Навукоўцы расказалі, хто жыў у Еўропе падчас апошняга ледавіковага перыяду, раскрыўшы геномы 356 паляўнічых-збіральнікаў
Міжнародная даследчая група правяла найбуйнейшы на сённяшні дзень аналіз геному продкаў еўрапейцаў часу ледавіковага перыяду.
Больш за сто гадоў навукоўцы спрачаліся наконт таго, хто насяляў Цэнтральную Еўропу пасля апошняга ледавіковага перыяду. Міжнародная даследчая група з Цюбінгенскага ўніверсітэта пры ўдзеле навукоўцаў з Універсітэта Гётынгена праліла святло на генетычную гісторыю еўрапейскіх продкаў.
У той час як папярэднія гіпотэзы ў асноўным грунтаваліся на археалагічных знаходках, у новым даследаванні навукоўцы выкарыстоўвалі вялікі масіў даных геномаў еўрапейскіх паляўнічых-збіральнікаў. Даследаванне, апублікаванае ў Nature, раскрывае фактычныя працэсы засялення і ўзаемадзеяння грамадстваў еўрапейскіх паляўнічых і збіральнікаў, што жылі падчас ледавіковага і пасляледавіковага перыядаў.
Набор даных быў найвялікшым з калі-небудзь сабраных: былі прааналізаваныя геномы 356 дагістарычных асобін з розных археалагічных культур, у тым ліку новыя наборы геномных даных 116 асобін з 14 розных краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі.
Gizmodo распавядае, што групы, якія насялялі Цэнтральную і Паўднёвую Еўропу да апошняга ледавіковага максімуму (самай халоднай часткі апошняга ледніковага перыяду), адносіліся да гравецкай культуры, якая існавала ў Еўропе ад 32000 да 24000 гадоў таму.
Згодна з даследаваннем, нашчадкі заходніх гравецкіх папуляцый (якія існавалі на тэрыторыі сучаснай Францыі, Іспаніі і Партугаліі) саступілі месца салютрэйскай і магдаленскай культурам, якія з адступленнем ледавікоў рушылі на паўночны ўсход у астатнюю Еўропу.
Як паведамляе выданне myScience, адным з важных вынікаў выявілася дзіўнае генетычнае падабенства паміж чалавечымі парэшткамі з паўднёва-заходняй Еўропы ўзростам каля 18000 гадоў і парэшткамі з Машыцкай пячоры на поўдні Польшчы. Навукоўцы кажуць, што гэта пацвярджае вынікі папярэдніх археалагічных даследаванняў — што менавіта прадстаўнікі магдаленскіх культур, вядомыя навукоўцам сваімі пячорнымі малюнкамі, каланізавалі Цэнтральную Еўропу з паўднёвага захаду пасля адступлення ледавікоў. Яны стварылі свае паселішчы ў нізкагорнай зоне паміж рэкамі Рэйн і Одэр, дзе жылі цягам 3500 гадоў.
Калі ў канцы ледавіковага перыяду, прыкладна 14000 гадоў таму, пацяпленне прывяло да змены папуляцыі, з’явіліся групы паляўнічых-збіральнікаў пасляледавіковага перыяду. Так, на месцы аднаго з пахаванняў на поўначы Германіі, узрост якога складае каля 8000 гадоў, парэшткі шэрагу асобін дазволілі апісаць тагачаснае насельніцтва па вонкавым выглядзе. Яны мелі цёмную скуру і блакітныя або зялёныя вочы, што адпавядае тыповаму выгляду карэннага насельніцтва Цэнтральнай Еўропы часоў мезаліту.
У выніку даследавання ўпершыню былі выяўленыя доказы ўзаемадзеяння паміж асобамі са згаданага паўночна-германскага пахавання і супольнасцямі паляўнічых-збіральнікаў з Усходняй Еўропы. Усходнееўрапейская супольнасць тады адрознівалася знешнім выглядам: у іх была больш светлая скура і цёмныя вочы. У гэты час утварылася Балтыйскае мора — і гэта, верагодна, спрыяла павелічэнню кантактаў усход-захад.
Такім чынам, пасля амаль адсутнасці кантактаў (і практычна без генетычнага абмену) паміж групамі паляўнічых-збіральнікаў у Заходняй і Усходняй Еўропе на працягу тысячагоддзяў — узаемадзеянне аднавілася каля 8000 гадоў таму. Разам з гэтым адбыўся і зрух да аселага спосабу жыцця, заснаванага на сельскай гаспадарцы, што было вельмі далёкім ад спосабу жыцця паляўнічых і збіральнікаў ледавіковага перыяду.
-
«Найбольш адчувальныя змены — у прэзентацыі паўстання Каліноўскага». Як змяніліся беларускія падручнікі па гісторыі
-
90 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча — архіўны фільм «Нашай Нівы» пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі
-
Выхадзец з беларускай шляхты 28 гадоў кіраваў савецкай замежнай палітыкай. Чым запомніўся Грамыка, які атрымаў мянушку Містар Не
Каментары