Вялізныя могілкі каменнага веку каля палярнага круга здзівілі археолагаў
Могілкі, якім 6500 гадоў, могуць быць у пяць разоў большыя, чым меркавалася — гэта кардынальна перазагружае ўяўленні даследчыкаў аб паўночным дагістарычным жыцці.
22.12.2023 / 19:22
Адна з ям каменнага веку, знойдзеная ў Tainiaro / Фота: Tuija Laurén
Глеба на адных з найбуйнейшых могілках каменнага веку ў Еўропе настолькі кіслая, што ўсе чалавечыя парэшткі там расклаліся яшчэ тысячы гадоў таму. Могілкам, размешчаным у Таін'яра ў фінскай Лапландыі, 6500 гадоў. Яны знаходзяцца прыкладна за 80 кіламетраў на поўдзень ад Палярнага круга.
Раскопкі, што праводзіліся яшчэ ў 1980-90-ых гадах, выявілі там каля сарака магіл. Але ў выніку раскопак, праведзеных у 2018 годзе, выявілася, што некалі там былі пахаваныя не менш за 120 чалавек, што ўтрая перавышае папярэднія ацэнкі (а па некаторых ацэнках пахаванняў было больш за 200). Даследаванне каманды было апублікавана ў канцы лістапада ў археалагічным выданні Antiquity і на сайце Cambridge University Press.
«Магілы каменнага веку пакідаюць пасля сябе толькі формы ям і чырвоную вохру, якой у Таін'яра мала», — цытуе фінскага археолага і вядучага аўтара даследавання Акі Хаканена Gizmodo. — «Доказы даволі няўлоўныя».
Месца меркаваных могілак на мапе / Выява: Cambridge University Press
Чырвоная вохра была звычайнай фарбай у перыяд неаліту і выкарыстоўвалася ў некаторых цырымоніях, такіх як, напрыклад, пахаванні. Так, нядаўнія сведчанні з аднаго з самых вядомых неалітычных паселішчаў у Турцыі гавораць аб тым, што мёртвых эксгумавалі, а потым размалёўвалі з дапамогай чырвонай вохры і кінавары.
Хаця каманда лічыць, што Таін'яра было месцам пахавання, гэта толькі гіпотэза. Аднак даследчыкі кажуць, што на гэты момант меркаванне аб тым, што вялікія могілкі, падобна, існавалі паблізу палярнага круга, павінна прымусіць нас перагледзець нашы ўяўленні аб поўначы і яе месцы ў дагістарычны перыяд.
Хоць ямы ў Таін'яра маюць форму магіл, чырвоная вохра была знойдзена толькі ў 23 з іх. Некаторыя з ямаў утрымлівалі попел і драўняны вугаль, што прывяло аўтараў да думкі, што прынамсі некаторыя з ям у Таін'яра былі вогнішчамі.
Даследчыкі кажуць, што аналіз новых узораў глебы на наяўнасць скамянелых валасоў, збор старажытнай ДНК непасрэдна з глебы падчас раскопак на астатняй тэрыторыі (чатыры пятыя якой яшчэ не даследаваныя) цалкам могуць праясніць карціну.
Чытайце таксама:
Пячорныя гравюры ўзростам 57 000 гадоў былі працай неандэртальцаў — даследчыкі