Новага суперзлыдня кінасусвету Marvel прызналі вінаватым у нападзенні і дамаганнях. Яго звольнілі з Disney

Узыходзячая зорка Галівуда Джонатан Мэйджарс праз суд быў абвінавачаны ў бытавым гвалце над сваёй былой дзяўчынай. Акцёру пагражае турма, а фанатам — адмена новых «Мсціўцаў». 

19.12.2023 / 10:33

Амерыканскі акцёр Джонатан Мэйджарс у будынку суда. Фота: John Nacion / Contributor Getty Images

Адразу некалькі буйных заходніх медыя паведамілі пра звальненне з Disney акцёра Джонатана Мэйджарса, які з'яўляецца важнай часткай кінасусвету Marvel.

Звольнілі акцёра адразу ж пасля паседжання суда, на якім той быў афіцыйна прызнаны вінаватым у прычыненні гвалту і дамаганнях у адносінах да сваёй былой дзяўчыны, паведамляе The Hollywood Reporter.

«Журы прысяжных пасля прыкладна 4 гадзін абмеркаванняў прызнала Мэйджарса вінаватым па 2 пунктах абвінавачання з 4: у дамаганнях і прычыненні гвалту трэцяй ступені. Marvel Studios пасля суда выключыла акцёра з усіх сваіх будучых фільмаў», — піша The Hollywood Reporter.

Пацярпелая — былая дзяўчына акцёра па імені Грэйс Джабары, якая 25 сакавіка гэтага года была знойдзена паліцыяй у доме Мэйджарса без прытомнасці, са слядамі збіванняў і са зламаным пальцам. Паліцыю выклікаў сам акцёр, сказаўшы, што быццам знайшоў яе ў такім стане.

Падчас сведчанняў у судзе Джабары заявіла, што была збітая Мэйджарсам у машыне яшчэ да прыезду да яго дадому, бо ўбачыла ў яго тэлефоне паведамленне ад каханкі. Дзяўчына спрабавала ўзяць тэлефон у акцёра, але той, паводле яе слоў, схапіў яе руку, заламаў плячо і ўдарыў яе па галаве, каб забраць тэлефон назад.

Затым машына спынілася. Дзяўчына, па яе словах, спрабавала з яе выйсці, аднак Мейджарс сілком закінуў яе назад у салон, што заўважылі камеры назірання на вуліцы.

Сам Джонатан Мэйджарс на судзе абвяргаў усе выстаўленыя супраць яго абвінавачванні і ў будучыні плануе падаць апеляцыю, каб «ачысціць сваё імя», кажа адвакат акцёра.

Афіцыйны прысуд па справе будзе вынесены 6 лютага наступнага года, акцёру пагражае да года турмы, перадае The Hollywood Reporter.

Джонатан Мэйджарс і Грэйс Джабары. Фота: People

Нагадаем, што Джонатан Мэйджарс дэбютаваў у кінасусвеце Marvel у ролі новага суперзлыдня Канга Заваёўніка — персанажа, які, па коміксах, можа заклікаць да сабе на дапамогу незлічоную колькасць уласных варыяцый па ўсім мультысусвеце (у гэтай ролі Мэйджарс ужо зняўся ў фільме «Чалавек-мурашка і Аса: Квантаманія», а таксама ў двух сезонах нашумелага серыяла «Локі»).

Канг Заваёўнік павінен быў стаць ключавой фігурай будучага фільма «Мсціўцы: Дынастыя Канга» (запланаваны на 2026 год), аднак праз суд над акцёрам і яго звальненне выхад новага фільма аказаўся пад вялікім пытаннем.

Як піша The Hollywood Reporter са спасылкай на крыніцы, у кінастудыі Marvel ёсць два варыянты, як выпусціць новых «Мсціўцаў» без Мэйджарса. Першы варыянт — знайсці іншага акцёра на ролю Канга. Другі — замяніць суперзлыдня і зняць зусім іншы фільм. 

Паводле крыніц выдання, Marvel абрала менавіта другі варыянт, замяніла рэжысёра і ўжо назвала новы фільм проста «Мсціўцы 5». Імя новага суперзлыдня і кандыдаты на яго ролю пакуль не вядомыя.

Чытайце таксама:

Дзесяць новых серыялаў: вось што можна паглядзець

Бітвы, сэкс і Барадзіно. Расказваем, ці варта глядзець новы «Напалеон»

Польшча для палякаў… і ліцвінаў! Выйшаў сатырычны серыял пра шляхту

Nashaniva.com