Банды 90-х. Як выглядалі ўдзельнікі беларускіх злачынных груповак ШМАТ ФОТА
Пасля выхаду расійскага серыяла «Слова пацана. Кроў на асфальце» цікавасць да арганізаваных злачынных груповак зноў узрасла. Пагрузіліся ў гісторыю беларускіх АЗГ і расказваем, як выглядалі і што насілі тыя, хто дзесяцігоддзямі трымаў грамадства ў страху.
10.12.2023 / 11:04
У 1991 годзе распаўся Савецкі Саюз — Беларусь атрымала незалежнасць, а разам з ёй і новыя выклікі. Наймацнейшы эканамічны крызіс, адсутнасць працоўных месцаў, а таксама развал адзінай праваахоўнай сістэмы сталі выдатнымі перадумовамі для развіцця арганізаванай злачыннасці. Справу пагаршала геаграфічнае становішча краіны — званне «варот у Еўропу» прываблівала налётчыкаў на транзітныя грузы і рэкеціраў.
Па розных даных, у 1994 годзе ў Беларусі налічвалася 150 арганізаваных злачынных груп і 112 крымінальных аўтарытэтаў. У правінцыйных гарадах дзейнічалі невялікія групы ў 30-35 «байцоў», якія падпарадкоўваліся «мацярынскай» бандзе. У буйных гарадах і абласных цэнтрах у банды збіваліся па сто і больш чалавек.
Фота: партал Прайм Крайм
Практычна адразу «браткі» абзавяліся ўнікальным стылем. Своеасаблівае адзенне і татуіроўкі дапамагалі распазнаць свайго і паказвалі статус таго ці іншага ўдзельніка супольнасці. Тыя, хто працаваў кулакамі, часта насілі спартовыя гарнітуры з вятроўкай на маланцы. Новых сяброў АЗГ нярэдка вербавалі ў клубах адзінаборстваў і баксёрскіх гуртках — сутыкацца з такім чалавекам у кулачным баі нікому не хацелася, таму канфлікт часта не даходзіў да крывавай бойкі.
Фота: партал Прайм Крайм
Асобным відам бандыцкага мастацтва лічыліся татуіроўкі. Набіваючы карцінку на скуру, важна было не прамахнуцца з паняццем. Для тых, хто сеў «па малалетцы», адбываў тэрмін у дарослым узросце або проста хацеў упрыгожыць сваё цела, але не меў судзімасці, узоры былі рознымі.
Падлеткі на зоне, акрамя іншага, маглі набіць тату на ўказальны палец — так можна было даведацца пра наяўнасць ранейшых судзімасцяў і іх колькасць. Паўналетнія асуджаныя часта набівалі абрэвіятуры. Сярод іх сустракаліся і рамантычныя. Напрыклад, слова ХЛЕБ азначала «хранить любовь единственную буду».
Вова Клешч
Кіраўнікі сіндыкатаў у стылі дазвалялі сабе больш. Адным з буйных бандытаў пачатку 90-х быў злодзей у законе Уладзімір Клешч па мянушцы Шчаўлік. Ён нарадзіўся ў 1960 годзе, меў пяць судзімасцяў і агулам правёў за кратамі 18 гадоў.
Клешч у цэнтры — у белых штанах. Фота: партал Прайм Крайм
У 1994 годзе, калі Клешч быў у месцах пазбаўлення волі, яго каранавалі, і пасля адсідкі ён узначаліў злачынную супольнасць Беларусі. На яго плячах ляжаў кантроль над казной, а таксама кіраўніцтва групоўкамі. Сярод «калег» Клешч карыстаўся павагай — яго лічылі добрым дыпламатам, які ўмеў вырашаць праблемы не толькі сілай. Паводле ўспамінаў, Шчаўлік па-майстэрску манеўраваў паміж інтарэсамі мясцовай братвы і расійскімі бандамі, якія спрабавалі адкусіць кавалак ад беларускага пірага.
