«Еўрапейская да мозгу касцей». Нямецкі аналітык лічыць, што Беларусь у будучыні ўступіць у ЕС
Якаб Валенштайн, кіраўнік беларускага офіса Фонду Конрада Адэнаўэра, напісаў артыкул, прысвечаны Беларусі і яе перспектывам уступлення ў Еўрасаюз.
26.12.2023 / 09:14
Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце. Фота Офіса Святланы Ціханоўскай
У сваім артыкуле Валенштайн піша, што, хаця на дадзены момант гэта гучыць утапічна, але ў доўгатэрміновай перспектыве далучэнне краіны да Еўрасаюза было б у еўрапейскіх палітычных інтарэсах, бо Беларусь шмат у якіх сэнсах еўрапейская краіна.
Краіны ЕС рыхтуецца да наступных выбараў у Еўрапарламент, якія адбудуцца ў чэрвені 2024 года, контуры палітычнага ландшафту Еўропы змяняюцца, а народ Беларусі апынуўся ў самым цэнтры значных геапалітычных зрухаў.
Дэкларацыя аб перспектыве сяброўства Беларусі ў Еўрапейскім Саюзе, прынятая дэмакратычнымі сіламі ў жніўні 2023 года на канферэнцыі «Новай Беларусі», сведчыць аб смелай пераарыентацыі з арбіты Расіі на еўрапейскую траекторыю, піша нямецкі аналітык.
На думку Якаба Валенштайна, гаворка не толькі пра геаграфію. У гістарычным і культурным плане беларуская нацыя таксама глыбока еўрапейская.
Рост Вялікага Княства Літоўскага ў 14 стагоддзі, у цэнтры якога знаходзілася Беларусь, роля гэтай дзяржавы ў эпоху Адраджэння і яе наватарскі канстытуцыяналізм у 18 стагоддзі падкрэсліваюць унутраную еўрапейскую ідэнтычнасць Беларусі.
Беды XX стагоддзя, войны і таталітарызм, нанеслі глыбокія раны Беларусі, аднак устойлівая еўрапейская сутнасць нацыі засталася некранутай. Падзенне камунізму і наступныя спробы наладзіць адносіны з Захадам прынеслі пэўныя пробліскі свабоды і нацыянальнага адраджэння, якое змянілася аўтарытарным рэжымам і неасавецкім кіраваннем прэзідэнта Лукашэнкі.
Нягледзячы на прарасейскую арыентацыю рэжыму Лукашэнкі, у настроях беларускага грамадства назіраецца прыкметны зрух.
У той час як апытанні яшчэ ў 2018 годзе паказвалі, што каля 60% беларусаў выступаюць за больш цесныя сувязі з Расіяй, пры канцы 2020 года гэтая лічба ўпала ніжэй за 40% на фоне жорсткага падаўлення пратэстаў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў.
Таксама паказальна, што абсалютная большасць беларусаў, маладзейшых за 45 гадоў, схіляюцца да заходніх дэмакратычных сістэмаў і каштоўнасцяў: аж да 60% людзей да 30 гадоў прытрымліваюцца гэтага пункту гледжання.
Чытайце таксама: Кансалідацыя без сцяга. Беларускае грамадства добра трымаецца перад расійскай прапагандай — даследаванні
Такім чынам, Дэкларацыя аб перспектыве сяброўства Беларусі ў Еўрапейскім саюзе адлюстроўвае памкненні насельніцтва, якое хацела б аднавіць сувязі з Еўропай.
Аднак стратэгічная пераарыентацыя Беларусі — не просты працэс. Расія прывязала да сябе беларускую эканоміку.
Дэмакратычная апазіцыя Беларусі прызнае неабходнасць істотных геапалітычных зрухаў як перадумовы членства Беларусі ў ЕС. Гэта можа стацца як у выніку ўнутраных канфліктаў у Расіі ў выпадку, скажам, паразы ў вайне, так і дэмакратычных перамен у самой Беларусі.
Са свайго боку, ЕС мусіць гарантаваць, што Беларусь не застанецца сам-насам з праблемамі падчас пераходнага перыяду, і прадэманстраваць, што ён гатовы падтрымаць яе. Такая падтрымка, у сваю чаргу, пашырыць праеўрапейскія настроі сярод беларусаў.
Беларусь з яе адукаваным насельніцтвам, з развітымі сектарамі ІТ і электронікі, з прыхільнасцю да ўстойлівага развіцця можа ў будучыні стаць каштоўным партнёрам ЕС.
Яе патэнцыйнае сяброўства можа нават натхніць дэмакратычныя рухі ў суседняй Расеі.
Зараз ЕС стаіць перад стратэгічным рашэннем: ці можа ён прапанаваць Беларусі нейкую цікавую альтэрнатыву, каб яна далучылася да еўрапейскай сям’і. Далучэнне Беларусі да еўрапейскай сям'і праз дыялог і падтрымку яе прадэмакратычных элементаў з'яўляецца неадкладным прыярытэтам, які закладвае аснову для больш цесных сувязяў з перспектывай уступлення Беларусі ў ЕС.
Чытайце таксама:
Еўропа ніколі не будзе ў бяспецы, калі Беларусь застанецца ў кіпцюрах Расіі — Ціханоўская