Грамадства44

«Мы тая кампанія, што нават з турмы зробіць цырк». Лідар гурта «Дети хрущёвок» расказаў пра пераслед за сваю творчасць

У красавіку гэтага года тры песні і сацсеткі гомельскага гурта «Дети хрущёвок» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Праз месяц за «распаўсюд» уласных песен былі арыштаваныя пяць музыкаў. Лідар і вакаліст гурта Ян Дворак расказаў «Вясне» пра тое, як іх творчасць прыраўнавалі да «экстрэмізму», затрыманне, «суткі» ў гомельскім ізалятары і сувязь з Tor Band.

«Дети хрущёвок»

«Праз год, калі мы знайшлі сябе, пачаліся падзеі 2020 года»

Гурт «Дети хрущёвок» узнік у 2019 годзе на Гомельшчыне, распавядае Ян:

«Першапачаткова гэта было хутчэй нават не хобі, а нестандартнае захапленне ў вольны час. Асабіста я музыкай даўно займаўся, а хлопцы вырашылі для сябе пайграць. То-бок у планах не было выбівацца на вялікую сцэну. Праз год, калі мы ўжо больш-менш сыграліся, знайшлі сябе, пачаліся падзеі 2020 года… Відавочна, мы пачалі на іх звяртаць сваю ўвагу. А пазней мы сталі на Гомельшчыне крыху вядомымі».

Сам Ян нарадзіўся ў Светлагорску, з юнацтва граў у розных музычных гуртах. Любоў да музыкі хлопцу перадалася ад бацькі. Калі Ян паступіў ва ўніверсітэт у Гомелі, то пазнаёміўся з мясцовымі музыкамі. Хлопец дзеліцца, што яму вельмі падабалася тое, чым ён займаўся, але планы ў занятках музыкай у Беларусі змяніла рашэнне суда Цэнтральнага раёна Гомеля вясной 2023 года. 

Ян Дворак. Фота прадастаўлена героем

11 красавіка тры песні гурта «Дети хрущёвок» — «2020»; «Таракан (Демо)»; «Папицот» — былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Акрамя песен, «экстрэмісцкімі» прызналі суполку «ВКонтакте», Youtube-канал, старонка ў Instagram «Дети Хрущевок». Таксама ў спіс патрапіла і асабістая старонка Яна «ВКонтакте» — «Юзеф Пілсудський».

Аўтарам гэтых «экстрэмісцкіх» песень з'яўляецца Ян. Ён расказаў гісторыю іх напісання:

«Таракана» я напісаў, калі яшчэ з хлопцамі не граў. Тады я запісаў акустычную дэма-версію, якую па выніку цяпер і прызналі «экстрэмісцкай». Самае цікавае, што асноўную версію гэткай не прызналі [смяецца].

Першапачаткова песня «2020» была нават ні пра ніякія палітычныя справы — гэта было такое неардынарнае віншаванне з Новым годам нашых слухачоў. Там і пра каранавірус, і пра пратэсты і пра ўсё на свеце, што было ў 2020 годзе. На мінулы Новы год мы таксама запісвалі віншавальную песеньку. Проста 2020 год быў вельмі насычаным. Што тычыцца песні «Папицот», то яна таксама не была першапачаткова палітычнай. Там з палітычнага толькі прыпеў і назва».

«Я не шарю в политике и в неё не лезу, 

Не ношу косухи, не люблю ирокезы

Я обычный мужик, работяга с завода, 

я пашу на зарплату — дайте же хлеба и водки.

И будет папиццот!» — спяваюць «Дети хрущёвок».

«Адвакат сказаў, што супраць нас сто адсоткаў завядуць справу»

Пра тое, што тры песні і сацсеткі гурта прызнаныя «экстрэмісцкімі», хлопцы дазналіся выпадкова — знаёмы скінуў Яну пост у Instagram гомельскага актывіста Іллі Міронава, дзе ён напісаў пра гэта. На суд удзельнікаў гурта не выклікалі, і пра вынікі не паведамлялі.

«Я адразу не паверыў у гэта — чаму гэта раптоўна нас прызналі «экстрэмістамі»?! Мы не настолькі папулярныя, каб нам надаваць столькі ўвагі. Я зайшоў на гэты сайт — сапраўды! І нават маю асабістую старонку «ВК» прызналі.

