Грамадства2727

Кансалідацыя без сцяга. Беларускае грамадства добра трымаецца перад расійскай прапагандай — даследаванні

Грамадства па-ранейшаму супраць вайны і мае шмат патэнцыялу. Такія аптымістычныя высновы падказваюць даследаванні, зробленыя Беларускай аналітычнай майстэрняй сацыёлага Андрэя Вардамацкага. Разам з ім і нямецкім аналітыкам Якабам Валенштайнам «Наша Ніва» вывучала настроі. «Прыхільнікаў Расіі ў Беларусі прыкладна 30 працэнтаў», — мяркуе ён.

2023 год. Надпіс Аzарёнок на смеццевым баку

Як беларусы ставяцца да вайны ва Украіне

Пачынаем з самай паказальнай лічбы — як беларусы ставяцца да магчымасці ўводу нашых войскаў на тэрыторыю Украіны. Каля 80—85% рэспандэнтаў адказалі, што яны супраць гэтага. Валенштайн называе гэты паказчык ашаламляльным.

Пры гэтым аналітык адзначае, што адказы на іншыя пытанні дэманструюць большую раз'яднанасць у грамадстве. Напрыклад, на пытанне «Як вы ставіцеся да выкарыстання тэрыторыі і вайсковай інфраструктуры Беларусі для рэалізацыі ваенных дзеянняў Расіі ва Украіне?» большасць усё яшчэ адказвае «адмоўна» (больш за 60%), але такіх людзей нашмат менш, чым тых, хто выступае супраць прамога ўдзелу Беларусі ў вайне.

Таксама задавалася пытанне пра размяшчэнне расійскіх войскаў і пра тое, ці падтрымліваюць гэта беларусы. Вядома, ёсць людзі, якія сумняваюцца ці зусім не адказваюць на гэта пытанне, але адказы ўсё адно блізкія — каля 40 працэнтаў «за» і прыкладна столькі ж — «супраць».

Якаб Валенштайн тлумачыць, што такія лічбы могуць быць звязаныя з прарасійскімі настроямі. Таксама з-за прапаганды частка беларусаў баіцца нападу НАТА. Таму, як кажа Валенштайн, для кагосьці можа быць добра, калі расійскія войскі знаходзяцца ў Беларусі, бо гэта не дае вайне прыйсці ў краіну, нават калі расійскія войскі гэтым людзям не падабаюцца.

Што да варыяцый адказаў у розных сацыяльных групах, то звычайна чым лепшая адукацыя, тым большая ў чалавека праеўрапейская арыентацыя, чым старэйшы чалавек — тым больш прарасійская арыентацыя. Заходнія рэгіёны краіны звычайна былі больш праеўрапейскія, але цяпер могуць быць адрозненні, бо адтуль эмігравала больш людзей, чым з усходу краіны.

Што да стаўлення беларусаў да вайны ва Украіне, то прафесар Вардамацкі прапануе канцэпцыю «кансалідацыя без сцяга».

Пра тое, што грамадства кансалідаванае ў сэнсе негатыўнага стаўлення да магчымасці ўваходу беларускага войска ва Украіну, сведчаць яскравыя вынікі апытанняў, але чаму гэта кансалідацыя без сцяга? Бо няма на палітычнай арэне такой асобы, якая была б сцягам нацыі, як Зяленскі для Украіны. 

Валенштайн таксама характарызуе настрой у Беларусі як кансалідаваны. Гэта ж уласціва і ўспрыманню вайны: беларусы хутка зрабілі высновы наконт падзей ва Украіне і не надта іх змяняюць.

«Па выніках добра відаць, што людзі не хочуць, каб беларуская армія ўступіла ў вайну, і не прызнаюць, што Беларусь дэ-факта ўжо стала саўдзельніцай вайны. Людзі выказваюць жаданне заставацца нейтральнымі нават у пытаннях, дзе гэта супярэчыць рэальнасці.

Напрыклад, адно з пытанняў было пра тое, ці мусіць Беларусь стаць членам пэўнага вайсковага альянсу, і больш за палову апытаных сказалі, што не хочуць бачыць Беларусь ні ў водным такім альянсе. Але Беларусь уваходзіць у склад АДКБ, і з такіх вынікаў лагічна зрабіць выснову, што палова беларусаў выступае за выхад з АДКБ. І толькі 30% адзначылі, што яны згодныя са знаходжаннем Беларусі ў складзе АДКБ. На мой погляд, прыкладна столькі і складае колькасць прыхільнікаў Расіі ў Беларусі», — мяркуе аналітык.

