У Расіі стварылі «Таварыша маёра» для выяўлення адміністратараў тэлеграм-каналаў
Блізкая да расійскага ўрада арганізацыя заявіла аб стварэнні новай нейрасеткі, якая павінна «хутка выяўляць» адміністратараў «злачынных» каналаў у Тэлеграме. Як яна мае працаваць і якія ў яе слабыя месцы?
20.12.2023 / 21:43
Калаж: «Наша Ніва»
Пракрамлёўскае выданне «Известия» са спасылкай на прэс-службу Нацыянальнай тэхналагічнай ініцыятывы (урадавая некамерцыйная арганізацыя) паведаміла пра стварэнне новага штучнага інтэлекту для выяўлення адміністратараў ананімных тэлеграм-каналаў.
Нейрасетцы далі красамоўную назву «Таварыш маёр». Па словах стваральнікаў, яна дапаможа значна паскорыць працэс дэананімізацыі ўладальнікаў і адміністратараў ананімных каналаў у Тэлеграме, каб «змагацца з фэйкамі і іншымі злачынствамі» ў Сеціве.
«Не схільная да стомленасці, стрэсу ці эмацыйнага ўплыву. Яна прызначаная для дзяржаўных і прыватных арганізацый, а таксама будзе карыснай для сілавікоў для лепшага пошуку вінаватых», — цытуе распрацоўшчыкаў выданне «Известия».
Як паведамілі распрацоўшчыкі «Таварыша маёра», прынцып працы іх прадукта ідэнтычны дзейнасці аднаго або некалькіх спецыялістаў па аналізе каналаў у тэлеграме, аднак нейрасетка будзе рабіць гэта «хутчэй і якасней».
«Праграма будзе збіраць звесткі шляхам аналізу апісання канала, яго архіўных копій, пастоў, метаданых файлаў, каментароў і подпісаў да паведамленняў, а таксама стыкерпакаў, дакументаў і відэа.
У тым ліку нейрасетка будзе супастаўляць злівы даных з імёнамі карыстальнікаў і іх фатаграфіямі, мабільнымі тэлефонамі, адрасамі. Будзе праводзіцца аналіз і іншых звязаных супольнасцяў у розных сацсетках, блогах і вэб-сайтах, а таксама праверка па базах даных падаткаплацельшчыкаў і вывучэнне крыптакашалькоў», — пішуць «Известия».
Стваральнікі нейрасеткі адзначылі, што іх прадукт пачне працаваць паўнавартасна ў 2024-2025 гадах. Аднак, паводле іх меркавання, «Таварыш маёр» усё адно не зможа справіцца з усімі аспектамі сачэння.
«Аўтары ананімных Telegram-каналаў умеюць хаваць свае лічбавыя сляды і для гэтага ёсць усё неабходнае. Многія з іх знаходзяцца за межамі Расіі ці выкарыстоўваюць VPN, хаваюць або падмяняюць свой IP-адрас, а самі акаўнты могуць быць зарэгістраваныя на замежныя нумары тэлефонаў.
Напрыклад, адзін канал могуць весці адразу некалькі чалавек, якія знаходзяцца ў розных пунктах свету. Збор навін у іх часта ажыццяўляецца з дапамогай ботаў, якім адпраўляюць інфармацыю мноства розных карыстальнікаў. І наўрад ці «Таварыш маёр» зможа ў гэтым усім разабрацца», — перадаюць «Известия».
Нагадаем, што ўжо пісалі пакрокавую інструкцыю, як стварыць ваш тэлеграм-акаўнт нанова на віртуальны нумар, каб зрабіць яго бяспечным.
Яшчэ па тэме Telegram:
У Telegram цяпер можна мяняць голас падчас званкоў. Як гэта працуе?
Як працуюць боты, якімі карыстаюцца губазікаўцы, і чаму не варта ў іх пісаць «дзеля жарту»
Як чытаць незалежныя СМІ і не падстаўляцца — падрабязны гайд