Мы з хлопцамі сабраліся ў той жа вечар, каб абмеркаваць усе гэтыя справы. Было шмат думак, нават да таго, каб усім адразу садзіцца на нейкі мікрааўтобус і з'язджаць з краіны. Але хлопцы сказалі крыху пачакаць, каб паглядзець, як сітуацыя будзе разгортвацца.

На мяне неяк не паўплывалі гэтыя супакаенні, таму мы паехалі да адваката. Першы адвакат нам адмовіў, бо «экстрэмізм» і палітычная справа. Мы распавялі яму нашу сітуацыю і папрасілі распавесці, што нам пагражае. Але другі адвакат нам дапамог нават бясплатна. Гэта было нават ананімна. Ён расклаў усё па палічках, якія працэсы могуць пачацца і якую ўвагу мы можам прыцягнуць да сябе.

Адвакат сказаў, што супраць нас сто адсоткаў завядуць справу, толькі пытанне ў артыкуле. Але і тут хлопцы сказалі, што не гатовыя пакуль зрывацца. Я ж прытрымліваўся таго, што трэба з'язджаць з краіны…»

«Раніцай пачулі, як да нас у кватэру настойліва грукаюцца ў дзверы»

У гэты час хлопцы выдалілі свае «экстрэмісцкія» песні з розных пляцовак у інтэрнэце. Аднак гэта не ўратавала музыкаў ад затрымання.

«Раніцай 2 траўня мы з дзяўчынай пачулі, як да нас у кватэру настойліва грукаюцца ў дзверы. Мы нават трошкі напужаліся. Але я адразу зразумеў, што адбываецца…

Я ціха падыйшоў да вочка ў дзвярах і ўбачыў там трох мужчын у цывільным. Мы вырашылі не адчыняць ім дзверы. Падумалі, што яны сыйдуць, а мы ў гэты час хутка збяжым ці прыдумаем штосьці іншае.

У агульны чат гурта я напісаў пра тое, што адбываецца, і папярэдзіў іх, каб яны былі асцярожнымі. Але ўжо ў той момант усіх хлопцаў, акрамя Віталя Саламажэцкага, затрымалі. Некаторых нават затрымліваў АМАП са шчытамі і дубінкамі — цэлая спецаперацыя была». 

Тое, што Ян пісаў у чаце гурта, чыталі міліцыянты:

«Яны ведалі, што я дома. Таму міліцыянты пачалі ціснуць псіхалагічна, каб я адчыніў дзверы: крычалі праз дзверы, што зараз будуць маю маці выклікаюць, ламаць дзверы і г. д. Але пакуль гэта адбывалася за маімі дзвярыма, я паспеў выдаліць усе непатрэбныя файлы з кампутара, адкаціць тэлефон да заводскіх наладаў, схаваў і выкінуў усё, што было з сімволікай.

Праз некаторы час мы адчынілі ўсё ж такі ім дзверы. Калі яны зайшлі, то міліцыянт запатрабаваў выдаць усю тэхніку і сімволіку. Потым ён сказаў: «Калі б ты адчыніў раней, то ўжо быў бы дома». Гэта быў намёк на тое, што зараз з'езджу з імі і яны мяне адпусцяць. Я паверыў на слова». 

«Не лезь в политику, ты там ничего не изменишь!»  

У выніку Яна і дзяўчыну даставілі ў РАУС Савецкага раёна Гомеля. 

«Гэта было ўжо а 20-й гадзіне вечара. Усе хадзілі злыя і стомленыя. Са мной размаўлялі і складалі пратакол каля дзвюх гадзін. У хуткім часе адпусцілі маю дзяўчыну. Я за гэта больш за ўсё хваляваўся, бо яна была ні пры справах наогул. Міліцыянт палазіў у яе тэлефоне і правёў з ёй гутарку, сказаўшы ў тым ліку: «Не лезь в политику, ты там ничего не изменишь!» 

Калі міліцыянт складаў пратакол, то самым цікавым было тое, як ён пры мне слухаў нашы песні і глядзеў відэа са мной. Ён усё да канца даслухваў — падабалася ці што». 