Вардамацкі, у сваю чаргу, адзначае, што большасць беларусаў хацелі б мець статус па-за геапалітычнымі саюзамі. Таксама сацыёлаг заўважае, што рэспандэнты па-рознаму ставяцца да розных саюзаў. Калі казаць толькі пра саюз, то ў адказах адны прапорцыі, а калі ў фармулёўцы пытання ўдакладніць, што гаворка пра вайскова-палітычны саюз, то павялічваецца колькасць тых, хто жадае быць па-за саюзамі. 

«У Беларусі шмат людзей з вышэйшай адукацыяй. Калі нацыя дасягае такой лічбы, яна гатовая да дэмакратыі»

У колькасных даследаваннях, з якімі працуе Беларуская аналітычная майстэрня, выбарка складае каля тысячы грамадзян Беларусі ад 18 гадоў. У тым ліку гэта і сельскае насельніцтва — значная частка беларусаў, каля пятай часткі ўсяго насельніцтва, і іх меркаванне значна адрозніваецца ад меркавання гарадскіх жыхароў, удакладняе навуковец.

Што да якасных даследаванняў, яны сведчаць пра матывацыю людзей — чаму рэспандэнты абіраюць той ці іншы варыянт. Вардамацкі прыводзіць у прыклад адказ на пытанне, каго беларусы лічаць вінаватымі ў вайне: «На першай пазіцыі знаходзіцца Расія, а на другой — Злучаныя Штаты. Але важна, што Расія ідзе з невялікім адрывам ад другога месца, то-бок мае каля 25%, а Злучаныя Штаты набіраюць каля 20%. Ёсць і іншыя варыянты адказу: некаторыя рэспандэнты называюць вінаватай у вайне Украіну. 

Калі падчас якаснага даследавання пытаешся ў чалавека, хто выклікаў вайну, ён часам кажа: «Так, Расія вінаватая, бо яна ўвайшла на тэрыторыю Украіны. Але і Украіна вінаватая, там дрэнныя генералы і ёсць карупцыя, Злучаныя Штаты ўмешваюцца ў справу, і Кітай, вядома». То-бок чалавек проста пералічвае ўсіх асноўных геапалітычных гульцоў, а сістэмнага разумення ў яго няма».

Якаб Валенштайн адзначае, што амаль ніхто з беларусаў не абвінаваціў у вайне Еўрасаюз (каля 2%), вельмі мала людзей выбралі і варыянт «заўсёды вінаватыя абодва бакі» (менш за 1%). Пытанне пра віну задавалі два разы: калі поўнамаштабная вайна пачалася і летам 2023-га, — і другі раз значна больш людзей адказалі «не ведаю». На думку аналітыка, прапаганда так дзейнічае на людзей, што яны пачынаюць сумнявацца ў сваіх высновах. 

«Гэта падаецца такім чынам, быццам праблема дужа складаная і звычайны чалавек не ў стане ў гэтым разабрацца. У глыбінных інтэрв’ю рэспандэнты кажуць: маўляў, гэта не маё пытанне, я маленькі чалавек і гэтага не разумею, у нас ёсць вялікі кіраўнік, які ў гэтым разбіраецца. То-бок чалавек дэлегуе камусьці наверх фарміраванне свайго погляду, і гэта праяўленне пазіцыі, што палітыка і яе абмеркаванне — гэта не сфера дзейнасці простага чалавека. Гэта адрозніваецца ад больш прасунутага грамадства, дзе большая колькасць людзей імкнецца мець свой пункт гледжання», — дапаўняе Вардамацкі.

Калі пытаешся ў людзей, чаму для іх нармальна, што расійскія войскі знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, чуеш у адказ: «Яны нас абараняюць» ці «Яны нас абароняць», як расказвае сацыёлаг. Пытаешся, ад каго ці чаго абараняюць, і не чуеш канкрэтнага і аргументаванага адказу — абараняюць ад чагосьці абстрактнага. 

Што да менш прамых пытанняў пра вайну, то Вардамацкі адзначае пранікненне ў масавую свядомасць расійскага наратыву. З аднаго боку, ёсць рэзістэнтнасць беларусаў перад расійскай прапагандай. Яна тлумачыцца ў тым ліку адукаванасцю беларусаў. «Наша краіна з’яўлялася апошнім звяном усесаюзнага зборачнага цэха, напрыклад, Трактарны завод супрацоўнічаў з 1800 прадпрыемствамі. На апошняй стадыі канвеера трэба мець самых адукаваных людзей, а

чым лепшая адукацыя ў чалавека, тым больш ён устойлівы да прапаганды. 

