Украіна і Лукашэнка дамовіліся па Палку Каліноўскага? Гіпотэза Шрайбмана

У новым выпуску шоу «Гадзінічак цікае» палітычны аналітык Арцём Шрайбман разважае, чаму Полк Каліноўскага не заходзіць на тэрыторыю Беларусі і чаму сілавое вырашэнне беларускага пытання знікае з дыскурсу.

12.12.2023 / 18:20

Лукашэнка і Зяленскі падчас сустрэчы ў Жытоміры 4 кастрычніка 2019 года. Фота: Ukrainian Presidential Press Office via AP

Як заўважыў Шрайбман, Украіна разглядае Беларусь як сувярэнную дзяржаву. Па яго меркаванні, размовы пра тое, што наша краіна акупаваная, не маюць пад сабою ніякіх падставаў.

Шрайбман згадвае пра нядаўнія слуханні Каардынацыйнай рады па палітзняволеных, што адбыліся ў Варшаве. На іх прысутнічаў прадстаўнік Палка Каліноўскага.

«Ён агучваў даўнюю пазіцыю пра тое, што Беларусь дэ-факта акупаваная. Таму да палітзняволеных мы павінны падыходзіць, як да палонных. Вось ёсць палонныя ў нашага праціўніка. Нам неабходны палонныя, каб іх мяняць. Яму з залы задалі вельмі важкае пытанне: «Калі для Палка Каліноўскага тэрыторыя Беларусі акупаваная, то чаму вам ніхто не дазваляе там праводзіць аперацыі, як, напрыклад, у Крыме?» Адказ быў: «Без каментароў».

Арцём Шрайбман выказаў гіпотэзу, што Украіна магла дамовіцца з Лукашэнкам адносна Палка Каліноўскага. Скрын відэа chasiki_ / YouTube

«У гэтую секунду ты разумееш завершанасць дыскурсу пра акупаваную Беларусь. Калі б гэтая тэрыторыя была акупаванай, то ў Палка Каліноўскага не было б абмежаванняў», — мяркуе аналітык.

Для Украіны тэрыторыя Беларусі застаецца недатыкальнай. І калі трэба будзе для нармалізацыі, то, як лічыць Шрайбман, украінскі бок «прыглушыць публічную камунікацыю, у тым ліку і Палка Каліноўскага».

На думку Шрайбмана, уся палітычная ідэнтычнасць Палка Каліноўскага і іншых добраахвотнікаў спачатку грунтавалася на такім меркаванні. Але па выніках контрнаступу, калі «ўкраінская перамога відавочна сышла за гарызонт», ідэя пра тое, як будзе вырашацца беларускае пытанне сілаю, знікае з дыскурсу.

Украіна дамовілася з Лукашэнкам?

Шрайбман выказвае здагадку: пытанне палка Каліноўскага было абгаворана ўкраінскім бокам з Лукашэнкам.

Аналітык тлумачыць: «На гэта паказвае, па-першае, тое, што камунікатарам з Лукашэнкам з украінскага боку з'яўляецца Галоўнае ўпраўленне разведкі. Пра гэта гаварыў Лукашэнка. На гэта намякаў сам кіраўнік упраўлення Буданаў. Менавіта гэта ведамства і курыруе полк Каліноўскага, як і іншыя замежныя падраздзяленні.

Было б зразумела, каб яны прагаварылі, што ёсць нейкія «чырвоныя лініі». «Мы як бы з імі палітычна гуляемся. Але не перажывайце. Мы іх да мяжы, умоўна кажучы, не падпусцім. Ні ў якім разе не дамо ім нікуды паехаць у прыватным парадку». І гэтак далей.

Я ўпэўнены, што гэта прагаворваецца. Інакш было б супердзіўным, каб ведамства, якое ў вачах Лукашэнкі рыхтуе беларускіх баевікоў, з ім пастаянна камунікавала. Лукашэнка сам гаворыць, што Буданаў павінен стаць прэзідэнтам».

Таму, працягвае Шрайбман, калі спікеры Палка Каліноўскага гавораць пра перспектывы сілавога вызвалення Беларусі, то гэта «відавочная самадзейнасць».

«Упэўнены, што ва Украіне, асабліва сярод кіраўніцтва, ніхто не санкцыянаваў такія амбіцыі», — дадае Шрайбман.

Чытайце яшчэ:

«Альбо вялікі гонар, альбо вялікая ганьба». Што адбывалася на канферэнцыі палка Каліноўскага па стратэгіях вызвалення Беларусі

Буданаў заклікаў «аддаць належнае» Лукашэнку

Шрайбман назваў асноўныя памылкі дэмакратычных сіл Беларусі

Арцём Шрайбман перайшоў на беларускую мову

Антось Жупран