Азаронак напісаў ліст Сталіну: «Пакланюся табе. Вышэй за цябе толькі Бог»

У сваім лісце прапагандыст не толькі ўсхваляе дыктатара, але і праводзіць паралелі з сучаснай Беларуссю.

22.12.2023 / 13:13

Фота: AP Photo/Alexander Zemlianichenko

Ліст да Сталіна Азаронак надрукаваў у «Мінскай праўдзе». У ім ён звяртаецца да свайго куміра на «ты», бо лічыць, што такі зварот — знак «вялікай павагі і амаль жадання пазнаць Цябе і тваю эпоху», якая, як сцвярджае прапагандыст, «пераследуе яго ўсё жыццё».

Па словах Азаронка, Сталін для яго — Цар, Імператар, Уладар паловы свету, які ўспрымаў сябе як прарока, цалкам адмовіўся ад сябе, добра знаў чалавечую прыроду, усяму знаў цану і ведаў, што ўсе тыя, хто вакол, здрадзяць і аплююць.

Прапагандыст абараняе свайго куміра ад абвінавачванняў у жорсткасці і тыраніі. Па яго словах, Сталін здолеў падняцца на самую вяршыню на хвалі страшэннай смуты, перайграўшы сваіх энергічных і шалёных саратнікаў дзякуючы сваёй незаўважнасці і спакою.

Азаронак параўноўвае часы Сталіна з сітуацыяй у сённяшняй Беларусі. На гэтым ён будуе сваё сцвярджэнне ў праваце дыктатара:

«У нас развяліся і дыверсанты, і шпіёны, і шкоднікі, і сабатажнікі, і інтэлігенцыя павяла сябе так, як ты гаварыў. І ўсё гэта нізкапаклонства бачым. Ты ва ўсім меў рацыю».

Усё, што ні рабіў Сталін, для Азаронка напоўнена вялікай мудрасцю і дальнабачнасцю. Яго кумір «адгадаў усе даты», згарнуў НЭП і «павёў народ па пустыні калектывізацыі», «уступіў у схватку з усім кантынентам» і выйграў вайну. Не забыўся прапагандыст і пра атамную бомбу, дзякуючы якой «мы і цяпер жывыя».

Азаронак захапляецца Сталіным, які «стаў уладыкам паловы свету — ад Берліна да Пекіна», якая потым абрынулася.

І сёння Украіна, якую, па словах прапагандыста, Сталін «як немаўля песціў на сваёй хворай руцэ, стала пачварай». А вось у Беларусі — «ёсць твая Лінія» і бюст.

«Я пакланюся табе, Правадыр. Я абвяргаю ўсе паклёпы на цябе. Вышэй за цябе толькі Пан Бог… Судзіць цябе толькі Пану. Магчыма, ты працягваеш з ім спрэчку. Але дакладна — у раі», — заяўляе Азаронак у канцы свайго ліста.

Чытайце яшчэ:

У Азаронка і Лазуткіна спыталі, ці стане Беларусь часткай Расіі. Адказ і логіка нечаканыя

Бягун раскрытыкаваў Азаронка: Ашалелы папулізм, памножаны на стэрэатыпную прапаганду

Азаронак знайшоў свой стыль — гэтае адзенне добра адлюстроўвае сутнасць прапаганды

Nashaniva.com