Казахстан не пагаджаецца з планамі Беларусі павысіць тарыфы за транзіт нафты

Казахстан не згодны з павышэннем тарыфу на прапампоўку нафты па тэрыторыі Беларусі і будзе весці перамовы з беларускім бокам, паведамілі ў Міністэрстве энергетыкі гэтай краіны.

15.12.2023 / 23:34

«Казахстанскі бок не згодны з ідэяй павышэння тарыфу транспарціроўкі нафты (на 43%) па тэрыторыі РБ і лічыць неабходным правядзенне адпаведных перамоў па гэтым пытанні з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь і канцэрнам «Белнафтахім», — гаворыцца ў каментары казахстанскага Міністэрства энергетыкі.

У Міністэрстве нагадалі, што паміж Казахстанам, Германіяй і Расіяй у канцы 2022 года была дасягнута дамоўленасць па транспартаванні казахстанскай нафты праз сістэму ПАТ «Транснафта» ў аб'ёме да 1,2 млн тон у год праз сістэму «Дружба» ў кірунку Германіі.

«На гэты момант Казахстан і Расія ўзгаднілі на 2024 год тэхнічную магчымасць транспартавання па гэтым маршруце ў ранейшых аб'ёмах — да 1,2 млн тон у год», — гаворыцца ў каментары ведамства.

Пры гэтым казахі адзначылі, што ў выпадку павелічэння цаны прапампоўкі па тэрыторыі Беларусі на 43,4% страты Казахстана могуць скласці каля 2,64 млн даляраў.

Раней з'явілася інфармацыя, што для паўночнай галінкі нафтаправода «Дружба», па якой цяпер ідзе толькі казахстанская нафта, Мінск прапануе павысіць тарыф на 43%, а для паўднёвай, па якой працягваюцца пастаўкі нафты з Расіі,— толькі на 14,5%.

Чытайце таксама:

«Казахстан не будзе рызыкаваць». Чаму казахі не пускаюць да сябе «Боінгі» з Беларусі

-380 градусаў! У Казахстане жыхароў напужалі папярэджаннем пра маразы нечуванай суровасці

«Касым-Жамарт, прыйшоў час». Назарбаеў расказаў, пры якіх абставінах паведаміў пра сваё рашэнне сысці

Краіны АПЕК+ дамовіліся аб далейшым скарачэнні здабычы нафты

Nashaniva.com