«Адна вайна з 28 у свеце». Кіраўнік МАК бароніць допуск атлетаў з Беларусі і Расіі на Алімпіяду-2024
«Індывідуальных атлетаў нельга караць за дзеянні іх урадаў», — сказаў Томас Бах, выступаючы на форуме ў Жэневе.
14.12.2023 / 16:06
Томас Бах. Фота: Aurelien Meunier / Getty Image
Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах назваў апраўданым рашэнне дапусціць атлетаў з Расіі і Беларусі да летніх Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы, калі яны будуць выступаць у нейтральным статусе, піша Бі-бі-сі.
Вайну ва Украіне, якая пачалася ў лютым 2022 года, ён назваў адной з мноства ў свеце. «Адна вайна з 28 войнаў і канфліктаў, якія цяпер ідуць у свеце, і ўсе іншыя атлеты мірна спаборнічаюць адно з адным», — сказаў Бах.
На мінулым тыдні Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў расійскіх і беларускіх спартсменаў на летнія Алімпійскія Гульні 2024 года ў нейтральным статусе: яны будуць выступаць без сцяга і гімна.
Дадатковае патрабаванне — ані самі спартоўцы, ані сябры іх трэнерскага штаба не павінны выступаць з актыўнай падтрымкай расійскага ўварвання ва Украіну.
На дадзены момант толькі восем спартсменаў з Расіі і пяць з Беларусі кваліфікаваліся на Алімпіяду ў Парыжы.
Забарона застаецца ў сіле для каманд, якія афіцыйна прадстаўляюць Расію і Беларусь.
«Усе іх сцягі — у плямах крыві»
Многія заходнія краіны, у тым ліку ЗША і Вялікабрытанія, заклікалі да поўнай забароны на ўдзел у Алімпіядзе для расійскіх і беларускіх спартоўцаў.
Такую ж пазіцыю займае і Украіна, якая пагражала байкатаваць гульні.
У снежні 2022 года Уладзімір Зяленскі заявіў: «белы або любы нейтральны сцяг для расійскіх спартоўцаў немагчымы, усе іх сцягі — у плямах крыві».
«Любыя ідэі вярнуць расійскіх прадстаўнікоў на міжнародныя спаборніцтвы — гэта ідэі аб тым, як дазволіць тым, хто вінаваты ў тэроры, сказаць свайму грамадству, што свет нібыта даруе тэрор», — цытуе Зяленскага афіцыйны сайт прэзідэнта Украіны.
У адказ на пагрозы Украіны байкатаваць гульні Бах сказаў, што дзяржавы могуць мець розныя палітычныя меркаванні.
МАК таксама заявіў, што будзе і далей падтрымліваць украінскіх атлетаў усімі магчымымі спосабамі, каб на Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе была прадстаўлена моцная каманда Нацыянальнага алімпійскага камітэта Украіны.
Чытайце таксама:
МАК дапусціў беларускіх і расійскіх спартоўцаў да Алімпіяды-2024
Лёгкаатлетаў з Беларусі і Расіі на Алімпіядзе не будзе — прэзідэнт World Athletics
НАК вітаў допуск да Алімпіяды, але назваў яго ўмовы дыскрымінацыйнымі
Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў да Алімпіяды пяцярых беларусаў