«Дети хрущёвок»

На пяцярых хлопцаў склалі пратаколы паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Яну хацелі яшчэ паставіць у віну арт. 19.10 КаАП (публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі).

«У мяне на ноўтбуку быў наклеены стыкер — сябры пажартавалі і прыфаташопілі мне нацысцкую форму. Гэта проста прыкол быў».

Таксама міліцыянт даў Яну Крымінальны кодэкс і сказаў адкрыць артыкулы 368 КК (абраза Лукашэнкі) і 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Ён сказаў, што калі знойдуцца доказы, то супраць хлопца будзе заведзена крымінальная справа.

На суткі да суда ўсіх удзельнікаў гурта змясцілі ў ізалятары.

«Калі мяне павялі, то міліцыянт сказаў, што не будзе чапляць кайданкі, калі я нічога не выкіну. І тут пасля асабістага дагляду мяне заводзяць у камеру, дзе сядзяць мае хлопцы, і я ім кажу: «Ну, добры вечар!» Мы змаглі абмеркаваць, як каго затрымлівалі, ці білі каго — дзякуй богу, абышлося без гэтага». 

«Калі б тады не прызнаў віны, было б яшчэ горш»

3 траўня музыкаў павезлі на «Газелі» на суды пад канвоем.

«Калі нас выводзілі з машыны ў суд, то звычайныя мінакі здымалі нас на тэлефоны. Тады канваіры пачалі пагражаць ім, каб яны выдалілі відэа, «калі не хочуць пайсці па такім жа артыкуле, як і мы».

На суд першым вырашыў пайсці Ян, як аўтар песень. Ягоную справу разглядаў суддзя суда Савецкага раёна Андрэй Лагуновіч. 

Вытрымка з пастановы суда

«Я адразу прызнаў віну і сказаў, што «был молод и глуп». Я перакананы, што калі б тады не прызнаў віны, было б яшчэ горш. Я зразумеў, што лепей рабіць тое, што хочуць гэтыя структуры, тады яны бачаць, што ты нібыта выправіўся. Я выбачыўся, але тады злавіў сябе на думцы, што «пакаяннае відэа» я б ужо не стаў запісваць, бо ўпаў бы ў сваіх вачах».

У выніку лідару гурта прызначылі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Астатніх музыкаў арыштавалі на пяць і сем сутак.

«Па нашым артыкуле нам не прадугледжаны матрацы, а толькі два жалезныя ложкі і голыя сцены»

Пасля суда хлопцаў завезлі адбываць «суткі» ў гомельскі ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Міжгародняй. 

«Калі нас толькі прывезлі, то пры афармленні проста сказалі, што па нашым артыкуле нам не прадугледжаныя ні матрацы, ні падушкі, ні пасцельная бялізна, а толькі два жалезныя ложкі і голыя сцены.

У двухмясцовай камеры нас трымалі ад чатырох да сямі чалавек. Дазвалялі адну перадачу падчас усяго арышту. На дзень — з 6 да 22 — забіралі курткі, а ў траўні яшчэ было халодна. Было трохразовае, так бы мовіць, харчаванне. Пасля кожнага прыёму ежы — «шмон» (ператрус у камеры). Спалі як прыйдзецца: хто на ложку, хто пад ложкам, хто на падлозе, хто ў абдымку.

Па начах нас будзілі. Адразу я думаў, што нас падымаюць, каб праверыць, ці ўсе на месцы, а потым мне хлопцы растлумачылі, што гэта робяць для таго, каб мы не спалі. 

З хлопцамі нас змяшчалі ў адну камеру. Праўда, часам мяшалі паміж сабой, але агулам мы адзін аднаго заўсёды бачылі. І нам пашанцавала, бо мы прыдумлялі розныя забавы. Мы тая кампанія, хто нават з турмы зробіць цырк. І толькі трое сутак я сядзеў без сваіх хлопцаў».

«Пачаў пераходзіць на пагрозы, накшталт таго, што я магу ніколі з ізалятара не выйсці»

Ян адзначае, што стаўленне з боку супрацоўнікаў ІЧУ мянялася ў залежнасці змены. Ён згадвае, што супрацоўнікі стараліся хаваць твары.

