Прапагандысты знялі фільм пра затрыманні ў Магілёве. Прыйшлі і да вядомых асоб
Затрыманні адбыліся адразу пасля таго, як КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі» два інтэрнэт-выданні Mogilev.media і 6TV Biełaruś.
15.12.2023 / 23:04
Затрыманні ў Магілёве. Фота: скрын з відэа «Беларусь 4 Магілёў»
15 снежня на канале «Беларусь 4 Магілёў» паказалі некаторых з затрыманых: былога дырэктара Музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова, былых выкладчыкаў універсітэта імя Куляшова Ігара Шаруху і Аляксандра Агеева, а таксама былога кіраўніка магілёўскай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Вырвіча.
Як вынікае з прапагандысцкага фільма, затрыманне Аляксея Бацюкова было жорсткім. У яго кватэру ўварвалася група амапаўцаў. Аляксея паклалі на падлогу, а потым паказалі толькі яго фота.
Затрыманні ў Магілёве. Фота: скрын з відэа «Беларусь 4 Магілёў»
Са сваіх крыніц «Нашай Ніве» вядома, што Аляксей Бацюкоў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. У ліпені яго ўжо затрымлівалі. Тады пасля трох дзён зняволення Аляксея вызвалілі.
Шаруха, Агееў, Вырвіч вымушана расказваюць на камеру, што раней пісалі для Mogilev.media.
Прапагандысты называюць Mogilev.media і 6TV Biełaruś «ячэйкай экстрэмістаў», якія мелі на мэце дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне. Паводле іх, кіраваў з-за мяжы выданнямі Зміцер Салаўёў.
Сілавікі, як вынікае з сюжэта, праслухоўвалі размовы Салаўёва і Бацюкова праз мэсэнджары: галасы, падобныя да іхніх, абмяркоўваюць эвакуацыю Аляксея. Магчыма, у тэлефоне аднаго з іх стаяла шпіёнская праграма.
Прапагандысты кажуць, што цяпер даецца прававая ацэнка дзеянням «удзельнікам экстрэмісцкага фармавання».
Паводле тэлеграм-канала магілёўскіх праваабаронцаў MAYDAY TEAM, вобшукі і затрыманні былых аўтараў Mogilev.media адбыліся 5 і 6 снежня. Праваабаронцы называюць яшчэ Пятра Мігурскага і Сяргея Антонава. Апошні пасля двух дзён зняволення і працяглага допыту з'ехаў з Беларусі.
У Магілёве таксама асудзілі на 10 сутак былога мясцовага блогера Аляксандра Сабалеўскага.
Чытайце таксама:
Затрымалі працаўніка Беларусбанка, які ўдзельнічаў у беларускіх шэсцях з 2015-га