Эвалюцыя гэтых звыклых кветак стварае пагрозу экасістэме

Эвалюцыя ў нас на вачах: скарачэнне папуляцый насякомых-апыляльнікаў аказала ўздзеянне на кветкі, прынамсі, на браткі. Для адаптацыі спатрэбілася ўсяго некалькі дзясяткаў гадоў. Гэта стварае заганнае кола, якое можа мець больш шырокае ўздзеянне на экасістэму.

21.12.2023 / 19:24

Дзікія браткі. Фота: Anna Yu / Getty Images

Як піша Le Monde, вучоныя з Універсітэта Манпелье параўналі чатыры папуляцыі браткоў (Viola arvensis), якія выраслі ў дзікай прыродзе ў нашы дні, з кветкамі, вырашчанымі з насення, што было сабрана ў 1990-2000-х гадах і захоўвалася ў Нацыянальнай батанічнай кансерваторыі Парыжскага басейна (CBNBP). Сваімі назіраннямі яны падзяліліся на старонках часопіса New Phytologist.

Вынікі параўнання аказаліся нечаканымі. Браткі, якія сёння растуць на палях, прыкладна на 10% меншыя, чым іх суродзічы 20-30 гадоў таму. Яны таксама вырабляюць прыкладна на 20% менш нектару, што зніжае іх прывабнасць для насякомых-апыляльнікаў.

Па словах даследчыкаў, такія змены можна патлумачыць адаптацыяй кветак да зменаў у навакольным асяроддзі. А менавіта — скарачэннем колькасці насякомых-апыляльнікаў. І гэта, як адзначаюць вучоныя, не з'яўляецца добрай навіною ні для раслін, ні для іх апыляльнікаў.

Кветкавыя расліны, якія сёння складаюць больш за 90% усіх відаў раслін на Зямлі, абавязаныя сваім эвалюцыйным поспехам менавіта дамове, якую яны дзясяткі мільёнаў гадоў таму заключылі са сваімі партнёрамі-насякомымі.

У абмен на нектар насякомыя забяспечваюць перанос пылку з адной кветкі на іншую, забяспечваючы тым самым магчымасць іх перакрыжаванага апылення. Менавіта ў ім сакрэт масавага распаўсюджвання кветкавых раслін з моманту іх зʼяўлення больш за 200 мільёнаў гадоў таму.

Але з-за скарачэння колькасці насякомых-апыляльнікаў гэты спосаб размнажэння становіцца ўсё больш цяжкім. Так, адно з даследаванняў, якое было праведзена ў запаведніках Германіі, паказала, што за 27 гадоў (з 1989 па 2016) агульная колькасць біямасы насякомых, што патрапілі ў пасткі, знізілася на 75%.

З-за адсутнасці дастатковай колькасці насякомых-апыляльнікаў кветкі вымушаны выкарыстоўваць іншую стратэгію — самаапыленне. Такая магчымасць закладзена прыродай. Большасць кветак двуполыя. Але калі самаапыленне кветак з насення 20-30-гадовай даўнасці складала 55%, то цяпер — звыш 80%.

Вучоныя адзначаюць, што пераход да самаапылення зʼяўляецца кароткатэрміновым запасным рашэннем, але яно прыводзіць да скарачэння генетычнай разнастайнасці, што ў перспектыве знізіць здольнасць раслін да адаптацыі.

У той жа час такая эвалюцыя раслін уплывае і на насякомых-апыляльнікаў. Змяншэнне даступнасці пажыўных рэсурсаў — нектару — стварае для іх дадатковую пагрозу і можа яшчэ больш паскорыць скарачэнне колькасці. Такім чынам, утвараецца заганнае кола, што ў выніку можа мець больш шырокае ўздзеянне на экасістэму.

Чытайце яшчэ:

Навукоўцы высветлілі, як выглядала першая кветка на Зямлі

«Найлепшы сувенір з замежнай паездкі — не магніт ці статуэтка, а насенне». Ляснік з Жодзіна стаў фермерам і пасадзіў лесасад з экзатычнымі дрэвамі

Насякомыя — ежа, вартая ўвагі. У Еўропе пачынаюць іх прасоўваць у выглядзе мукі

Антось Жупран