Суд знайшоў «прапаганду ЛГБТ» у кліпе апантанага прыхільніка вайны Мікалая Баскава
Таганскі суд Масквы аштрафаваў на 1 млн расійскіх рублёў (каля 11 тысяч даляраў) тэлеканал «Точка ТВ» за паказ кліпа Мікалая Баскава «Вандроўнік», у якім суд знайшоў «прапаганду ЛГБТ». Такую пастанову «Вёрстка» выявіла ў картатэцы суда.
20.12.2023 / 11:48
Мікалай Баскаў. Кадр з кліпа
Суддзя, разглядаючы пратакол у дачыненні да тэлеканала, зазначыла, што кліп «уяўляе сабой складаны прадукт сучаснай музычнай культуры». Але «сукупнасць сцэн» дазволіла вызначыць, што
«адносіны лірычнага героя» з іншым мужчынам «утрымліваюць камунікатыўныя прыкметы рамантычных міжасобасных адносін».
У прыватнасці, на думку суддзі, гэта выказана ў позірках персанажаў і наяўнасці рэакцый на «пацалунак лірычнага героя з асобай жаночага полу».
«Варта адзначыць, што ўзаемадзеянне лірычнага героя з асобай жаночага полу носіць пераважна адхілена сузіральны характар», — гаворыцца ў пратаколе.
Акрамя таго, суд выявіў у кліпе «рэўнасць лірычнага героя не да асобы жаночага полу, а да асобы мужчынскага полу».
Таксама ў судзе адзначылі, што дзеянне ў кліпе «адбываецца на фоне атмасферы геданізму і распусты». Гэта «рэалізуецца пераважна з дапамогай неаднаразовых сцэн невербальнага пачуццёвага ўзаемадзеяння дзвюх асоб аднаго біялагічнага полу (жаночага) у сэксуальным кантэксце».
Мікалай Баскаў неаднаразова падтрымліваў поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, называў яго «канцом генацыду і перадухіленнем нападу на Расію». Таксама ён заяўляў, што гатовы выплачваць па 1 млн рублёў кожнаму, хто падабʼе нямецкія танкі «Леапард». У кастрычніку гэтага года Уладзімір Пуцін узнагародзіў спевака ордэнам Пашаны.
Чытайце таксама: