Мы трапілі ў яміну, якая ўтварылася пасля зачысткі беларускага выдавецкага поля — арганізатары прэміі Гедройця
Чым адметная сёлетняя Прэмія імя Ежы Гедройця, чаму яна адбылася ў Гданьску, якія ўзнагароды і за што атрымалі пераможцы, і чаго чакаць у наступным годзе?
Прэмія імя Ежы Гедройця існуе з 2011 года. У той час яе заснавальнікамі выступілі Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Яна прысуджаецца за найлепшую кнігу прозы, якая выдадзена (у папяровым або электронным варыянтах) у папярэднім годзе (адносна часу прысуджэння прэміі), на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка».
Ужо трэці год уручэнне прэміі адбываецца па-за межамі Беларусі. У папярэднія два гады цырымонія праходзіла ў Варшаве. У гэтым годзе па прапанове беларусаў Гданьску, а канкрэтна Беларускага культурнага таварыства «Хатка», яна прайшла ў другім па колькасці горадзе Польшчы ў адным з яго самых знакавых месцаў — Двары Артуса (Dwór Artusa), які на працягу стагоддзяў свайго існавання быў і застаецца эпіцэнтрам культурнага і свецкага жыцця.
Як заўважыла на прэс-канферэнцыі напярэдадні ўручэння прэміі Таццяна Нядбай, якая з 2021 года з'яўляецца прэзідэнтам Беларускага ПЭНа, у сувязі з тым, што цырымонію немагчыма правесці ў Беларусі, арганізатары вырашылі не трымацца за Варшаву, а прыязджаць туды, дзе ёсць беларусы, тым больш, калі яны самі зацікаўлены. Нядбай адзначыла, што ў параўнанні з Мінскам, у Польшчы рэалізаваць задуманае атрымліваецца толькі дзякуючы партнёрам. У гэтым годзе іх як ніколі было шмат.
Нядбай звярнула ўвагу, што арганізатарам давялося ўнесці змены ў назву прэміі на польскай мове. А менавіта дадаць слова «беларуская», бо ў краіне існуе некалькі прэмій імя Ежы Гедройця. У беларускіх тэкстах прэмія мае ранейшую назву.
Па словах прадстаўніка Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў і аднаго з сябраў журы Ціхана Чарнякевіча, у гэтым годзе была адна з найбольш складаных сітуацый. Асноўная прычына — невялікая колькасць кніг.
«Настолькі мала кніг было, што гэта было відавочна ўсім сябрам журы. Гэта азначае, што мы трапілі ў яміну, якая ўтварылася пасля зачысткі беларускага выдавецкага поля. Было сабрана ўсё. І гэта ўсяго паўтара дзясятка кніг.
Некалі мы працавалі, калі было і 40 і 50 і 60 кніг. Таму задача не стаяла, складана ці не складана выбраць шорт-ліст. Мы глядзелі на спіс і бачылі, што нарабілася ў той год, які мы аналізуем як эксперты-літаратуразнаўцы, крытыкі і аўтары. На самой справе гэта быў досыць трагічны год».
Як вядома, у 2022 годзе адбыўся наступ уладаў на недзяржаўны выдавецкі сектар краіны. «Гэта быў складаны момант для ўсёй беларускай літаратуры. Калі не засталося выдавецтваў, то дзе ў прынцыпе выдаць кніжку? І ці ёсць жаданне пісаць кнігу, калі няма дзе яе выдаць?» — пракаментаваў Чарнякевіч і заўважыў, што некаторыя аўтары па пэўных прычынах, у тым ліку з меркаванняў бяспекі, не ўдзельнічаюць у конкурсе на прэмію.
Гаворачы пра папярэднія вынікі 2023 года, прадстаўнік журы падзяліўся назіраннем, што сітуацыя выглядае значна лепш: «Я ўжо бачу, што павесялела справа з кнігавыданнем. Пайшлі кніжкі як у Беларусі так і за мяжою. Таму ў наступным годзе будзе весялей».
Таццяна Нядбай дадала, што нягледзячы на тое, што кніг было не вельмі шмат, не стаяла пытанне, арганізоўваць ці не арганізоўваць прэмію. «Мы лічым, што колькасць кніг адлюстроўвае сітуацыю на полі беларускай літаратуры і культуры. З іншага боку, у гэтых умовах тыя, хто выдае кнігі, могуць быць яшчэ больш ацэненыя і прааналізаваныя. У выніку вылучаны найлепшыя».
У Гданьску быў арганізаваны цэлы Дзень беларускай літаратуры. Акрамя ўручэння прэміі, адбылася прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі» і сустрэча з журналісткай, пісьменніцай, аўтаркай кнігі «Па што ідзеш, воўча?» Святланай Курс. Падчас усіх мерапрыемстваў можна было набыць беларускія кнігі.
З новаўвядзенняў гэтага года — падрыхтоўка анатацый на кнігі з доўгага спісу, рэцэнзій і анатацый на кнігі з кароткага спісу. Пад час цырымоніі кожная кніга прадстаўлялася з анатацыяй. Акрамя гэтага дэманстраваўся короткі відэаролік, створаны штучным інтэлектам па матывах кнігі.
Па словах упаўнаважанага міністра замежных спраў Польшчы па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, былога пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь (2018-2023) Артура Міхальскага, уручэнне прэміі па-за межамі Беларусі азначае, што беларуская літаратура, як і культура, і незалежная палітычная думка, развіваецца ў эміграцыі. «Усе дасягненні ў гэтай галіне ўзбагачаюць беларускую нацыянальную спадчыну і маюць вялікае значэнне. Яны фарміруюць новае пакаленне беларусаў, якія гучна заявілі пра сваю годнасць у 2020-м годзе, якія сталі сумленнем народу».
