Дзеячы культуры падвялі вынікі года і далі прагнозы — вельмі супярэчлівыя

Прадстаўнікі беларускай літаратуры, выяўленчага мастацтва, тэатра і музыкі распавялі пра яркія культурныя падзеі 2023 года і далі супрацьлеглыя прагнозы на будучыню. 

20.12.2023 / 19:17

Сустрэча «Культурніцкія вынікі 2023 года» адбылася ў Вільні 19 снежня. На ёй, у тым ліку ў анлайн-фармаце, выступілі кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін, кінакрытык Ірэна Кацяловіч, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч, беларуска-амерыканская даследчыца Саша Рэйзар, тэатральныя крытыкі Анастасія Панкратава і Дзяніс Марціновіч.

Кожны з дзеячаў падзяліўся трыма падзеямі, якімі адзначыўся гэты год, назваў тэндэнцыі ў сваёй галіне і паспрабаваў зрабіць прагноз на год надыходзячы. 

Ірэна Кацяловіч адзначыла стварэнне ў пачатку года Беларускай незалежнай кінаакадэміі, прэзентацыя якой адбылася на Берлінскім міжнародным кінафестывалі.

Кадр з фільма «Радзіма»

Важнай падзеяй, на яе думку, стала прэм’ера дакументальнага фільма «Радзіма» незалежных беларускіх дакументалістаў Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча, які быў намінаваны на Еўрапейскую кінапрэмію і патрапіў у доўгі спіс прэміі «Оскар». Гэты фільм, як выказалася Кацяловіч, у 2023 годзе «трымаў сцяг беларускага кіно». 

Адзначыла яна таксама тое, што Міжнародны фестываль кароткаметражных фільмаў «Нефільтраванае кіно», які лукашэнкаўскімі ўладамі «быў выразаны з беларускай прасторы», удалося правесці ў Вільні. 

Яшчэ адной падзеяй для беларускага кінематографа стала беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас», у складзе журы якой 16 кінакрытыкаў і кіназнаўцаў. Цырымонія ўзнагароджання найлепшых фільмаў апошніх гадоў, як паведаміла Кацяловіч, адбудзецца ўжо ў лютым 2024 года.

Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас» — важная падзея для беларускага кінематографа.

Сярод тэндэнцый Кацяловіч адзначыла спробу беларускага кіно гуртавацца ў замежжы і адмяжоўваць сябе ад лукашэнкаўскага рэжыму. Пра гэтую тэндэнцыю сведчыць як з'яўленне ўласнай кінапрэміі, так і іншыя ініцыятывы кшталту з'езду кінематаграфістаў у Варшаве.

«Такой тэндэнцыі не было, калі ўсе жылі ў Беларусі, цяпер гэта жыццёва неабходна». 

У 2023 годзе беларускія кінематаграфісты «вучыліся грукацца ў дзверы і знаходзіць сродкі». 

«Беларускае незалежнае кіно заўсёды знаходзіла сродкі за мяжой. У гэтым сэнсе ўсё прымушае дзейнічаць на той жа манер». Гэтыя рухі неабходна сістэматызаваць. «Мы ў пошуку шляху».

На сустрэчы адзначылі, што ў гэтым годзе таксама перарвалі маўчанне пасля 2020 года і беларускія літаратары, з’явілася новая проза і дакументалістыка, пачалі пісаць пра вымушаную эміграцыю.

Паэт Андрэй Хадановіч дадаў, што значнай часткай цяперашняй беларускай літаратуры стала турэмная літаратура. Пра тое сведчыць хоць бы колькасць імёнаў на «турэмнай» прэміі імя Аляхновіча.

Акрамя таго кнігавыдаўцы або пазбаўлены магчымасці працаваць, або выціснуты з краіны. З’явіўся спіс экстрэмісцкіх твораў — Геніюш, Някляеў, Арабей, класік Дунін-Марцінкевіч. «Каласы пад сярпом тваім» выкінулі са школьнай праграмы. «Рэжым вядзе наступ на культуру».

Ва ўмовах падзеленасці межамі, як лічыць Хадановіч, беларуская культура вучыцца гэтыя межы перасягаць.

Вокладкі пяці кніг Святланы Алексіевіч, якія выйшлі ў аўдыяфармаце

Важнай з’явай у гэтым працэсе стаў усплёск прысутнасці літаратуры ў аўдыяфармаце. У гэтым фармаце з’яўляецца як дзіцячая літаратура, так і, напрыклад, пенталогія твораў Алексіевіч. 

Захоўваецца і міжнародная салідарнасць. Замежныя выдаўцы падстаўляюць плячо і робяць сумесныя праекты з беларускімі аўтарамі і выдаўцамі. Калі спынілася серыя «Паэты планеты» ў Беларусі, яе падхапіў падляшскі «Камунікат». Праект «33 кнігі для іншай Беларусі» пачаў рэалізоўвацца ў швейцарскім выдавецтве. Сімптаматычна, што беларускія пераклады твораў украінскага паэта Сяргея Жадана выйшлі адразу ў трох розных краінах.

Першае сертыфікаванае выданне «Валадара Пярсцёнкаў» па-беларуску. Фота: Knihauka

І беларускія выдаўцы таксама аднаўляюць сваю дзейнасць у новых гарадах і новых асяродках. Пачынае па-беларуску выдавацца «Валадар Пярсцёнкаў», працягвае выдавацца «Гары Потэр», «Вядзьмар», паўстае Льюіс.

На думку Хадановіча, беларуская літаратура не будзе «гетаізавацца» і перажываць стан ахвяры, а будзе і далей адкрывацца і збіраць усё найлепшае ў тых мясцінах, дзе аўтары і выдаўцы сёння вымушаны дзейнічаць.

Крытык Ціхан Чарнякевіч падтрымаў Хадановіча, таксама адзначыўшы важнасць аднаўлення выдавецкай справы ў новых умовах. З’явіліся беларускія выдавецтвы «Скарына» ў Лондане, «Гутэнберг» у Кракаве. 

Новай вяхой стала выданне «Сабакі Баскервіляў» адразу ў аўдыяфармаце, што паказала, што аўдыякнігі могуць існаваць асобна ад папяровых варыянтаў.

«Чорны абеліск» Рэмарка, выдадзены па-беларуску

Знакавымі перакладамі, акрамя ўжо згаданага «Валадара Пярсцёнкаў» Толкіна, сталі пераклады класічных твораў Хэмінгуэя і Рэмарка, а таксама падпісаны выдавецтвам «Янушкевіч» кантракт са Стывенам Кінгам. 

Чарнякевіч зазначыў, што няма падставаў казаць пра смерць літаратуры і ў 2024 годзе. Літаратура будзе жыць і адчуваць сябе больш менш нармальна.

«У Беларусі спрабуюць нешта закрэсліць, мы спрабуем нешта напісаць».

Але існуе праблема выхаду на беларускі рынак, дзе людзі хочуць атрымліваць кнігі, якія больш не выдаюцца ў Беларусі. 

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Аліна Коўшык, якая далучылася да трансляцыі, адзначыла з’яўленне ў гэтым годзе Інстытута беларускай кнігі і ўдзел беларускага стэнда ў кніжных кірмашах. Коўшык выказалася за неабходнасць як мага больш перакладаць беларускую літаратуру на іншыя мовы.

Наступнай выступала даследчыца Саша Рэйзар з Унiверсітэта Калiфорнii ў Санта Барбары. Яна заўважыла паглыбленне разрыву паміж мастакамі, якія засталіся і якія з’ехалі. У Беларусі мастацкае жыццё адбываецца на фоне рэпрэсій, але ў Польшчы і Германіі адзначаецца актывізацыя мастацкага жыцця.

Беларусы прайшлі па нялёгкім маршруце, але цяпер яны атрымліваюць запрашэнні на прэстыжныя выставы. 

Яна адзначыла выстаўку Міхаіла Гуліна і Антаніны Слабодчыкавай у Дрэздэне, адкрыццё выстаўкі «Калі гэта парушыць, яно становіцца адчувальным» пад куратарствам Антаніны Сцебур і Аляксея Барысёнка ў Вільні, выстаўку Руфіны Базлавай у інстытуце моды ў Нью-Ёрку, якая прысвечана палітзняволеным.

Паводле слоў Рэйзар ужо зроблены першыя крокі па стварэнні музея беларускага сучаснага мастацтва.

Але за стварэнне выстаўкі «канвенцыйнага» мастацтва з твораў з Беларусі яна, па шчырым прызнанні, сёння б узяцца пабаялася.

Мікіта Моніч падзяліўся сваёй бядой як ютубера — няма платформы, дзе можна было б збіраць фотаздымкі твораў беларускіх мастакоў, які б мог стаць узорным праектам наўзамен дзяржаўнаму «гамункулу» Belarus.by. 

Што тычыцца пашырэння прадстаўленасці беларускіх дзеячаў культуры ў Вікіпедыі на розных мовах, то прысутныя адзначылі, што варта навучыць зацікаўленых, як гэта рабіць.

Беларускі тэатр прадстаўляла крытык Анастасія Панкратава. Для яе балючымі падзеямі гэтага года стала тое, што робяць з Тэатрам лялек у Мінску пасля звальнення дырэктара Ляляўскага і як абыходзяцца з людзьмі тэатра. «Каго звальняюць, не маюць магчымасці працаваць у іншым тэатры».

«Мастацтва адкідваецца на некалькі прыступак назад»

У эміграцыі стварылі Беларускі інстытут тэатра, але ён не працуе пакуль — а яго не хапае для падтрымання ўнутраных сувязяў тэатральных дзеячаў, што сёння існуюць паасобку і часам не ведаюць адзін пра аднаго.

Пастаноўка Яўгена Карняга «Забалоцце» ў Тэатры беларускай драматургіі, створаная на аснове беларускіх міфаў і паданняў

Пасля перыяду разгубленасці, беларускія тэатралы пачалі ўлівацца ў мастацтва краін, дзе жывуць.

Паралельна з тым знікае прафесія тэатральнага крытыка, які не можа быць журналістам, бо тэма не самая запатрабаваная, але мае патрэбу дзесьці пісаць. У крытыкаў у Беларусі знікае пераемнасць, бо няма на чым вучыцца. 

Гледзячы ў будучыню, Панкратава адзначыла, што беларускія дзеячы трапілі на арт-рынак і кожны мусіць працаваць на ім, а не чакаць, хто нешта прыйдзе і дасць грошай.

Трэба актыўна ўваходзіць у фестывалі, секцыі, бо на сёння яшчэ захаваліся сувязі, якія беларускі тэатр меў да 2020 года.

Удзельнікі круглага стала. Фота: Беларуская Рада культуры

Тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч, аднак, троху з ёю не пагадзіўся, бо было б карысна мець пляцоўку, дзе можна было паказваць спектаклі. Спроба стварыць такую ў Варшаве не ўвянчалася поспехам.

Марціновіч бачыць негатыўную тэндэнцыю на абнуленне, знікненне пераемнасці. З 10 спектакляў, прызнаных найлепшымі ў 2019 годзе, сёння на сцэне засталося толькі 2. У эміграцыі людзі пазбаўлены магчымасці глядзець спектаклі з Беларусі. 

«Сёння ўсё, што было назапашана ў 2010-я гады, знішчана». 

Моцна ўплывае Расія. У апусцелыя беларускія тэатры запрашаюць расійскіх студэнтаў, якія не валодаюць беларускай мовай. Расія ж выдае грошы на пастаноўкі з рэпертуару расійскіх аўтараў. Адбываецца русіфікацыя тэатраў, як, напрыклад, адбылося з Тэатрам юнага гледача пасля прыходу Веры Паляковай-Макей. Абавязковымі ў беларускіх тэатрах сталі ваенныя спектаклі.

Імёны ж тых творцаў, што не падтрымліваюць уладу і вайну, знікаюць з афіш.

Прагноз Марціновіча быў самым песімістычным з усіх — сітуацыя будзе пагаршацца, але варта захавацца. 

Апошнім выступаў музыказнаўца Аляксандр Чарнуха.

Чарнуха назваў 2023 год найбольш яскравым у беларускай музыцы за апошнія дзесяць год. Яго моцна ўразіла колькасная і якасная актыўнасць беларускіх музыкантаў.

Беларуская опера «Паляванне караля Стаха» ў Лондане

У акадэмічнай музыцы галоўнай падзеяй года ён назваў пастаноўку беларускай оперы «Паляванне караля Стаха» ў Лондане. 

Але на гэтым добрыя навіны, на яго думку, скончыліся. Viva Braslav 2023 стаў цалкам расійскім фестывалем і ў такім статусе паставіў рэкорд наведвальнасці. У замежжы фестывалі не змаглі сабраць якую-небудзь значную колькасць наведвальнікаў.

Сведчаннем паглынання калектыўнага беларуса расійскім светам ён назваў аншлагі Анны Асці на «Мінск-Арэне».

Вокладка новага альбома Вольскага «Emihranty»

Значнай праблемай Чарнуха лічыць адсутнасць сёння профільных медыя, якіх раней было дзясяткі. Музыкі прадастаўлены самі сабе. Не спрыяе развіццю беларускай музыкі і штучны падзел паміж «мы — яны». Эмігранцкія альбомы, якіх за год з’явілася некалькі, прызначаны для досыць вузкага кола. У самой Беларусі дзейнічае моцная цэнзура і самацэнзура. 

Прагназуючы будучыню, журналіст адзначыў, што сістэма не можа існаваць на ініцыятыве, патрэбныя грошы, шоу-бізнэс, стварэнне беларускага кантэксту беларускімі медыя.

Выступ Аляксандра Чарнухі па відэа-сувязі. Фота: Беларуская Рада культуры

Сваім болем падзялілася і фалькларыстка Святлана Чакушка, якая адзначыла гаротны стан беларускай традыцыйнай культуры ў эміграцыі. Беларускаму фальклору бракуе, на яе думку падтрымкі і дапамогі, каб выйсці на дзяржаўныя інстытуцыі ў Літве і Польшчы.

«Адчуванне, што нікому не патрэбна тое, што мы робім. Падтрымкі асабліва ніхто не прапаноўвае. Гэта некамерцыйны прадукт, ён больш патрэбны для ідэнтычнасці беларусаў і прадстаўлення нас за мяжой».

У той жа час, як паведаміў Сяргей Будкін, гранты ў рамках праграмы ArtPower Belarus у 2023 годзе атрымалі 33 праекты, 150 дзеячаў навукі і культуры атрымалі магчымасць стажыроўкі за мяжой. Сёння Рада культуры працуе больш як па 10 кірунках адраджэння беларускай культуры.

Чытайце таксама:

ArtPower Belarus абвясціў праект заявак з бюджэтам да 60 тысяч еўра

«Музычнае агенцтва, кінацэнтр, хабы». Будкін апісаў, што трэба для развіцця культуры

Мы трапілі ў яміну, якая ўтварылася пасля зачысткі беларускага выдавецкага поля — арганізатары прэміі Гедройця

Ф. Раўбіч