Жыхарка Светлагорска ў шоку ад падарунка ад прафкама
Беларусы ў тыктоку хваляцца тым, якія салодкія падарункі ім далі для дзяцей на працы. Але не ўсім пашчасціла атрымаць добры набор цукерак. Адна з супрацоўніц дзіцячага садка ў Светлагорску распавяла, што яе дзіцяці прафкам падарыў дзве танныя шакаладкі Alpen Gold.
24.12.2023 / 20:49
Блогерка зняла распакоўку падарунка ад прафкама — але відэа пад навагоднюю музыку атрымалася вельмі кароткім. Бо ў маленькім пакеціку нават і паказаць не было чаго. «Навагодні падарунак дзецям!!! Работнікам дзіцячага сада г. Светлагорска!!! ДЗЯКУЙ ПРАФКАМУ!!!» − мяркуючы па колькасці клічнікаў у подпісе да роліка, падарунак жанчыну хутчэй абразіў, чым парадаваў.
За два дні відэа набрала амаль паўмільёна праглядаў і выклікала актыўную дыскусію. Канешне, знайшліся тыя, хто пачаў пісаць, што трэба радавацца таму, што далі хоць нешта. «Што не так? Чаго вы чакалі?» — пацікавілася адна з каментатарак. Атрымаўшы адказ ад аўтаркі відэа: «Падарунак у скрыначцы, хаця б 500 грам», — яна, здаецца, пакрыўдзілася і напісала: «Хаця б? Маглі б нічога не падарыць».
Іншыя абураліся, што за год пералічваюць у прафкам членскімі ўзносамі нашмат большую суму, чым кошт дзвюх шакаладак.
«Нам на Новы год не дарылі падарункі. Аргументам было тое, што збіраюць на пуцёўку для ўсяго калектыву на экскурсію. Спойлер: нікуды мы не паехалі і падарункаў няма», − паскардзілася яшчэ адна каментатарка.
З’явіліся ў каментарыях і тыя, хто сам працуе ў прафкаме. Адна жанчына прапанавала блогерцы заняць месца старшыні прафкама і ў наступным годзе падарыць кожнаму супрацоўніку па «Ферары». «Сама з гэтым сутыкалася. Пакуль выплаціш на нараджэнне, на юбілей, на пахаванне, грошай зусім не застаецца, а яшчэ пакінуць на 23 Лютага і 8 Сакавіка таксама трэба», − дадала яна.
Яшчэ адна супрацоўніца прафкама таксама паскардзілася: «Я старшыня, даплаты за гэта не атрымліваю. З памагатых толькі скарбнік, усё астатняе сама. Дастала жудасна. Цяпер да Новага года давалі сертыфікаты на 300 рублёў, гэта не лічачы цукерак дзецям і білетаў, і то некаторыя абураліся, што можна было і ў іншую краму, гэта не падабаецца».
Нехта параіў блогерцы выйсці з прафкама, але яна адказала, што гэта немагчыма. Іншыя каментатары пачалі дзяліцца ўласным досведам:
«Магчыма, але гэтаму будуць перашкаджаць і пагражаць звальненнем», «Я пасля першага года працы ў дзіцячым садку выйшла з прафсаюза. З цукерак былі практычна ўсе ледзяшы, яшчэ і на пакет фасовачны трэба было здаць», «На кантракце не моцна выйдзеш, калі хочаш працаваць. Начальніка пакараюць. Унёскі ідуць 60% на патрэбы прафсаюза, 40% у райкам прафсаюза», «У нас як толькі выйдзеш, адразу пазбаўляешся ўсіх прэмій і надбавак».
Чытайце таксама:
Каўбасы, сыры, грашовыя сертыфікаты. Што паклалі работнікам заводаў у навагоднія падарункі
Ролю «найлепшых людзей горада» на сустрэчы з Лукашэнкам у Ветцы выконваў прафсаюзны актыў