Клешч у цёмным пінжаку злева. Фота: партал Прайм Крайм.
Мужчына любіў прыгожае адзенне і дарагія аксесуары. Ён часта выхваляўся рэменем з залатой бляхай, насіў модныя пінжакі і яркія кашулі. Але свята багатага жыцця доўжылася не доўга.
У 1997 годзе Шчаўлік бясследна знік. Па словах жонкі аўтарытэта, аднойчы пасля тэлефоннай размовы Клешч сказаў, што яму трэба пераставіць машыну і ў тапках спусціўся ў двор. Дадому ён ужо не вярнуўся. Пазней у яго машыне знайшлі сляды крыві, аднак дагэтуль невядома, дзе цела самога Кляшча.
Марозаўская групоўка
У ліхія 90-я Беларусь трымалі ў страху чатыры найбольш буйныя групоўкі: Пажарнікі, Пасялковая, Рэчыцкая і Марозаўская. Апошняя з'явілася ў Гомелі і з цягам часу стала самай крывавай бандай у гісторыі незалежнай Беларусі.
Каля вытокаў гэтай групоўкі стаялі сябры па зоне — Сяргей Марозаў і Міхаіл Мацюшкоў. Вызваліўшыся з калоніі, таварышы скалацілі банду і пачалі кашмарыць раён Гомсельмаш — займаліся рэкетам і вымаганнем. Аднак неўзабаве маладыя людзі пашырылі сферу дзейнасці і ўзялі пад кантроль Цэнтральны рынак. За паслугі «даху», якія яны, дарэчы, часта не выконвалі, хлопцы патрабавалі ад гандляроў па 15 даляраў, вялікія грошы на той час.
Фота: Вікіпедыя
У 1996-м Мацюшкова застрэлілі, і Марозаў стаў аднаасобным лідарам. Даверанымі асобамі Сяргея ў той час былі Ігар Данчанка (ён выконваў функцыі намесніка), Аляксандр «Афоня» Астрацоў, які адказваў за касу, Сяргей Дзербянёў, які ўзначаліў службу бяспекі, і памочнік Валерый Гарбаты. У «штаце» маразоўскіх лічыліся штатныя кілеры: Мікалай Кулеўскі і Андрэй Цюніс.
Біяграфія новага кіраўніка, Сяргея Марозава, падобная да іншых гісторый крымінальных аўтарытэтаў таго часу. Ён нарадзіўся ў 1967 годзе ў Луганскай вобласці Украіны. Вядома, што ў дзяцінстве хлопец не выяўляў цягі да ведаў — дрэнна вучыўся і часта прапускаў заняткі, канфліктаваў з настаўнікамі, выпіваў. Упершыню на лаве падсудных Сяргей апынуўся ў 17 гадоў — тады ён жорстка збіў чалавека, які пазней памёр. У 18 гадоў Марозава пасадзілі за крадзеж, у 20 — за чарговую бойку. Але кар'ера на волі складалася ўдала. У трыццаць гадоў хлопец ужо кантраляваў не толькі Гомель, але і ўсю Гомельскую вобласць.
Сяргей Марозаў у цэнтры другога шэрагу. Фота: партал Прайм Крайм.
Злачынец у законе адрозніваўся асаблівай жорсткасцю. Падчас следства выявілася жудаснае згвалтаванне і забойства маладой дзяўчыны, якая спадабалася верхаводу банды. Пасля доўгіх гадзін здзекаў яе цела раздзялілі і скінулі ў Сож. Вызначана, што мінімум трох чалавек злачынцы патапілі жывымі, прывязаўшы да іх груз. Некаторых ахвяр душылі. Вядома пра датычнасць Марозава да забойства чатырох літоўскіх бізнэсменаў.
