Каго падтрымліваюць беларусы ў палесціна-ізраільскім канфлікце? — вынікі апытання

Адносіны беларусаў да палесціна-ізраільскага супрацьстаяння прадэманстравалі вынікі апытання Chatham House.

06.12.2023 / 18:15

Палесцінскія баевікі запускаюць ракеты з Газы ў бок Ізраіля. Фота: AP Photo/Hatem Moussa

Палесціна-ізраільскае сутыкненне, якое пачалося 7 кастрычніка, далёкае ад вырашэння. Беларусы, як і жыхары іншых краін пад уплывам СМІ выбіраюць тое, што падаецца блізкім і зразумелым. Меркаванне беларускага грамадства высветлілі сацыёлагі падчас апытання, што было праведзена з 8 па 14 лістапада 2023 года.

Усяго ў апытанні прынялі ўдзел 868 рэспандэнтаў. Два з пяці апытаных (38%) адносяцца да аўдыторыі дзяржаўных СМІ. Кожны чацвёрты (23%) імкнецца адсочваць абодва сегменты медыяпрасторы. Столькі ж людзей не цікавіцца навінамі ў выніку. Да аўдыторыі недзяржаўных СМІ аднеслі 16% рэспандэнтаў.

За Палесціну ці Ізраіль

Як паказала апытанне, на баку палесцінцаў сімпатыі кожнага шостага беларуса (17%). На баку ізраільцян амаль кожны чацвёрты (23%). Пра тое, што не займаюць нічый бок, заявілі 38% апытаных. Амаль чвэрці рэспандэнтаў на гэта пытанне было цяжка адказаць.

Калі ж суаднесці адказы з прыхільнасцю рэспандэнтаў да СМІ, то вынікі атрымліваюцца відавочна іншымі. Аўдыторыя недзяржаўных СМІ адназначна выражае прыхільнасць ізраільскаму боку (65%). У той жа час аўдыторыя дзяржаўных СМІ на баку палесцінцаў (27%).

Хто вінаваты ў канфлікце

На пытанне, каго варта лічыць адказным за працяг праліцця крыві і нестабільнасць на Блізкім Усходзе, кожны трэці апытаны (33%) назваў ЗША і іншыя краіны НАТА. Прычым такой думкі прытрымліваецца кожны другі (48%) з аўдыторыі дзяржаўных СМІ.

ХАМАС ці ўвогуле Палесціну віноўнікамі канфлікту бачыць кожны шосты беларус. Сярод аўдыторыі недзяржаўных СМІ такіх — кожны другі. Сярод гэтай аўдыторыі таксама больш тых, хто вінаватым называе Расію (13%) і арабскія краіны (10%).

Ва аўдыторыі дзяржаўных СМІ зусім няма прыхільнікаў думкі, што ў канфлікце можа быць вінавата Расія, а вось Ізраіль вінаваціць кожны сёмы (13%).

Чытайце яшчэ:

Новае апытанне паказала, колькі беларусаў падтрымлівае вайну і размяшчэнне ядзернай зброі

Што думаюць беларусы пра расійскую мабілізацыю. Нечаканыя вынікі даследавання

Сацыёлагі далі свежыя звесткі, каму беларусы давяраюць і ці гатовыя жыць без Расіі

Антось Жупран