачных цацак з бліскаўкамі — і вернецца бляск. Я так на Новы год кашулю бліскаўкамі залівала».
Шмат хто сцвярджаў, што праблемы няма: бо сукенкі, якія набытыя на святы, аднаразовыя і некалькі разоў іх надзяваць нельга.
Канешне, знайшліся і каментатаркі, якія абвінавацілі дзяўчыну ў хлусні: «Бачна, што сукенку мылі ў машынцы, а не рукамі ў тазіку». У якасці доказу дызайнерка зняла яшчэ відэа, у якім прадэманстравала што бліскаўкі засталіся не толькі ў тазіку, але і ў ваннай, куды яна выліла ваду.
Дызайнерка адзначыла, што брэнд Cream, дзе яна купляла сукенку, ніяк не адрэагаваў на яе абурэнне.
Адна з чытачак «Нашай Нівы» вырашыла напісаць у акаўнт брэнду ў інстаграме, каб даведацца пра гэтую сукенку (мадэль называецца Shine і каштуе 180 рублёў). Здаецца, там пытанню не здзівіліся і нават не сталі ўдакладняць, пра якое канкрэтна відэа ідзе размова.
Фота сукенкі з акаўнта брэнду Cream у інстаграме
Прадстаўніца брэнду сцвярджае, што за год продажу дадзенай мадэлі ні разу не было сітуацыі, каб пасля правільнага догляду сукенка дэфармавалася хоць мінімальна: «Нават з асабістага досведу магу сказаць, што сукенкі, топы, спадніцы ў бліскаўкі не толькі нашага брэнда, але і многіх іншых пры правільным доглядзе надоўга пасяляюцца ў гардэробе і з задавальненнем носяцца шмат разоў».
Каб сукенка доўга праслужыла, параілі або непрацягла далікатна мыць яе ў халоднай мыльнай вадзе, або аддаваць у хімчыстку.
На каментарый пра тое, што на відэа сукенка пасля мыцця выглядае сумна, прадстаўніца Cream прапанавала набыць сукенку і праверыць усе на асабістым досведзе.
Чытайце таксама:
Кампанія Mark Formelle прадставіла вобразы для спатканняў і абурыла падпісчыкаў