Звяртаючыся да беларускіх творцаў у эміграцыі Міхальскі сказаў: «Яны там маўчаць, бо не могуць інакш. Але вы можаце гучна выказацца. Ваша творчасць важная». Прамоўца адзначыў, што памятае, якім важным для палякаў у часы камунізму ў Польшчы было тое, што гавораць палякі ў эміграцыі, якія жылі ў свабодным свеце, што піша парыжская «Культура» Ежы Гедройця.
«Мы чыталі падпольныя выданні, кнігі, выдадзеныя за мяжою і патаемна прывезеныя ў Польшчу. Слухалі радыё «Свабодная Еўропа», хоць рэжым спрабаваў яго заглушваць. Той голас часткі нашага народа, што жыла ў эміграцыі, быў для нас важным. Яны заставаліся часткай польскай супольнасці, нягледзячы на »жалезную заслону«. Я гляджу на гісторыю Польшчы і бачу, што роля эміграцыі была надзвычай вялікай. Веру, што так будзе і з вамі».
Як ужо паведамлялася, у гэтым годзе трэцюю прэмію журы прысудзіла Сяргею Лескецю за кнігу «Шэпт». Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў прафінансуе выданне наступнай кнігі аўтара.
Як адзначыў на цырымоніі ўручэння член журы, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар Сяргей Кавалёў, гэтую кнігу трэба прачытаць цалкам. Яна ў першую чаргу важная сваім зместам. Тут відавочна важнасць праекта.
«Ёсць кнігі, на першым плане ў якіх стаіць аўтар. А ёсць тыя, дзе на першым плане — героі. І ў гэтай кнізе яны на першым плане, бо так хацеў аўтар. Ёсць кнігі, якіх прэмія Гедройця робіць вядомымі. А ёсць кнігі, якія набылі рэзананс да гэтага. І нават трапілі ў іншыя сферы мастацтва. І гэтая кніга ўжо рэзанансная. З героямі, гераінямі гэтай кнігі многія з нас сустракаліся ў дзяцінстве. Многіх з нас яны выратавалі».
Уладальнік другой прэміі Сцяпан Стурэйка, аўтар кнігі «Пасажыры карабля Тэсея», дзякуючы Міжнароднаму саюзу беларускіх пісьменнікаў атрымаў магчымасць адбыць месячную творчую стыпендыю ў Балтыйскім доме творчасці на выспе Готланд (Швецыя).
Прадстаўляючы кнігу, член журы, літаратуразнаўца і даследчыца беларускай літаратуры Катажына Дрозд-Урбаньская заўважыла, што гэтая кніга захапляе з першай старонкі. У ёй мы знаёмімся з незвычайнымі героямі і незвычайнымі сітуацыямі. Героі адкрываюць таямніцы навакольнай рэчаіснасці, а таксама саміх сябе. «Гэтая кніга спалучае рэчаіснасць і тое, што ў нашым свеце зʼяўляецца ўніверсальным, — каштоўнасці і нацыянальную спадчыну».
Лаўрэатам першай прэміі за «добра ўдакументаваны цуд шматгалосся беларускага памежжа» стала Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022). Яна атрымала грашовую ўзнагароду, якую традыцыйна прадстаўляе польскі бок.
Пісьменніца Святлана Курс, прадстаўляючы кнігу, адзначыла, што яна яе ўзрушыла сваім магутным матэрыялам і яна зайздросціць кожнаму, хто будзе яе чытаць.
«Я знайшла там вельмі простую дэфініцыю кахання, якую выказвае 80-гадовы мужчына. Ён гаворыць: «Раней салідныя хлопцы не бегалі за дзеўкамі. Яны цікавіліся, якія ў іх пасагі. Але, калі глянеш каторай у вочы, то няма рады даць спаць і ты ідзеш да бацькі і просіш, каб ажаніў менавіта з ёй».
І там многа такіх глыбокіх дэфініцый. Там многа любові, якая бʼе ад неба да зямлі. І яшчэ гэта кніжка была для мяне вельмі важная, бо напісаная пра пракаветны лес, пракаветных людзей. І яна абʼядноўвае беларусаў і палякаў, абʼядноўвае наш пракаветны лес, няглядзячы на той мур, што паўстаў тры пакаленні назад. А два гады назад стаў расці і расці».
Лаўрэатка, якая сама паходзіць з Падляшша, адзначыла, што сваю ўзнагароду разглядае як узнагароду Белавежскай пушчы і герояў кнігі, якія жывуць па абодва бакі мяжы ў прысценку старога лесу, маюць сваю памяць і свой след.
Адзначым, што Ганна Кандрацюк у гэтым годзе стала лаўрэаткай прэміі імя Алеся Адамовіча за літаратурны рэпартаж, якога, па словах Таццяны Нядбай, так мала ў беларусаў і так многа ў палякаў.
Чытайце яшчэ:
Гедройця ўпершыню здабыла беларуска Падляшша
Святлана Курс: Пакуль леў ці конь жывыя, іх будуць лупіць з усіх бакоў
«Міфатворчасць і канспіралогія». Стурэйка раскрытыкаваў кнігу Абламейкі, пераможцы прэміі Гедройця
Каментары