«Была дзяўчына сярод супрацоўнікаў, якая нібыта пасля вучобы прыйшла. Дык яна да нас боязна і паважліва ставілася — і лекі прыносіла, і выконвала нашы просьбы. Хутчэй была як афіцыянтка, а не як наглядчыца. Але былі і тыя, хто мог і па нагах пабіць пры аглядах, і пракрычыць на нас».

Ян Дворак. Фота прадастаўлена героем

Да хлопцаў з гурта ў ІЧУ на размову прыязджаў супрацоўнік нейкага ведамства — Ян мяркуе, што гэта быў супрацоўнік КДБ. Яго цікавалі, ці хадзілі яны на акцыі пратэсту і іншая палітычная актыўнасць.

«Пры размове ён адразу стараўся быць нейкім сябрам: па тыпу ты мне ўсё распавядзі, а я табе дапамагу. Але ён мне не спадабаўся, таму з ім я размаўляў неахвотна. Калі ён зразумеў, што я не хачу з ім весці дыялог, то пачаў пераходзіць на пагрозы, накшталт таго, што я магу ніколі з ізалятара не выйсці». 

«Прысутнічаў страх, што і мы можам пайсці ўслед за Tor Band»

Гэта не адзіны выпадак пераследу музыкаў з Гомельшчыны. Напэўна, самай гучнай справай наогул у Беларусі з'яўляецца справа гомельскага гурта Tor Band. У Гомельскім абласным судзе 31 кастрычніка 2023 года лідару і вакалісту Дзмітрыю Галавачу прызначылі дзевяць гадоў зняволенныя, бубначу Яўгену Бурло — восем гадоў калоніі, а бас-гітарысту Андрэю Ярэмчыку — сем з паловай гадоў калоніі. 

Ян Дворак. Фота прадастаўлена героем

Па іроніі лёсу адзін з удзельнікаў гурта «Дети хрущёвок» з'яўляецца сваяком бас-гітарыста Tor Band. 

«Так атрымлівалася, што мы пару разоў на іх інструментах гралі. Завочна мы знаёмыя гуртамі. Мы ведалі іх гісторыю, іх затрымалі за паўгода да нас, таму ў нас прысутнічаў страх, што і мы можам пайсці ўслед за Tor Band… Песні ў нас вельмі падобныя, толькі яны былі нашмат больш вядомыя. Думаю, ролю сыграла гэтая папулярнасць».

Праз два дні пасля адбыцця «сутак» Ян пакінуў Беларусь. У хуткім часе ён дазнаўся, што супраць яго завялі дзве крымінальныя справы — за «абразу Лукашэнкі» і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Каментары4

  • Пан Усялян
    15.12.2023
    mikola, дэбіл хворы на галаву - гэта ты... Валі адсюль...
  • mikola
    15.12.2023
    Пан Усялян, / idzi da svaigo lukasenki....debil....
  • mikola ramanau
    16.12.2023
    Пан Усялян, / idzi k d*jablu.....lukashyst nidabity....sam hvory razam sa svaim *kiraunikom* !

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў1

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

«Яе ўсе бераглі, як маглі». Камандзіры — пра Марыю Зайцаву, якая загінула ва Украіне20

Ціханоўская абмяркуе выбары ў Беларусі з міністрамі замежных спраў краін ЕС, а таксама ў Давосе7

ХАМАС перадаў Ізраілю спіс закладнікаў, якіх павінны вызваліць сёння. Ізраіль абвясціў спыненне агню3

Маршрутка з пасажырамі трапіла ў ДТЗ пад Мінскам1

Трамп плануе наведаць Кітай у першыя сто дзён прэзідэнцтва

Вольга Лойка: На перамовах па Украіне ад Беларусі маглі б быць Лукашэнка і Бяляцкі25

Аляксей Протас стаў першай зоркай матча «Вашынгтона»1

Вучоныя адкрылі новы тып дыназаўра, падобнага да Т-Рэкса, які лічыўся страчаным3

Як Вашынгтон рыхтуецца да інаўгурацыі 47-га прэзідэнта ЗША ФОТА3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў1

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →