Тайвань пашырыў абмежаванні на экспарт тэхналогій у Беларусь і Расію

Тайвань пашырыў абмежаванні на экспарт тавараў высокіх тэхналогій у Беларусь і Расію, паведамляе Міністэрства эканомікі гэтага вострава. Паводле яго, абмежаванні зрабілі больш жорсткімі «для прадухілення выкарыстання высокатэхналагічных тавараў Кітайскай Рэспублікі ў вайсковых мэтах».

26.12.2023 / 19:02

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Jawed Gfx / vecteezy.com

У новы тайваньскі пералік трапілі 45 тавараў, прызначаных для вытворчасці паўправаднікоў, некаторых відаў хімічных рэчываў і медыкаментаў.

«Нядаўна ЕС, ЗША і іншыя міжнародныя саюзнікі сабралі абломкі зброі з поля бою ва Украіне і апублікавалі «супольны высокаарытэтны спіс» электронных і механічных дэталяў ды абсталявання, якія шырока выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах і могуць быць выкарыстаныя для вытворчасці зброі. У экспартны спіс уключана 45 тавараў па кодзе ТН ЗЭД (таварная наменклатура знешнеэканамічнай дзейнасці)… Міністэрства таксама прыняло рашэнне пашырыць экспартны кантроль у дачыненні да 45 тавараў па кодзе ТН ЗЭД», — удакладнілі ў ведамстве.

Абмежаванні ўступяць у дзеянне з 25 студзеня 2024 года.

Упершыню тайваньскім вытворцам забаранілі пастаўляць Мінску і Маскве абсталяванне для вытворчасці паўправаднікоў вясной 2022 года. А ў студзені 2023 года Тайвань пашырыў абмежаванні на экспарт высокатэхналагічных тавараў у Беларусь. У спіс трапілі 52 тавары, а таксама хімічныя рэчывы. Абмежаванні закранулі станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, электраразрадныя станкі і кантролеры, а таксама дубінкі, кайданкі, уціхамірвальныя кашулі. Таксама ўлады Тайваня ўзялі пад кантроль экспарт у Беларусь датчыкаў, чыпаў, паўправаднікоў, лазераў, тавараў аэракасмічнай прамысловасці.

Чытайце таксама:

У расійскім маніторы знайшлі «чып айчыннай вытворчасці», які прыпаялі толькі для справаздачнасці 

Тайвань, яго крэмніевы шчыт, сакрэты і першая лэдзі з Беларусі. Вялікі рэпартаж Арцёма Гарбацэвіча пра востраў, які паставіў свет у залежнасць ад сябе

Няма «найлепшага», ёсць толькі «яшчэ лепшы». На Тайвані вырабляюць дысплэі новых тыпаў

Nashaniva.com