Па-за працай Сяргей Марозаў, як і астатнія вярхі банды, любіў прыгожае жыццё. Кіраўнік усяляк спрабаваў падкрэсліць сваё прывілеяванае становішча: аддаваў перавагу класічным лукам і незвычайным тканінам. У яго гардэробе былі шаўковыя кашулі (фатаграфія вышэй) і каляровыя гальштукі. Для паўсядзённых сустрэч ён выбіраў чорны тотал-лук. Спалучэнне цёмнага класічнага касцюма і футболкі ў тыя гады было на піку мужчынскай моды.
Сяргей Марозаў па цэнтры ў чорным адзенні. Фота: партал Прайм Крайм.
Банду доўга не маглі прыцягнуць да адказу — злачынцы запалохвалі або забівалі магчымых сведак, а таксама па-майстэрску замяталі сляды. Фёдар Чубкавец, суддзя Вярхоўнага суда, які разглядаў справу марозаўскіх, успамінаў: «Калі ў 1994 годзе ў рацэ Сож былі знойдзены трупы чатырох пацярпелых, у аператыўнікаў была інфармацыя, што злачынства было здзейснена на дачы банды Марозава. Следчыя дзеянні не былі праведзены ў той жа дзень. А раніцай наступнага дача была знесена разам з падмуркам».
Праваахоўнікі змаглі прыціснуць групоўку толькі ў нулявых. Тады за ўдзел у бандзе асудзілі больш за 50 чалавек. У 2006 годзе Сяргея Марозава, Валерыя Гарбатага і Ігара Данчанку прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Прыгавор прыведзены ў выкананне ў 2008-м. Астатнія сябры групоўкі атрымалі розныя тэрміны — ад двух да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Саша Кушнер
Па справе Марозава праходзіў крымінальны аўтарытэт Аляксандр Кушняроў. За саўдзел у злачынствах Кушнера таксама прыгаварылі да расстрэлу. Аднак Вярхоўны суд змякчыў рашэнне, замяніўшы яго 15 гадамі турмы. Кушняроў выйшаў па амністыі раней за гэты тэрмін і адразу паспрабаваў стаць ля руля крымінальнага свету Беларусі.
Кушняроў па цэнтры ў спартовым касцюме. Фота: партал Прайм Крайм.
Злачынца нарадзіўся ў 1966 годзе ў Гомелі. У 17 гадоў быў упершыню арыштаваны за дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а пазней сеў за крадзеж — на восем гадоў. Усяго на рахунку Кушнярова шэсць судзімасцяў.
Кушнер мае цэлы набор цікавых татуіровак. Тыя, што адразу кідаюцца ў вочы, набітыя на грудзях. Па адной з версій, галава тыгра, якая рыкае, азначае «злосць на ўладу». Падтэкст у карцінкі такі: уладальнік тату варожа настроены да праваахоўных органаў і асобаў, якія парвалі са злачынным асяроддзем. Акрамя іншага, такі чалавек гатовы даць адпор любому, хто паквапіцца на яго гонар.
Кушняроў справа. Фота: партал Прайм Крайм.
Іншая татуіроўка Кушнера — галава пачвары з ікламі — можа азначаць непрыязнасць да работнікаў міліцыі, суда, пракуратуры, адміністрацыі папраўча-працоўных устаноў.
У маі 2022 года Аляксандр Кушнер быў затрыманы па падазрэнні ў падрыхтоўцы забойства двух чалавек. Паводле інфармацыі следства, у ліку запланаваных ахвяр Кушнера быў яго канкурэнт — крымінальны аўтарытэт Бадры Кагуашвілі. За яго смерць злодзей абяцаў выканаўцам 700 тысяч даляраў. Праз год суд прызнаў яго віну і прызначыў 24 гады пазбаўлення волі.
На шчасце, бандыцкая мода не пайшла ў народ.
Чытайце таксама:
З якога раёна, чушпан? Што за серыял «Слова пацана», які рве рэйтынгі