Таксама ў Беларусі шмат людзей з вышэйшай адукацыяй — 25%. Калі нацыя дасягае такой лічбы, то яна гатовая да дэмакратыі. Акрамя таго, калі ідзе шмат прапаганды ў адзін бок, надыходзіць момант, калі чалавек перастае ўспрымаць гэтую інфармацыю як нешта сапраўднае. Беларускае грамадства мае таксама магчымасць атрымліваць з дапамогай інтэрнэту розныя меркаванні, хаця гэта цяпер і ўскладняецца блакаваннем непраўладных рэсурсаў», — кажа Вардамацкі. 

Пры гэтым, як папярэджвае навуковец, нельга недаацэньваць уплыву прапаганды. Ён звяртае ўвагу на каласальную прысутнасць расійскіх медыя ў Беларусі і лічыць, што такога моцнага інфармацыйнага выкліку перад беларусамі даўно не было. Да 2020-га года геапалітычны выбар беларусаў быў абумоўлены медыя, якія працавалі ўнутры краіны, а цяпер пазіцыю беларусаў вызначае знешняе ўздзеянне.

Валенштайн пагаджаецца з тым, што беларусы ўстойлівыя да прапаганды, і ў доказ гэтага звяртае ўвагу на два паказчыкі. Першы з іх — пытанне, каго вінаваціць у вайне: з лютага 2022-га прапаганда актыўна спрабуе дыскрэдытаваць Украіну і Захад, але паказчыкі па гэтым пытанні не надта змяняюцца.

Другая рэч — геапалітычная арыентацыя. «Шмат беларусаў не хацелі б яе выбіраць, ім бліжэйшая ідэя застацца нейтральнымі. Але калі ўсё ж адказваць на гэтае пытанне, то ў 2018-м каля 60% людзей выказваліся за Расію, а ў 2020-м гэты паказчык знізіўся да 40%. Галасы за еўрапейскі выбар, наадварот, раслі, і восенню 2020-га за гэты варыянт ужо выступала больш беларусаў, чым за Расію. Потым гэты паказчык знізіўся, магчыма, праз расчараванне: людзі чакалі, што Еўрасаюз больш падтрымае пратэсты, чым гэта насамрэч адбылося. Прарасійскія настроі пачалі расці, але яны не перавысілі паказчык 2018 года, і ў гэтым бачная ўстойлівасць беларусаў перад прапагандай.

То-бок, нягледзячы на тры гады пастаяннай прапаганды, на закрыццё ўсіх незалежных медыя і забарону працы журналістаў, празаходнія настроі ў Беларусі застаюцца» — кажа Вардамацкі і дадае, што цягам некалькіх апошніх замераў спыніўся рост прарасійскіх геапалітычных арыентацый, так праяўляецца рэзістэнтнасць масавага грамадскага меркавання да прапаганды. 

«Радок гімна пра тое, што беларусы — мірныя людзі, дагэтуль праўдзівы»

Валенштайн нагадвае, што такія аптымістычныя лічбы былі сабраныя ўнутры краіны. Сотні тысяч беларусаў эмігравалі, і гэта найбольш актыўныя людзі, лідары меркаванняў. Нягледзячы на гэта, усё яшчэ менш людзей, чым у 2018-м, гатовыя выбраць Расію. На думку аналітыка, гэта вельмі моцны паказчык, што грамадства скіравана ў бок беларускасці, што яго не цікавіць рускі свет.

Вардамацкі згодны, што, калі дадаць да прапанаваных лічбаў даныя па дыяспары, лічбы моцна зменяцца, бо дыяспара мае дужа кансалідаваную пазіцыю і наконт ваенных пытанняў, і наконт прысутнасці расійскіх войскаў з ужываннем інфраструктуры, і наконт геапалітычнай арыентацыі. Практычна ўся дыяспара, 95—97%, арыентаваная на праеўрапейскі выбар.

Каб апісаць розніцу паміж грамадскай думкай дыяспары і беларусаў унутры краіны, Вардамацкі прапануе канцэпцыю двух коканаў. Вось як яна гучыць: «На прыкладзе стаўлення да вайны бачныя два інфармацыйныя коканы — унутры краіны і звонку.

Пазіцыю дыяспары можна сфармуляваць формулай «не вайне», а кокан унутры Беларусі характарызуецца формулай «няма вайны». Беларусы ўнутры краіны не адчуваюць, што ва Украіне ідзе трагічная, жорсткая вайна, да іх трапляе мала інфармацыі.

Калі яна і даходзіць, то ў больш мяккім выглядзе: маўляў, ідзе вайна толькі высокадакладнай зброяй і толькі па «дрэнных хлопчыках» — «бандэраўцах» і «нацыстах». 

У рэальным жыцці людзі не бачаць праяў гэтай вайны, таму ў іх узнікае ўяўленне, што яе няма. Вялікая праблема для дэмакратычных сіл — тое, што практычна немагчыма перайсці з аднаго кокана ў іншы», — кажа сацыёлаг.

Ці можна давяраць даным, сабраным у цяперашняй Беларусі, якая стаіць на шляху да таталітарызму? Вардамацкі пагаджаецца, што існуе эфект сацыяльнай пажаданасці або ўплыў страху ў грамадстве на адказы рэспандэнтаў. Але гэты страх, як удакладняе навуковец, не распаўсюджваецца на ўсе групы пытанняў. Людзі бянтэжацца адказваць, за каго яны галасавалі, і на іншыя звязаныя з выбарамі пытанні. Аднак на пытанні пра геапалітыку і стаўленне да вайны людзі адказваюць свабодна, тут страху няма. 

Валенштайн нагадвае не спяшацца з высновамі па інтэрпрэтацыі даных. Напрыклад, возьмем пытанні аб прысутнасці расійскіх войскаў і геапалітычнай арыентацыі — у людзей падчас адказаў на гэтыя пытанні можа быць зусім розная матывацыя. Ці калі ў людзей пытаюцца пра Еўрасаюз як пра варыянт геапалітычнага партнёрства, яны могуць адказаць, што такі варыянт зараз немагчымы. Маўляў, краіна знаходзіцца ў сферы ўплыву Расіі, дык навошта выбіраць фантазію? Калі б у людзей насамрэч быў выбар, не факт, што вынікі былі б такімі ж.

«Раблю выснову, што мы, еўрапейцы, мусім павялічыць інвестыцыі ў камунікацыю з Беларуссю, у працу з беларускім насельніцтвам. Мусім паказаць яму, што ставімся да Беларусі сур’ёзна, і калі прыйдзе момант, мы хацелі б супрацоўнічаць з Беларуссю. 

Мы бачым, што беларусы вельмі адрозніваюцца ад расіян, а таксама што яны не падтрымліваюць вайну. Магчыма, частка з іх стала ахвярамі прапаганды, але большасць людзей жадаюць трымацца далёка ад вайны, проста ў іх не так шмат выбару. У працы з беларусамі шмат патэнцыялу, нягледзячы на тры гады прапаганды і рэпрэсій. І радок гімна пра тое, што беларусы — мірныя людзі, дагэтуль праўдзівы.

Беларусы — не такія, якімі іх хоча падаць расійская прапаганда», — падсумоўвае Валенштайн.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Які горад жыхары Беларусі лічаць найлепшым для жыцця? Спойлер: гэта не Мінск

Апытанне: 45% беларусаў, якія з'ехалі ў Польшчу, плануюць там застацца

Новае даследаванне паказала, што большасць беларускай моладзі выступае або за нейтралітэт, або за ўступленне ў НАТА

Каментары27

  • 80% супраць Лукашэнкі і нічога яны не зробяць.
    22.10.2023
    І так, народ усе паказаў у 2020, якая падтрымка ў 3% і якая ў дэмакратыі. А зараз сацапытанні - прафанацтва, у краіне дзе тэлефонныя запісы захоўваюцца як і адкрытая інфармацыя з інтэрэнту
  • Шанс есть
    22.10.2023
    Не будет россии, не будет и лукашенки с пособниками
  • Паштет с Баранавичау
    22.10.2023
    Ага, а дзе важныя личбы - напр. колькасць рэспандэнтау? Геаграфия? Прафесия? Сто пудоу пыталися у беластоцких беларусау и разбавили виленскими, 200 чалавек у тоталу. Адарванае гэта усе ад праудзивага беларускага грамадства.

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»17

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі6

Жыхара Брэста, які хадзіў на палітычныя працэсы, асудзілі на сем гадоў5

Зяленскі пазбавіў звання заслужанай артысткі спявачку, з якой спяваў Лукашэнка10

Жонка Верамейчыка: Паспеў напісаць дачцэ адно слова — дэпартацыя1

У Беларусі забаранілі маркіза дэ Сада і гісторыю Беларусі19

Расія з сакавіка паставіла Паўночнай Карэі мільён барэляў нафты — гэта ў 10 разоў больш, чым афіцыйна летась1

«Белавія» праводзіць распродаж квіткоў. Што можна ўзяць па акцыі?

Лукашэнка прапанаваў вярнуць Лінгвістычнаму ўніверсітэту ранейшую назву32

Пачаўся суд над кіраўніком ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыем Кучуком

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»17

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →