Асобных чэргаў больш няма. Што змянілася ў праходжанні мяжы

Да нядаўняга часу грамадзяне ЕС на некаторых пунктах пропуску маглі заехаць, абмінаючы агульную чаргу. Гэта дазваляла эканоміць вельмі шмат часу. Выглядае, шчыліну прыкрылі.

27.12.2023 / 11:45

Ілюстрацыйны здымак. Фота: скрыншот з відэа

Магчымасць праехаць па-за чаргой была ў пунктах пропуску «Прывалка», «Катлоўка», «Камены Лог» на мяжы з Літвой і цяпер закрытых «Брузгах» на мяжы з Польшчай. А, напрыклад, у пунктах пропуску «Беняконі» і «Брэст» асобных палос для руху грамадзян ЕС няма, таму ўсе стаялі ў адной чарзе і раней.

Яшчэ да 22 снежня грамадзяне любой краіны ЕС мелі права заязджаць на тэрыторыю пункта пропуску і станавіцца адразу ў асобны канал для грамадзян ЕС. У той жа час, уладальнікі беларускіх і іншых пашпартоў стаялі ў агульнай чарзе на ўезд.

Як паведамляюць чытачы, з 22 снежня літоўскі бок рашыў не падзяляць чаргу перад пунктам пропуску па прынцыпе грамадзянства. Падарожнікі мяркуюць, што на такія захады яны пашлі праз павелічэнне колькасці канфліктных сітуацый паміж грамадзянамі розных краін.

«Беларусы незадаволеныя тым, што грамадзяне ЕС заязджаюць на пункт пропуску, не стоячы ў агульнай чарзе, пачалі ладзіць на мяжы разборкі з «еўрапейцамі» з прыцягненнем паліцыі», — кажа чытач.

Іншы чытач распавядае, што быў сведкам таго, як пасля ўвядзенне новых правіл беларуска з польскім пашпартам усё адно аб'ехала чаргу ў спадзеве на тое, што яе прапусцяць, як і раней.

«Яна прастаяла перад шлагбаумам у «Прывалцы» («Райгардас») некалькі гадзін, але літоўскія пагранічнікі ўсё адно не прапусцілі яе без чаргі. Памежнік прынёс ёй для азнаямлення нейкую пастанову на літоўскай мове, дзе нібыта была інфармацыя пра гэтыя змены ў правілах», — распавядае чытач.

Іншы чытач, з літоўскім грамадзянствам, які раней ездзіў у Беларусь праз «Катлоўку», распавёў, што праз гэтыя змены паездка ў Беларусь заняла ў яго каля 30 гадзін, калі раней ён перасякаў мяжу максімум за 8 гадзін.

Беларусы з пашпартамі ЕС у абмеркаваннях гэтых новаўвядзенняў спадзяюцца, што гэтыя меры часовыя і калі ажыятаж спадзе, то яны зноў змогуць ездзіць праз мяжу як і раней.

Чытайце таксама:

«За 20 хвілін прайшоў абедзве мяжы». У тыктоку дзеляцца лайфхакамі, як хутка трапіць у Беларусь на навагоднія святы

Кіроўцы ад адчаю сталі сігналіць. Што адбываецца на беларуска-польскай мяжы ВІДЭА

Nashaniva.com