На расійскім аўкцыёне выставілі карціну пэндзля Івана Хруцкага
Партрэт невядомага мужчыны далёка не першы твор беларускага мастака, які выстаўляўся за апошнія дзесяцігоддзі на продаж. Сумы за ягоныя палотны часам дасягаюць шасцізначных лічбаў. «Наша Ніва» паглядзела, што яшчэ з Хруцкага і за колькі прапаноўвалі на аўкцыёнах за апошні час.
12.12.2023 / 19:45
Мужчынскі партрэт 1836 года, выстаўлены на аўкцыён. Фота: Artinvestment
Іван Фаміч Хруцкі (1810 — 1885) з'яўляецца выдатным акадэмічным жывапісцам XIX стагоддзя, майстрам нацюрморту і партрэтных палотнаў. Хруцкі нарадзіўся ў мястэчку Ула Лепельскага павета Віцебскай губерні ў сям’і грэка-каталіцкага святара. Ягоная персона адна з нешматлікіх у мастацкім свеце таго часу, якая сёння ідэнтыфікуецца як частка беларускай культуры збольшага нават у расійскім мастацтвазнаўстве.
Паводле экспертнага заключэння, выдадзенага ва Усерасійскім мастацкім навукова-рэстаўрацыйным цэнтры імя акадэміка І.Э.Грабара, на партрэце памерам 75,5 × 62,8 см алейнымі фарбамі намаляваны мужчына, меркавана купецкага саслоўя, у касцюме, які адпавядае модзе 1830-х гадоў. У 1836 годзе Хруцкі атрымаў званне някласнага мастака Акадэміі мастацтваў, у тым ліку за выкананыя з натуры партрэты, а таксама прадставіў некалькі партрэтаў на акадэмічных выстаўках 1836-1837 гадоў.
Дэталь партрэта невядомага мужчыны. Фота: Artinvestment
Параўнанне работы з музейнымі творамі Хруцкага канца 1830 — пачатку 1840-х гадоў паказала падабенства ў стылістычных асаблівасцях, індывідуальнай манеры і прапрацоўцы асобных дэталяў. На адваротным баку карціны маецца надпіс «1836. г. П. худъ. Иванъ Хруцкій», які таксама пацвярджае аўтарства Івана Хруцкага.
Бягучая стаўка на карціну складае 5,5 млн расійскіх рублёў (каля 61 тысячы даляраў), але яна можа значна ўзрасці. Прынамсі партрэты і пейзажы пэндзля Хруцкага, якія ў ранейшыя гады выстаўляліся на аўкцыёны, у выніку прадаваліся за большыя ў разы сумы.
«Партрэт беларускай памешчыцы Паціралоўскай». 1857 год. Фота: MacDougall's
У чэрвені 2017 года за 110,5 тысячы фунтаў стэрлінгаў (каля 140 тысяч даляраў) на аўкцыёне MacDougall's было прададзена палатно, створанае ў 1857 годзе, на якім намалявана старая беларуская памешчыца Паціралоўская. Партрэт паходзіў з калекцыі рымскага адваката Альфрэда Лацарыні. Першапачаткова карціна ацэньвалася ўсяго ў 30-50 тысяч фунтаў стэрлінгаў, то-бок у прыкладна аналагічную суму, якую сёння прапаноўваюць за мужчынскі партрэт мастака.
«Нацюрморт з садавіной і сотамі». 1840 год. Фота: MacDougall's
На тым жа аўкцыёне ў 2021 годзе за 222,75 тысячы фунтаў стэрлінгаў купілі «Нацюрморт з садавіной і сотамі», напісаны Хруцкім у 1840 годзе.
Адны з найбольш дарагіх работ Хруцкага былі прададзены ў 2007 годзе.
«Нацюрморт са свечкай і оперным біноклем». 1840 год. Фота: MacDougall's
Першая з іх, «Нацюрморт са свечкай і оперным біноклем», з’яўляецца адным з некалькіх аўтарскіх паўтарэнняў карціны 1839 года, аналагічныя карціны захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і Нацыянальным музеі ў Варшаве. Першапачаткова карціну ацэньвалі ў 200-300 тысяч фунтаў стэрлінгаў, але ў выніку прадалі за 197,6 тысячы фунтаў стэрлінгаў.
«Партрэт маладой жанчыны з кошыкам вінаграду». 1838 год.
Другім творам Хруцкага, прададзеным у той год з аўкцыёна MacDougall's, быў партрэт маладой жанчыны з кошыкам вінаграду. Мадэллю для гэтай работы 1838 года паслужыла тая ж дзяўчына, якая шмат разоў з’яўлялася на іншых палотнах майстра, у тым ліку на знакамітым «Партрэце невядомай з кветкамі і садавіной» з мінскай калекцыі.
«Партрэт маладой жанчыны з кветкамі і садавіной». Фота: Sotheby's
Таксама ў 2007 годзе на лонданскім Sotheby's прапаноўвалі «Партрэт маладой жанчыны з кветкамі і садавіной», блізкае паўтарэнне партрэта, які можна пабачыць у беларускіх калекцыях, які ацэньваўся ў 150-300 тысяч фунтаў стэрлінгаў.
Нацюрморт, які прыпісваецца Хруцкаму
Пейзаж з мастком, які прыпісваецца Хруцкаму
Але аматары прыгожага мастацтва могуць адшукаць працы беларускага майстра і па цалкам прымальных цэнах — усяго за 1600 даляраў быў набыты нацюрморт з гранатамі і вінаградам, які прыпісваецца Хруцкаму, а за 3800 еўра пейзаж з мастком над бурлівай ракой.
Запатрабаванасць творчасці Івана Хруцкага на заходнім мастацкім рынку сведчыць пра высокі мастацкі ўзровень беларускага жывапісца. 24 карціны, якія захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, а таксама шэраг палотнаў у Віцебску і Полацку з'яўляюцца важнай часткай беларускай мастацкай спадчыны.
Чытайце таксама:
Эскізы алтарных роспісаў мінскага Чырвонага касцёла выкупілі беларусы замежжа
Луўр заплаціў дзясяткі мільёнаў еўра за карціну, якую збіраліся выкінуць у сметніцу
Загадкавая гісторыя адной скульптуры. Як Лукашэнка падарыў тое, чым не валодаў
У Расіі прадалі на аўкцыёне старажытную грамату аб наданні герба беларускай Дзісне